АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Павел Тапузідзіс — адзін з найбагацейшых людзей краіны, уладальнік «Тытунь-Інвеста», сеткі крамаў «Карона» ды іншых кампаній

Павел Тапузідзіс — адзін з найбагацейшых людзей краіны, уладальнік «Тытунь-Інвеста», сеткі крамаў «Карона» ды іншых кампаній
19.02.2018
Тапузідзіс адказаў на пытанні «Нашай Нівы» пра біткойны, беларускую мову і мачанку.

Два гады таму Вы дэкларавалі намер стаць даляравым мільярдэрам, наколькі вы наблізіліся да мэты?

  Павел Тапузідзіс: Калі абяцаў, то, відаць, сам не разумеў, што маю на ўвазе. Мільярдэр — гэта калі ў цябе на рахунку мільярд? Або калі актывы столькі каштуюць, або яшчэ як?

 

Таму скажу так: спадзяюся, сёлета абарот кампаніі перавысіць мільярд даляраў.

 

Зарабіць мільярд вельмі цяжка. Як? Толькі працай. Канечне, мае значэнне колькасць насельніцтва краіны, у якой працуеш, плацежаздольнасць… Але шансы зарабіць мільярд ёсць у кожнай краіне. А формулу поспеху даўно, яшчэ Карл Маркс прыдумаў, тут я нічога новага не скажу.

 : Часта ў публічнай прасторы гучаць скаргі на ўмовы вядзення бізнэсу ў краіне. Асабліва моцна з боку іпэшнікаў: у прыватнасці, наракаюць на падаткі, засілле кантралёраў. Што вы пра гэта думаеце?

 

Павел Тапузідзіс: Каб вось так казаць, што ёсць нейкія перашкоды з боку дзяржавы ці падатковай сістэмы… Гэтага няма! Я ж таксама ў саюзе прадпрымальнікаў, цяпер вось распрацоўваецца новы Падатковы кодэкс — і мне яго даслалі, каб я яго вывучыў, выказаў думкі.

 

Што трэба змяніць, каб людзі займаліся бізнэсам? На гэтае пытанне кожны дасць свой адказ, тэарэтычны. Вось, маўляў, падаткі высокія. Дык давайце глянем — а што вы зарабляеце? Няўжо вы лічыце, што 100% рэнтабельнасці ці нават 50% — гэта мала?

 

У 1990-я, калі гандлявалі ў намётах, увогуле ніхто не разумеў, што трэба плаціць падаткі. І вось глядзіце — намёты засталіся намётамі, а тыя, хто разумеў, што трэба плаціць падаткі, перайшлі на іншы ўзровень. Разумееце, калі чалавек займаецца толькі адной сваёй справай, то ён вузка глядзіць. А дзяржаве даводзіцца з усіх гледзішчаў глядзець…

 

Немагчыма стварыць для рытэйлу добрыя ўмовы, а для вытворчасці — кепскія, усе павінны быць у роўных умовах. І я трымаюся думкі, што ў нас ідуць пазітыўныя змены, на нарадах у прэзідэнта гэта прагаворваецца.

 

 А што б вы яшчэ падкрэслілі па выніках нарадаў у Лукашэнкі?

 

Павел Тапузідзіс: Прэзідэнт кажа ўвесь час пра тое, што ён гатовы да нейкіх паслабленняў — і мы ж нядаўна іх прынялі, тыя паслабленні [гаворка пра Дэкрэт аб развіцці прадпрымальніцтва — «НН»]. Але ён і кажа, каб гэта не было марна. У мяне з ім заўсёды канкрэтныя дыялогі, ён вельмі прадуктыўны. Дзяржава ідзе да таго, каб аб’ём бізнэсу ў эканомікі краіне павялічваўся — іншага выхаду няма. А што да ўмоваў, то, па вялікім рахунку, што трэба для бізнэсу? Каб быў парадак, каб свае грошы можна забраць, каб была ўпэўненасць, што іх ніхто не прысабечыць.

 

 Але былі ж скандалы з тым жа «Керамінам», «Спартаком»… Ну і незразумела, што ж з маёмасцю Чыжа.

 

Павел Тапузідзіс: У мяне ёсць бізнэс, і, на шчасце, ніколі не было спробаў дзяржавы яго адабраць. І не варта тут казаць пра нейкі «дах», бо «дах» азначае, што вы нешта парушаеце і плаціце камусьці, хто заплюшчвае на гэта вочы.

