Чым цяпер займаюцца тэлепрапагандысты 1990-х і 2000-х

Юры Азаронак: аўтар «Дзяцей хлусні» ўтойвае месца працы
Чым запомніўся. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юры Азаронак стаў шырока вядомы пасьля таго, як у 1995 годзе зьняў дакумэнтальны фільм «Нянавісьць: дзеці хлусні», у якім параўноўваў апазыцыю з калябарантамі і актыўна выкарыстоўваў архіўную кінахроніку пэрыяду нацыстоўскай акупацыі.
Стужка зьявілася на тэлеэкранах напярэдадні першага ў гісторыі сувэрэннай Беларусі рэфэрэндуму, які зьмяніў статус беларускай мовы і скасаваў гістарычную сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»,
Пасьля Азаронак выпусьціў яшчэ прапагандысцкія фільмы «Закуліса» і «Таемныя спружыны палітыкі» — акурат перад рэфэрэндумам 1996 году і прэзыдэнцкімі выбарамі 2001-га.
Азаронак, з якім судзіліся апазыцыйныя палітыкі, а Мікола Статкевіч нават даў яму поўху, загадваў літаратурна-драматычнай рэдакцыяй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі (НДТРК) і інфармацыйным аддзелам Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, быў прэс-сакратаром Генпракуратуры Беларусі (якую тады ўзначальваў Віктар Шэйман), а ў 2005 годзе дасягнуў кар'ернага піку — быў прызначаны намесьнікам старшыні НДТРК.
Што робіць цяпер. Пасьля Азаронак, які называў сябе «чалавекам прэзыдэнта» і атрымаў ад Лукашэнкі званьне «Заслужаны дзяяч культуры Рэспублікі Беларусь», кіраваў тэлеканалам для глухіх «Жэст-ТВ»
У студзені 2014 году ў інтэрвію «Народнай Волі» ён паведаміў, што працуе ў аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Упраўленьня справамі прэзыдэнта, якое тады ўзначальваў Шэйман.
Аднак цяпер у размове з карэспандэнтам Свабоды ва Ўпраўленьні не прыгадалі такога супрацоўніка і сказалі, што такога аддзелу цяпер наагул не існуе.
Таксама раней паведамлялася, што Азаронак працуе на праваслаўны тэлеканал «Саюз», аднак і там сказалі што ня ведаюць такога супрацоўніка.
«У празрыстым асяродзьдзі вакол мяне такога чалавека ня ведаю», — сказаў Свабодзе старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін.
Калі ж карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да самога Азаронка, той не пажадаў паведамляць цяперашняе месца працы: «Я толькі што прыйшоў з працы, мне няма калі размаўляць». На пытаньне, ці не працуе ён у сыстэме свайго ранейшага боса Віктара Шэймана, адказаў: «Без камэнтароў».
Яўген Новікаў: праваабаронца, які стаў апалягетам Лукашэнкі і «русского мира»
Лекар 4 менскага шпіталя Яўген Новікаў у 1990 годзе трапіў у Вярхоўны Савет БССР як «незалежны кандыдат».
Аднак у першыя гады незалежнасьці падпісваў практычна ўсе заявы апазыцыі Беларускага Народнага Фронту.Ад пачатку 2000-х Новікаў рыхтаваў на Першым тэлеканале аўтарскія перадачы: тэлепраграму «Правы чалавека. Погляд у сьвет» і радыёпраграму «Беларусь і сьвет. Погляд з Мінску».
Прапагандысцкія праграмы мелі выразную антызаходнюю скіраванасьць, а іх аўтар пэрыядычна атрымліваў абвінавачаньні ў паклёпе ад амбасадаў Францыі, Польшчы, вернікаў-пратэстантаў, палітыкаў-апазыцыянэраў ды іншых.
У кастрычніку 2014 году Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня заявіла пра намер забараніць вяшчаньне тэлеканалу «Беларусь 24». Падставай для гэтага сталіся скаргі ўкраінскіх тэлегледачоў, у тым ліку на праграму Новікава «Правы чалавека. Погляд у сьвет» — у ёй выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ў суседняй краіне. Белтэлерадыёкампанія закрыла праграму, але запэўніла, што Новікаў застаецца ў штаце супрацоўнікаў.
