АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

14 і 23 лютага, а таксама 8 сакавіка - ілюзія ці псеўдасвяты?

14 і 23 лютага, а таксама 8 сакавіка - ілюзія ці псеўдасвяты?
14.02.2018
Набліжаюцца даты, якія многія традыцыйна адзначаюць: 14 і 23 лютага, 8 сакавіка. Хутка стужкі інстаграма і іншых сацсетак запоўняцца задаволенымі тварамі закаханых: вось ён прэзентаваў ёй букет руж — і яна шчаслівая, смяецца ў кадры.

Такі сцэнар чакае тых, хто мае партнёра на дадзены момант. Але што рабіць тым, у каго партнёра няма?

 

Тут падключаюцца цынічныя маркетолагі. У байнэце ўжо як тыдзень працуюць сэрвісы па арэндзе кветак, цацак і нават пакетаў з лагатыпамі вядомых брэндаў. Што яны прапануюць? Замовіць гэтыя рэчы з дастаўкай на 15 хвілін за 30 рублёў, каб сфатаграфавацца з імі. Навошта? Каб «сяброўкі зайздросцілі, былы хлопец раўнаваў, а інстаграм стаў прывабным».

 

 Летась такімі паслугамі актыўна карысталіся ў Расіі, а сёлета энтузіясты, якія хочуць «скасіць» грошы на святах, запусцілі іх у Беларусі.

 

Па нашай просьбе псіхолаг Цэнтра паспяховых адносін Сяргей Жадзько выказаў сваё меркаванне наконт чарговай святочнай гонкі, падчас якой людзі гатовыя хлусіць, каб не выглядаць самотнымі і непаспяховымі ў вачах сяброў і падпісантаў.

 

 — Само сабой, перад любымі святамі, хай гэта Новы год або Дзень святога Валянціна, з’яўляецца шмат рэкламы з закаханымі парачкамі, сем’ямі з падарункамі ў руках. Гэта відавочная масавая маніпуляцыя. І маркетолагі ствараюць такія кампаніі спецыяльна, бо зацікаўленыя ў продажы пэўных тавараў.

 

Тыя ж, хто прапаноўваюць падарункі ў арэнду, паступаюць вельмі цынічна: яны гуляюцца з чалавечай няўпэўненасцю і нелюбоўю да сябе. Але, пагадзіцеся, кожны з нас сам нясе адказнасць за свой выбар, за сваё жыццё. Чаму ж людзі вядуцца на падобныя маніпуляцыі?

 

У першую чаргу, тыя, хто карыстаецца паслугамі сэрвісаў з падарункамі ў арэнду, як я і казаў, дэманструюць нелюбоў да сябе, няўпэўненасць. У іх няма ўласнага меркавання, таму для іх важны водгук так званай рэферэнтнай групы.

 

Другі момант звязаны з нарцысізмам і самалюбаваннем — хваробай нашага часу: пафатаграфавацца і выставіць сябе на ўсеагульны агляд. Чаму людзі гэта робяць? Таму што не адчуваюць сябе цэласнымі.

 

Яны пазіцыянуюць сябе як рэчы, і ў большасці сваёй да іншых таксама ставяцца як да рэчаў. Ім блізкія ідэалы і каштоўнасці, звязаныя з масавай культурай: у мяне ёсць ружы, падарункі, ёсць бойфрэнд (ці дзяўчына), хай і толькі фармальна, — і я сябе адчуваю ўпэўнена. Але насамрэч гэтыя індывіды глыбока няшчасныя: тут няма разумення гарманічных адносін, імкнення да здольнасці любіць перш за ўсё самога сябе. Гэта не любоў, а самападман. Ты дэманструеш камусьці несапраўдную паспяховасць, але хлусіш сабе і ўсё мацней заганяеш сябе ў ілюзію таго, што ўсё добра.

 

Чалавек як можа самасцвярджацца? Здорава і дэструктыўна. Пры другім варыянце, каб адчуць сваю ўладу і значнасць, чалавеку патрэбныя матэрыяльныя рэсурсы: грошы, рэчы. Але гэта нездарова. Здарова — гэта рэалізоўваць свой унутраны патэнцыял, самаўдасканальвацца, даваць нешта сабе і свету.

 

Увогуле, усе гэтыя даты, на мой погляд, з’яўляюцца псеўдасвятамі. Ствараецца ілюзія: сёння 14 лютага, вось табе падарунак — гэта значыць, што я цябе кахаю. Калі кахаюць, на мой погляд, не прывязваюцца да нейкіх дат. Пачуцці выказваюцца, сыходзячы з унутранага стану, а не дат.

 па інф. Наша Ніна 



Дата стварэння навіны 14.02.2018

Возврат к списку