 

Паўтаруся, што ў большасці выпадкаў мы крычым аб праблемах, калі самі сабе іх ствараем. Ну і на публіку, як правіла, выносяцца чужыя памылкі, а не свае — наадварот, калі нехта ў нечым сам вінаваты, то ён спрабуе гэта прыхаваць.

 

Скажыце тады, калі мы дойдзем да рынку? Вядома ж, што існуе праблема дзяржаўных прадпрыемстваў, на якіх засяроджана вялікая колькасць работнікаў, якія ва ўмовах рынку неканкурэнтаздольныя. У той жа час іх неэфектыўная работа рэгулярна падточвае эканоміку, не дае развівацца.

 

Павел Тапузідзіс: Я з надзеяй гляджу на тое, што падрастаюць маладыя людзі, якія хочуць не атрымліваць палучку, а менавіта зарабляць. Я бачу на сваім досведзе, што цяпер і людзі працуюць іначай, чым 20 год таму. Як у той песні — кінулі піць, навучыліся рабіць. Канечне, ёсць шмат нюансаў пры ўваходзе новага бізнэсу на поле, дзе ўжо ёсць дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта стварае канфлікт інтарэсаў, але я не бачу тут нейкіх невырашальных праблем.

 

Дзяржава абавязаная ствараць умовы для развіцця як прыватнага, так і дзяржаўнага бізнэсу. Але і важна, каб умоўны Васіль з завода меў магчымасць атрымліваць хаця б якія грошы, а не проста апынуўся на вуліцы. Тут я звярну ўвагу на сваю галіну: дзяржава не ўкладвала грошы ў прыватныя гандлёвыя сеткі, гэта зрабіў бізнэс, гэта ўсё ўзнікла самастойна — «Еўраопт», «Суседзі», «Рублёўскі»… Так, у некаторых выпадках людзі выкуплялі ці арандавалі штосьці ў дзяржавы, а яна ішла на саступкі, бо сама з гэтым працавала кепска.

 

І тады зажыве нейкі стратны завод, калі на яго прыйдзе, даруйце, нейкі Павел Георгіевіч, і здолее пабудаваць рэнтабельную вытворчасць і, наколькі гэта магчыма, зберагчы людзей. Бо чым болей ты маеш, тым больш думаеш пра тых, хто табе тыя грошы зарабляе — адзін жа ты не зможаш.

 

Словам, у нас гэты працэс, пра які вы кажаце, ідзе крок за крокам. Я не кажу, што ўсё бездакорна, недзе хацелася б паскорыць, але прыклады нашых суседзяў паказваюць, што не заўсёды паскарэнне больш прыбытковае, чым павольнае развіццё. Але адназначна, што трэба развіваць бізнэс, рэкламаваць, не ставіцца да яго, як да чагосьці варожага.

 

То ў чым вам бачыцца прычына таго, што інвестыцыі слабавата ідуць?

 

Павел Тапузідзіс: Магчыма, інвестыцыі сапраўды не ў тых аб’ёмах, якія хацелася б. Можа быць, не хапае гарантый ад урада ці прэзідэнта, недзе не хапае рэкламы…

 

Але і што такое інвестыцыя? Калі табе ставяць умову, напрыклад, захаваць профіль купленага завода, каб усе там працавалі? Інвестыцыя робіцца не так! Трэба, каб я бачыў нейкі перспектыўны раён і хацеў працаваць там на агульных умовах, а не з нейкімі агаворкамі.

 

Але я вось з Грэцыі інвестараў не прыводжу. У мяне логіка такая — навошта кагосьці запрашаць, хто будзе тут працаваць замест мяне.

 

 Ну а што думаеце пра крыптавалюты, токены, біткойн?

 

Павел Тапузідзіс: Сёння рэальнасць такая, што мы за ўсё плацім: калі вы сваю карту ўставіце ў банкамат, каб зняць сумленна атрыманы заробак, то вы за гэта плаціце і часам самі таго не ведаеце. Абменьваючы еўра на рублі, вы таксама плаціце. А крыптавалюта дазваляе любому мець кашалёк і не плаціць нікому ніякіх працэнтаў! Але яна і вельмі празрыстая і ясная, нічога там не схаваеш. Таму тут можна знайсці і плюсы, і мінусы.

