АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Маці касманаўта Навіцкага: Я ведала расклад руху касмічнай станцыі

Маці касманаўта Навіцкага: Я ведала расклад руху касмічнай станцыі
18.02.2018
Пра тое, што сын любіць неба, маці ведала заўсёды. Але не здагадвалася, не адчувала чамусьці, што галоўная мэта яго – дабрацца да арбітальнай вышыні.

Пра тое, што сын любіць неба, маці ведала заўсёды. Але не здагадвалася, не адчувала чамусьці, што галоўная мэта яго – дабрацца да арбітальнай вышыні. Алег шкадаваў бацькоў, стараўся лішнім разам не трывожыць, не ўзрушваць іх. Таму ніколі не хваліўся ні новымі пасадамі, ні чарговымі прызначэннямі. Нават пра залічэнне ў атрад касманаўтаў сказаў з напускной абыякавасцю, быццам жартам: «Палячу ў космас!», піша mlyn.by

Будучы касманаўт Алег Навіцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 года ў гарадку Чэрвені, што ў 60 кіламетрах ад Мінска. Цяпер ва ўтульным доме на вуліцы Барыкіна жыве яго мама, Валянціна Эдуардаўна. Сціплая ўсмешлівая жанчына з добрымі яснымі вачыма, гледзячы ў якія, ўсё ж цяжка зразумець, шчасце ў іх свеціцца ці трывога за сына.

 

– Дагэтуль не ведаю, адкуль у яго такая любоў да авіяцыі, – распавядае Валянціна Навіцкая. – Ваенных у нашым родзе не было: я па прафесіі закройшчыца, муж апошнія гады працаваў вадзіцелем. Хутчэй за ўсё прыкладам стаў стрыечны брат Ігар, які старэйшы за Алега. Той адразу пасля школы паступіў у Барысаглебскае ваеннае лётнае вучылішча. На канікулы прыязджаў у прыгожай курсанцкай форме, шмат распавядаў пра лётчыкаў і неба.

 

Калі ў старэйшых класах трэба было станавіцца на ўлік у райваенкамаце і атрымліваць прыпісное пасведчанне, Алег прайшоў адразу раённую, затым абласную камісію. Прызнаўся, што прыдатны для паступлення ў ваеннае вучылішча. Бацькі не адгаворвалі: едзь, сынок, паспрабуй!

– Лёс пакідаў Алега па вучылішчах, – працягвае маці. – Паступаў у Барысаглебскае, што з развалам Савецкага Саюза трапіла пад скарачэнне, прадоўжыў вучобу ў Ейскім, а выпускаўся ўжо з Качынскага, дзе атрымаў размеркаванне ў той жа Барысаглебск. Але ў якім бы вучылішчы сын ні быў, усюды яго любілі. Пра гэта гаварылі сябры і з Украіны, і з Далёкага Усходу, якія прыяз­джалі да нашага «бульбашонка» (так звалі Алега ў вучылішчы) у госці.

 

Валянціна Эдуардаўна толькі спраўлялася запамінаць месцы службы старэйшага сына: Валгаград, Будзёнаўск, Моніна, дзе ён быў ужо разам з жонкай Юляй.

– Алег ніколі не спяшаўся хваліцца ні новымі прызначэннямі, ні пасадамі, – прызнаецца Валянціна Навіцкая. – Мы апошнімі даведаліся, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях у Чачні і быў прадстаўлены да ўзнагарод, што паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію імя Юрыя Гагарына, аб якой увесь час марыў.  Дый пра сваё залічэнне ў атрад касманаўтаў ён сказаў неяк жартам: «Палячу ў космас».

Што Алегу прысвоена кваліфікацыя «касманаўт-выпрабавальнік» і ён праходзіць падрыхтоўку як камандзір карабля, бацькі таксама даведаліся з газет. Праплакалі ўвесь вечар.

– Гэта цяпер я ўжо дасведчаная і смелая, – смяецца Валянціна Эдуардаўна, – а тады ўсё для мяне было як кітайская грамата. І толькі пасля паездкі ў Зорны гарадок усвядоміла: усё праўда, мой сын 156 дзён будзе ў космасе.

 

– А на Байканур хацелася? – пытаюся.

– Адразу сказала сыну: распараджайся намі так, як табе зручна, – успамінае

маці. – Маладыя вырашылі, што туды паляціць малодшы наш сын Дзіма, а я паеду ўжо на стыкоўку ў Цэнтр кіравання палётамі. І сёння не магу забыцца пра тое велізарнае памяшканне з экранамі на ўсю сцяну, мноствам камп’ютараў і людзей. Было бачна, як рухаецца па сваёй арбіце Міжнародная касмічная станцыя і як да яе набліжаецца Алегаў карабель. А сам ён пасля стыкоўкі ў станцыю не ўвайшоў – «уплыў». І першае, што я падумала: «Жывы!»

З касмадрома Байканур да Міжнароднай касмічнай станцыі карабель «Саюз ТМА-06 М» пад кіраўніцтвам ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага адправіўся 23 кастрычніка 2012 года і знаходзіўся там да 16 сакавіка 2013 года. А 17 лістапада 2016 года, прайшоўшы дзяржаўную медыцынскую камісію Расіі і спецыяльную падрыхтоўку, беларус зноў узначаліў экспедыцыю на МКС.

Валянціна Эдуардаўна кажа, што ніколі яны з мужам нават не думалі пра тое, што сын узнімецца так высока. Любілі яго, стараліся, каб рос здаровым, быў сапраўдным мужчынам і ніколі не забываўся пра родны кут і бацькоўскі дом. Усё яно неяк так і атрымалася.


– Пасля смерці мужа дом наш апусцеў, – уздыхае маці касманаўта, – але я ніколі не бываю адна. Малодшы сын Дзіма жыве і працуе ў Мінску, там жа і дачка Марына. Графік работы ў іх зменны, таму гасцю­юць у мяне не толькі ў выхадныя. Ды і ўнукі не даюць засумаваць. Летам, а таксама на канікулах любяць бавіць час у Чэрвені. Святое гэтае месца і для Алега, які пры любой магчымасці стараецца прыехаць, дапамагчы з мужчынскай работай. У нас жа і гаспадарка ёсць, і агарод свой, таму памочнікі патрэбныя заўсёды. Паправіць плот – калі ласка, пасекчы дровы – таксама без праблем. Усё ўмее наш касманаўт, з усім можа справіцца.

А паедзе – ізноў баліць мацярынскае сэрца, зноў прагне спаткання і сустрэчы, хаця б на некалькі гадзін.

 

– Калі сын быў у космасе, на століку ля майго ложка ляжаў расклад руху касмічнай станцыі на бягучы тыдзень, – прыгадвае Валянціна Эдуардаўна. – Заўсёды ведала, калі яна будзе пралятаць над Чэрвенем. Будзільнік не заводзіла – лёгка падымалася і ў дзве гадзіны ночы, і ў чатыры раніцы. Усунуўшы ногі ў загадзя падрыхтаваныя валёнкі, бегла на вуліцу. Стаяла да таго часу, пакуль станцыя не схаваецца за гарызонт. Махала ёй рукой і, гледзячы ў высокае зорнае неба, радавалася. Сустрэча адбылася, у сына ўсё добра!..



Дата стварэння навіны 18.02.2018

Возврат к списку

cashback