АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Хто гатовы ехаць у Данбас міратворцам? Трэба 10 тысяч беларускіх вайскоўцаў

Хто гатовы ехаць у Данбас міратворцам? Трэба 10 тысяч беларускіх вайскоўцаў
18.02.2018
Беларускія міратворцы гатовыя стаць паміж канфліктуючымі бакамі ва Ўкраіне пры дамоўленасці паміж Парашэнкам і Пуціным, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка пасля галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў найхутчэйшым вырашэнні канфлікту на Данбасе.

 

Пра беларускіх міратворцаў на Данбасе

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты канфлікт або вайна (не ведаю, хто як гэта называе), каб гэта ўсё хутчэй скончылася, спынілася», – перадае словы Лукашэнкі БелТА.

 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі б Беларусі даручылі згуляць нейкую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, яна б выконвала усё неабходнае, не займаючы нічыю пазіцыю.

 

«Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду выразна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж – я стану, дамовіцеся вывесці 10 тысяч узброеных сілаў Беларусі – мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце. Але я не змагу зрабіць тое, пра што вы не дамовіцеся. У адваротным выпадку з нашай міратворчасці плёну не будзе, калі мы зоймем чыюсьці пазіцыю», – заявіў Лукашэнка.

 

Ён сказаў, што яшчэ ў першы год канфлікту Беларусь накіравала свае прапановы па ўрэгуляванні. Аднак у Бруселі іх у той час не прынялі.

 

«І я цяпер лічу, што многія еўрапейцы зацікаўлены ў гэтым канфлікце, як бы яны сябе ні прыбіралі ў міратворцаў. Калі б прынялі – быў бы варыянт. Сёння вярнуліся часткова да таго, што я прапаноўваў: давайце і беларусаў уключым (гэта НАТО прапануе), таму што ім нібыта давярае Расея».

 

Пра мінскую перамоўную пляцоўку

«Гэтую тэму ў сродках масавай інфармацыі разгарнулі, да скандалу дайшло. Я ведаю, што нікуды гэтая пляцоўка не дзенецца. Няўжо еўрапейскія праблемы хтосьці паедзе ў Азію вырашаць?» – спытаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Паводле яго слоў, беларускі бок пагадзіўся на гэтую місію, паколькі сам зацікаўлены ў больш хуткім вырашэнні канфлікту.

 

«Калі знайшлі вялікую пляцоўку – дык гасподзь з імі! Мы сваю ролю ўжо, шчыра кажучы, згулялі. Якія б ні былі менскія пагадненні, вайну спынілі», – лічыць Лукашэнка.

 

Ён прызнаў, што людзі ў зоне канфлікту гінуць да гэтага часу. Але пасля таго, як стартавалі перамовы ў беларускай сталіцы, «ужо не ў такіх маштабах», як было спачатку. Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі будуць дасягнуты дамоўленасці аб пераносе перамоваў у іншыя сталіцы, беларускі бок не будзе гэтаму пярэчыць.

 

«Мы асабліва не перажываем за тое, што пайшлі гэтыя размовы. Гэта для мяне не навіна. Хто-небудзь хоча Нобелеўскую прэмію міру атрымаць, нехта яшчэ чаго-небудзь хоча. Але хацець не шкодна, трэба разумныя прапановы ўносіць, каб увесь свет не смяяўся», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Пры гэтым Лукашэнка ўпэўнены, што пытанне аб пераносе перамоваў па Украіне не абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Казахстана.

 

Пра перасяленцаў

Паводле Лукашэнкі, наступствы канфлікту на Данбасе адбіваюцца і на Беларусі.

 

«Мы сербанулі бяды, дай бог», – сказаў ён.

 

Таксама Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што ў Беларусь за час канфлікту, толькі паводле афіцыйных дадзеных, прыбылі прыкладна 160 тыс. украінцаў.

 

«Я падаў усім роўныя ўмовы з беларусамі, то бок бясплатную ахову здароўя, бясплатную адукацыю, дзіцячыя садкі і іншае, камунальныя паслугі і ўсё, як у Беларусі. Вы думаеце, нам танна гэта абышлося? Не. Але людзі патрапілі ў бяду», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

 па інф. Белсат

 

 

 

 

 



Дата стварэння навіны 18.02.2018

Возврат к списку

cashback