 Крыптавалюты — гэта жарт з фінансавай структуры свету. Калі яны здолеюць пазбегнуць падаткаабкладання, абысці ціск уладных структураў, якім гэта нявыгадна, то гэта стане сапраўды альтэрнатыўнай фінансавай сістэмай.

 

Але мала проста намайніць біткойн, трэба яго і ачалавечыць, так бы мовіць. Біткойн існуе ў сваім свеце, а мы — у сваім, дзе разлічваемся рублямі ці далярамі. Трэба канвертаваць гэта ўсё, і калі можна будзе ў «Карону» прыйсці і за біткойн купіць нешта, тады можна будзе гаварыць пра крыпта- як пра паўнавартнасную валюту.

 Але ці надыйдзе такі час? У банкаўскіх колах дагэтуль не разумеюць прынцыпаў дзеяння біткойна — кажуць, што ён нічым не забяспечаны. Той жа мільярдэр Сорас казаў, што ў яго разуменні біткойн — гэта бурбалка.

 

Павел Тапузідзіс: Ну а даляры? Яны забяспечаныя? Я б сказаў, што прынята лічыць, што яны забяспечаныя. Бурбалка і тое, і тое, але з любой бурбалкі можна нешта стварыць. Як запрацаваў біткойн? Нейкі чалавек прыдумаў алгарытм, да яго далучыўся другі, трэці, чацвёрты захацеў гэта купіць, як толькі ўзнік механізм куплі-продажу, гэта з’ява перастала быць нічым, хаця, па сутнасці, гэта паветра. І калі аб’ём крыптавалют складзе, напрыклад, $500 мільярдаў, то ўсе сістэмы будуць вымушаныя іх прызнаць. Сіла ўзнікае ад колькасці людзей, якія гэтым карыстаюцца, а не ад сцвярджэнняў, што нешта нечым забяспечана. Зрэшты, ехаць з Мінска ў Нямеччыну і не купляць там еўра, губляючы грошы на курсе, проста выгадна.

 

Дык а ў вас ёсць біткойны?

 

Павел Тапузідзіс: Ёсць, недзе на 80 тысяч рублёў. Я набыў іх даўно, справа была такая: сын аднаго знаёмага скардзіўся, што бацька не хоча купіць яму моцны камп для нейкіх там мэтаў. Ён пачаў расказваць мне пра гэта ўсё [крыптавалюты], што яны некалі вырастуць у цане… Ну і я купіў іх у яго, каб падтрымаць хлопца.

 

Канечне, я тады не асабліва ва ўсё гэта верыў, бо, калі б верыў, то ўжо даўно стаў бы мільярдэрам.

 

А ў што б вы яшчэ ўклаліся, калі б ведалі будучыню?

 

Павел Тапузідізс: Камп’ютарныя гульні, праграмы, напэўна, вось у гэта… А таксама пачаў бы займацца харчаваннем. Не продажам, а перапрацоўкай.

 

Бо ў нас сёння прадукты фактычна робіць дзяржава, доля прыватнага бізнэсу маленькая. Гэта і добра, з аднаго боку, бо калі дзяржава кіне гэту сферу — бізнэс бы не даў рады падхапіць такі аб’ём. Але я за тое, груба кажучы, каб рабіць смачную каўбасу. Вось у мяне ёсць знаёмы, ён робіць сала. І я раней нічога ў сале не цяміў: якая павінна быць скура, якая перарослінка, якое што… А ў яго… ну проста неймавернае! Але ён робіць толькі для сябе і сяброў. А чаму мы не можам рабіць гэта для ўсіх?

 

Чаму парным малаком не можам гандляваць у супермаркетах? Чаму на базары можна, а ў супермаркеце нельга? Я быў бы гатовы прадаваць.

 

Мы адкрытыя для фермераў — калі яны робяць унікальны, смачны прадукт, то хай прапануюць яго «Кароне». І гэта не проста словы, а законы ўжо падцягнуцца.

 

Вы так зацята абараняеце натуральнае…

 

Павел Тапузідзіс: Канечне, я тут скрыўлю душой, калі скажу, што змагаюся за здароўе нацыі — гэта перадусім бізнэс, я хацеў бы, каб чарга стаяла па тое свежае малако. Але гледзячы ў будучыню, я ўпэўнены, што такія тавары будуць карыстацца попытам. Зрэшты, ну гатавалі ж усё жыццё беларусы сабе ежу!