У 2014-2015 годзе Новікаў зь перадачай «Навіны славян» вяшчаў на расейскім нэанацыстоўскім YouTube-канале. Ён таксама быў заўважаны ў сэрыі запісаў з Андрэем Івановым — адным з ідэолягаў «русского мира» ў Беларусі і прыхільнікам расейскага руху «КОБ», што прапагандуе існаваньне «глябальнага надыўдзейскага прэдыктара».
А ў студзені 2016-га Новікаў вярнуўся ў эфір БТ — гэтым разам на тэлеканал «Беларусь 3» — з праграмай «Геапалітыка — сьвет за тыдзень». Праўда, толькі на 9 месяцаў.
У Белтэлерадыёкампаніі Свабодзе паведамілі, што зь верасьня 2016 году Яўген Новікаў «не працуе і не супрацоўнічае» зь імі.
Аляксандар Зімоўскі: «Я сам сабе гаспадар»
Чым запомніўся. Аляксандар Зімоўскі — бадай, самая вядомая асоба другой паловы 1990-х на экранах дзяржаўных тэлеканалаў. Цягам шасьці гадоў (1995—2001) ён быў аўтарам і вядучым «інфармацыйна-аналітычнай» праграмы «Рэзананс», якая вылучалася няспыннымі нападкамі на апазыцыю і апалягетыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Заявы Зімоўскага апазыцыя абвяргала, падавала на яго пазовы ў суд. Так, у 2000 годзе, пасьля таго як Зімоўскі назваў удзельнікаў «Маршу Свабоды» «кучаю трэніраваных адмарозкаў», пэнсіянэрка Вера Церлюкевіч падала на яго пазоў аб абароне гонару й годнасьці.
«Я прапагандыст у чыстым выглядзе. Я казаў людзям, што пісаць, што гаварыць і якія мусяць быць акцэнты», — прызнаваўся пазьней Зімоўскі.
Лукашэнка ацаніў ягоную адданасьць, зрабіўшы гендырэктарам ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне» (2002—2005), а пасьля і кіраўніком Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі (2005—2010).
У адным з інтэрвію ён заявіў, што сыдзе толькі разам з Лукашэнкам. «Калі ён вырашыць, я сыду раней. А шукаць новых гаспадароў, матываваць гэта тым, што і пры іх можна служыць Беларусі — гэта неяк подленька».
У канцы 2010 году Лукашэнка замяніў Зімоўскага на Генадзя Давыдзьку, якога на мінулым тыдні адправіў у адстаўку.
Што робіць цяпер. Ужо некалькі год Аляксандар Зімоўскі працуе прыватным мэдыя-кансультантам.
Інга Хрушчова: пакінула БТ «з маральных меркаваньняў»
З 1995 да 2001 году яна вяла навіны на БТ, працавала ў прэзыдэнцкім пуле. Менавіта Хрушчова паведамляла пра падзеі, зьвязаныя з Лукашэнкам. Аляксандар Зімоўскі называў яе «каралевай рэпартажу» і не лічыў «прапагандысткай у чыстым выглядзе».
Што робіць цяпер. У 2013 годзе стала вядома, што Хрушчова звольнілася зь Белтэлерадыёкампаніі. У фэйсбуку яна патлумачыла, што сышла «менавіта зь меркаваньняў маральных».
Хрушчова занялася відэаўрокамі для аўтападарожнікаў у Эўропу, а пасьля стварыла «Школу арыгінальных падарожжаў», якая займалася «арганізацыяй падарожжаў па Беларусі і Эўропе».
«Жыву і працую над рознымі цікавымі бізнэс-праектамі, у тым ліку і падарожжамі. Адзін з праектаў пра падарожжа беларусаў у Эўропу (фармат рэаліці-шоў) увайшоў у шорт-ліст міжнароднага конкурсу Small World. Big Ideas», — сказала яна Свабодзе.
Аляксандар Мартыненка: вярнуўся ў Белтэлерадыёкампанію
Мартыненка сьцьвярджаў, што на БТ «ніколі не было цэнзуры», а калі некаму і здавалася, што гэта цэнзура, то «насамрэч гэта больш рамкі разумнага», «каб навіны не нашкодзілі грамадзкасьці». Пры гэтым ён праводзіў знак роўнасьці паміж нежаданьнем глядзець БТ і нелюбоўю да «сваёй краіны».
Муж Натальлі Пяткевіч — некалі прэс-сакратаркі Лукашэнкі, першай намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, а пасьля і дарадцы кіраўніка дзяржавы — да канца 2011 году працаваў намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі.
Што робіць цяпер. Пасьля звальненьня Мартыненка быў прэс-сакратаром «Белаграпрамбанку» і вядоўцам «Альфа Радыё». А ў сьнежні 2016 году вярнуўся ў Белтэлерадыёкампанію ў якасьці кіраўніка спадарожнікавага тэлеканалу «Беларусь 24».
Юры Гроераў: вядзе «Контуры» на АНТ
Юры Гроераў агучыў ролік, які ў 2004 годзе паказвалі перад кожным выпускам навінаў БТ. Ролік заклікаў галасаваць «за» на рэфэрэндуме аб зьмене Канстытуцыі і зьняцьці абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Што робіць цяпер. У 2012 годзе Юры Гроераў стаў першым намесьнікам старшыні «Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі саюзнай дзяржавы» (цяпер «БелРос»), якая базуецца ў Маскве. Працаваў на гэтай пасадзе да студзеня мінулага году. Адна з газэт назвала яго «саюзным гарадавым».
Напрыканцы 2017 году Гроераў вярнуўся на беларускія тэлеэкраны — у якасьці вядоўцы выніковай нядзельнай праграмы «Контуры» на АНТ. Ягонае запрашэньне зьвязваюць з прыходам на пасаду кіраўніка АНТ экс-старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марата Маркава, які прывёў за сабой шэраг адыёзных кадраў зь Першага тэлеканала. Былы вядоўца «Контураў» расейскі журналіст Ільля Коласаў, які вылучаўся на дзяржаўным тэлебачаньні ўменьнем задаваць самыя нязручныя пытаньні чыноўнікам, спыніў працу на АНТ.
Юры Пракопаў: «палітбаец» стаў намесьнікам дырэктара АТН
З Пракопавым, які нярэдка выкарыстоўваў у сюжэтах апэратыўную інфармацыю беларускіх спэцслужбаў, судзіліся былы прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір, кіраўнік праваабарончай кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка, старшыня БХК Тацяна Процька.
У адным з судоў супраць яго за паклёпніцкі сюжэт Пракопаў патлумачыў, што рыхтаваў рэпартаж, грунтуючыся на інфармацыі з інтэрнэту. Маўляў, ён не абавязаны правяраць тую ці іншую інфармацыю і даваць слова другому боку
«Ён працаваў над многімі дакумэнтальнымі фільмамі, зьвязанымі ў тым ліку і з контрапрапагандай, працай з апазыцыйнай тэматыкай, якая прысутнічае на каналах Бэлтэлерадыёкампаніі», — казаў пра Пракопава тагачасны кіраўнік БТ Аляксандар Зімоўскі, называючы яго «добрым, дынамічным палітбайцом».
З 2011 па 2015 год Пракопаў знаходзіўся ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу.
«Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць сыстэматычна паказваюцца ў негатыўным і прыніжальным сьвятле на падставе сфальшаванай інфармацыі. У гэтым сэнсе ён [Пракопаў] быў асабліва актыўны пасьля разгону мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году», — гаварылася ў пастанове Рады ЭЗ.
Што робіць цяпер. Былы вядоўца «Ў цэнтры ўвагі» пазьней стаў шэф-рэдактарам праекту «Клюб рэдактараў», аўтарам ідэі і вядучым якога быў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. У праграме рэгулярна гучалі нападкі на апазыцыю і незалежныя мэдыя. У адным з інтэрвію Пракопаў сказаў, што гэтая праграма аналяг расейскай «»Пражэктарпэрысхілтан», толькі сур’ёзны».
У эфіры Першага тэлеканалу Юры Пракопаў апошнія гады зьяўляецца нячаста, маючы пасаду аднаго з чатырох намесьнікаў галоўнага дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін.