АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Міхаіл Жамчужны намераны звяртацца ў ДВП аб пераводзе ў іншую калонію

Міхаіл Жамчужны намераны звяртацца ў ДВП аб пераводзе ў іншую калонію
17.02.2018
8 лютага скончыўся месячны тэрмін утрымання палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ папраўчай калоніі №9 г. Горкі. Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», у гэты ж дзень ён атрымаў чарговае спагнанне – 10 сутак змяшчэння ў ШІЗА.

Міхаіл Жамчужны. Здымак «Радыё Свабода»

  

Прычына ранейшая: адмова пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. Гэта ўжо 19-е спагнанне, накладзенае на Міхаіла Жамчужнага са жніўня 2017 года пасля пераводу ў горацкую калонію.

 

Падчас знаходжання Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ яго двойчы наведваў прадстаўнік Магілёўскай абласной пракуратуры, рэагуючы на скаргі аб непрадастаўленні адміністрацыяй калоніі бяспечных умоваў утрымання, а таксама на скаргі аб пагрозах з боку спецкантынгенту, якія, па меркананні палітвязня, арганізаваны адміністрацыяй. Праверка пакуль не завершана.

 

У пракуратуру і адміністрацыі калоніі накіраваны скаргі адносна нападу на Міхаіла Жамчужнага 24 студзеня невядомым у чорных акулярах, чорнай шапцы і пальчатках у калідоры санчасткі выпраўленчай установы. Аператыўныя супрацоўнікі калоніі ўжо ўзялі тлумачэнні палітвязня, але вынікі праверкі інцыдэнту пакуль невядомыя.

 

Няма пакуль і вынікаў праверкі фактаў, звязаных з некалькімі эпізодамі харчовага атручвання Міхаіла Жамчужнага, якія мелі месца ў канцы снежня 2017 года і 28 студзеня бягучага года. 12 лютага па дадзеных эпізодах з палітвязнем сустракаліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі пасля атрыманых скаргаў ад праваабаронцаў. Зараз Жамчужны пастаўлены медыкамі на чаргу на правядзенне рэнтгену страўніка.

 

Міхаіл Жамчужны актыўна абскарджвае накладзеныя на яго спагнанні і ў судовым парадку. Атрымаўшы на днях з упраўлення ДВП па Магілёўскай вобласці адмову ў задавальненні скаргі на вынесеныя спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года (4 верасня – адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 16 кастрчніка – 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка – пяць сутак ШІЗА), палітвязень накіраваў скаргу па дадзеных спагнаннях у Горацкі раённы суд.

 

У гэты ж суд накіравана таксама скарга на вынесенае 23 студзеня бягучага года спагнанне ў выглядзе 3 сутак ШІЗА (яно было вынесена падчас знаходжання Жамчужнага ў ПКТ, падставай адміністрацыя назвала невыкананне прыборкі памяшкання).

 

На 10 гадзін раніцы 5 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне Горацкага раённага суда ад 2 студзеня, які адмовіў у задавальненні скаргі на папярэднія 3 спагнанні, вынесеныя ў жніўні 2017 года. 

 

Адстойваючы сваю чалавечую годнасць і змагаючыся за бяспеку жыцця і здароўя, Міхаіл Жамчужны намераны бліжэйшым часам звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў аб пераводзе яго з ПК №9 г. Горкі ў іншае месца адбыцця пакарання, паведамляе spring96.org


Дата стварэння навіны 17.02.2018

Возврат к списку