 

Я пытаюся, бывае, што такое мачанка? І мне па-рознаму тлумачаць! Мяне гэта злуе! Быў у рэстаране адным, кажу, што ў вас беларускага ёсць? Мачанка. Ну класна, прынясіце яе. Прыносяць — там бліна няма! А дзе блін? Блін, кажуць, робім, калі асобна замаўляюць. Ну добра, прынясіце і блін. Мачанку нельга без бліна есці. А ў мяне ж яшчэ мусяць спытаць, з якога я раёна Беларусі, які мне блін — тоўсты ці тонкі? Я мачанку на блін выкладваю ці блін у мачанку?

 

Калі казаць пра нацыянальную кухню, то і ў вашых рэстаранах назіраецца такое, што нацыянальныя стравы з інгрэдыентаў, якіх тут багата — скажам, клёцкі — каштуюць даражэй за сушы.

 

Павел Тапузідзіс: Гэта няправільна. Гэтае пытанне ўвесь час трэба падымаць. Я люблю беларускую кухню, я б хадзіў яе есці. Хай СМІ прапагандуюць нацыянальную кухню, а бізнэс падцягнецца — вы ж [Наша Ніва] з 1906 года існуеце, прапагандуйце і стаўце пытанне, чаму клёцкі даражэйшыя за сушы. Калі б у мяне быў час, я б хадзіў і кантраляваў.

 

Хочацца вылаяцца: што, твае бацькі сушы елі? А бабулі ў цябе ёсць увогуле, а вёска? Паеш ты сушы раз на месяц, а іншы час еш сваё, што расце на тваёй зямлі.

 

І нават дзяўчыне, якая дбае аб фігуры, можна патлумачыць, што ў абед можна клёцкі есці і нічога не здарыцца — гэта будзе правільна.

 

Але я супраць паслабленняў для тых, хто будзе займацца нацыянальнай кухняй. Ведаеце чаму? Бо пад гэтай эгідай пачнуць рабіць штосьці абсалютна іншае. Патрэбны роўныя ўмовы — калі вы прыходзіце да мяне абедаць і замаўляеце клёцкі, то я гляджу на гэта ўжо як бізнэсмен.

 

Калі ўжо загаварылі пра нацыянальнае, то вось такі факт: у краінах Захаду прынята ўкладваць грошы ў культуру, калі іх забагата. Але і ў нас бываюць прэцэдэнты: памятаеце, як некалькі банкаў спаборнічалі паміж сабой за тое, хто найлепшую выставу арганізуе? А што вы робіце, ці маеце жаданне падтрымліваць беларускую культуру?

 

Павел Тапузідзіс: Я абяцаў, што я гатовы падтрымліваць. Сваю мову трэба прапагандаваць.

 

Зрэшты, ад таго што мы напішам на білбордах як называюцца ажыны і кавуны па-беларуску, сітуацыя не зменіцца — ажыны і кавуны ўвогуле ў Беларусі не раслі, калі ўжо так казаць. Можна і падручнік выдаць па беларускай мове, я гатовы.

 

Ці чулі, што Таварыства беларускай мовы хоча заснаваць прэмію за ўнёсак у беларушчыну, яны шукаюць мецэната. Ці гатовыя б вы былі такое падтрымаць?

 

Павел Тапузідзіс: Чаму б і не? Адзінае, не хацеў бы, каб гэта было нейкай палітычнай дубінкай, і каб радыкалізму не было. Або мы ідзем у тандэме ў тым, дзе мы абодва згодны, або нічога не варта рабіць. Калі трэба арганізаваць прэмію, каб падтрымаць чалавека, які заахвочвае да мовы, прыгожа яе падносіць, прапагандуе — гэта выдатна, я згодны.

 

Але без радыкалізму: кожны з нас хоча, каб нашая краіна жыла спакойна і правільна.

 

***

 

Павел Тапузідзіс

Нарадзіўся у 1956 у Грузіі. Мае грэчаскія карані. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў па выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Уласнік кампаніі «Тытунь-­Інвест», сетак гіпермаркетаў «Карона» і «Карона-­Тэхна», гатэля «Робінсан Клаб». Жанаты, мае сына.


Дата стварэння навіны 19.02.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку