АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Расія прэтэндуе на ролю звышдзяржавы?

Расія прэтэндуе на ролю звышдзяржавы?
09.02.2018
Прысуд рэгнумцам і турэцкая аперацыя ў Сірыі: што агульнага? Абедзве падзеі дэманструюць яўную няздольнасць сучаснай Расіі прэтэндаваць на ролю звышдзяржавы.

Прычын гэтага можна назваць шмат. Гэта у тым ліку, і адсутнасць у Расіі выразнай ідэалогіі, якая па-сапраўднаму прыцягвала б розумы і сэрцы людзей з розных канцоў свету...

  

Мінскі гарадскі суд 2 лютага асудзіў трох аўтараў сайта «Рэгнум» да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай у тры гады. Усе трое ўжо правялі за кратамі па 14 месяцаў.



Найбольш пільныя аналітыкі за разважаннямі аб строгасці прысуду і ацэнкамі выказванняў Паўлаўца, Шыпценкі і Алімкіна разглядзелі галоўнае: амаль абсалютнае маўчанне Крамля з нагоды гэтага палітычнага працэсу.



Што атрымліваецца ў сухой рэшце? Перадавы атрад «рускага міру» — прапуцінскія, руска-шавіністычныя журналісты, якія адмаўляюць права беларусаў на самавызначэнне і грэбліва адзываюцца пра беларускую мову, энтузіясты інфармацыйнага фронту, якія за расійскія рублі рыхтавалі розумы сваіх чытачоў да прыходу «зялёных чалавечкаў», у нейкі момант фактычна аказаліся непатрэбныя сваім гаспадарам.



Амаль ніякіх афіцыйных заяў з гэтай нагоды. Ніякіх нотаў пратэсту, не кажучы ўжо пра пагрозы санкцыямі ці акцый пратэсту ля беларускай амбасады ў Маскве. Ніякай, нават дзяжурнай незадаволенасці Крамля з факта арышту, зняволення і асуджэння ў Беларусі прарасійскіх прапагандыстаў.



Фактычна, Расія «зліла» сваіх. Тых, хто адстойваў яе імперскія інтарэсы на прасторах Беларусі.



А за 12 дзён да гэтага ў іншым кутку свету Турцыя пачала вайсковую аперацыю супраць кантона Афрын — вобласці Сірыйскага Курдыстана, які стаіць анклавам на мяжы з Турцыяй. Афіцыйная нагода: барацьба з забароненай у Турцыі ППК (Працоўная партыя Курдыстана). Рэальная: не даць кантону Афрын аб'яднацца з астатняй Ражавай (Сірыйскім Курдыстанам), што стварыла б рэальныя перадумовы для ўзмацнення курдскай герыльі, якая ідзе на паўночным захадзе Турцыі з ліпеня 2015 года. Гэтая тэрыторыя ўжо аднойчы выходзіла з-пад кантролю Анкары і паўтору гэтага Эрдаган не хоча.




Жоўтым на карце пазначаны курды, зялёным — паўстанцы, чорным — ІДІЛ, чырвоным — Асад

 

Пры чым тут «Рэгнум»?



Доўгі час Расія актыўна гулялася з сірыйскімі курдамі. І справа не толькі ў тым, што па савецкай звычцы Крэмль любіць прымяраць на сябе ролю «абаронцы прыгнечаных». Ідэйна матываваныя, палітычна арганізаваныя курды — добрыя ваяры, якія выдатна праявілі сябе ў змаганні з ІДІЛ адразу пасля яго з'яўлення. Стварэнне курдскай дзяржавы на крытэрах Сірыі, Ірака, Турцыі і, магчыма, Ірана, многім бачыцца толькі пытаннем часу.

 

Расійскія медыя хутка пачалі спачувальна ставіцца да курдаў, прадстаўнікоў PYD (найбуйнейшай палітычнай партыі Ражавы) сталі запрашаць у высокія кабінеты Масквы, дзе нават адкрылася дыпламатычнае прадстаўніцтва Сірыйскага Курдыстана. Мелі месца эпізадычныя пастаўкі зброі.



Але кан'юнктура змянілася. Расія не захацела сварыцца з Турцыяй — горшым ворагам курдаў, і, даведаўшыся пра хуткі наступ на Афрын, вывела адтуль свой кантынгент. 20 студзеня пачаліся інтэнсіўныя бамбардзіроўкі заходняга кантона, наперад рушылі турэцкія проксі з ісламісцкіх груповак.

 


Пратурэцкія баевікі з горада Азаз. Фота: t.me/ressentiment_channel

 

Кіраўніцтва PYD і камандзіры курдскага апалчэння ўголас назвалі Расію здраднікам.

Як высветлілася пазней, за некаторы час да пачатку турэцкага наступу Крэмль прапанаваў курдам дамову: аддаць Афрын назад пад кіраўніцтва Башара Асада ў абмен на абарону ад туркаў. Курды не пагадзіліся: гэта значыла б звядзенне на нішто ўсіх заваяванняў рэвалюцыі 2012 года і вяртанне да дыктатарскага рэжыму, які доўгія гады рэпрэсаваў курдскі рух.



І тады курдаў пакінулі сам-насам з варожай сілайгэтаксама як і трох беларусаў-рускамірацаў.



Канешне, з пункту гледжання этыкі і справядлівасці сітуацыі непараўнальныя. Курды ніколі не былі прарасійскай сілай на Блізкім Усходзе і іх нацыянальная ідэя палярная ідэям і духу «рускага міру». Але сітуацыя выдатна ілюструе сам прынцып таго, як Расія, прэтэндуючы на ролю звышдзяржавы, ставіцца да сваіх хаўруснікаў. Падман, цынічнае выкарыстанне, змена арыенціраў ледзь не штохвіліны, і здрада ў самы небяспечны момантвось яе почырк.



Як слушна заўважыў у сваім аналізе вайсковы аналітык Ігаль Левін, «...амерыканцы хоць і маюць свой халодны разлік, але, прынамсі, трымаюць слова. Яны не абяцалі абараніць Афрын, не абяцалі абараніць курдаў ад туркаў. Яны далі абяцанне ўзброіць іх супраць ІДІЛ і выканалі яго. А ў Расіі ніколі не было выразай пазіцыі. Лаўроў прапанаваў сябраваць, прапанаваў перамовы. Да апошняга не было зразумела, ці ёсць у Афрыне ўвогуле руская база, пакуль не выклалі яе фатаграфіі. А зараз яны проста хлусяць, што Асад хацеў прапанаваць ім аўтаномію, але курды адмовіліся. Зараз усе галоўныя камандзіры курдскімі сіламі назвалі Расію здраднікам. Гэта вельмі гучная заява. Канешне [...] вялікія дзяржавы нават не пачуюць яе, ім пляваць. Але гэтую заяву пачуюць іншыя, маленькія сілы. Напрыклад, Венесуэла, у якой увесь час нешта кіпіць. [...] І перспектыва сяброўства маленькіх сілаў з Расіяй зараз можа падацца не такой абнадзейваючай».

 Прычын такіх паводзін можна назваць шмат. Гэта і адсутнасць у Расіі выразнай ідэалогіі, якая па-сапраўднаму прыцягвала б розумы і сэрцы людзей з розных канцоў свету. Відавочна, жадаючых памерці «за дзядоў, як у 1941-м», альбо за веліч рускай нацыі, за межамі Расіі не так шмат. Гэта, магчыма, і ментальная блізкасць Турцыі і Расіі — у тым плане, што абедзве дзяржавы праводзяць імперыялістычную палітыку, а ў Расіі ёсць «свае курды» — народы Каўказа, і адсюль — невялікае жаданне сварыцца з моцнай дзяржавай (узгадайце, як хутка сышоў канфлікт вакол збітага туркамі расійскага знішчальніка). Але галоўнай прычынай бачыцца недахоп рэсурсаў: фактычных матэрыяльных магчымасцяў для таго, каб іграць на тым жа Блізкім Усходзе нароўні з ЗША.

 

Апошнія, дарэчы, хоць і раздражнёныя занадта рэзкімі заявамі Анкары (Эрдаган прыгразіў «зняць амерыканскія сцягі» з Манбіджу, калі гэта не зробяць самі амерыканцы), але па-ранейшаму прабачаюць Эрдагану ўсё: і аперацыю супраць сваіх саюзнікаў-курдаў, і парушэнні правоў чалавека (на 2016 год у Турцыі адных толькі студэнтаў-палітзняволеных было 70 тысяч, а ў турмах шырока практыкуюцца катаванні і забойствы). Бо Турцыя — сябра NATO, вораг Асада і ІДІЛ.

 

Аперацыя «Аліўкавая галінка» не прыцягнула шмат увагі сусветных лідараў. Аднак шырокую падтрымку курдскаму апалчэнню YPG і YPJ аказваюць анархісцкія, антыаўтарытарныя і левыя рухі па ўсім свеце: праводзяць шматлікія акцыі, збіраюць грошы ў дапамогу Афрыну. Сумесныя дэманстрацыі антыаўтарытарыяў і курдскай дыяспары ахапілі ўвесь Стары Свет (у адным толькі Кёльне ў падтрымку Афрына выйшла сем тысяч чалавек). Неўзабаве пасля нападу Турцыі да апалчэння далучыліся некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў з Еўропы, каб, рызыкуючы жыццём, дапамагчы курдам.

 

А пра рэгнумцаў забыліся ўсе — і асабліва Расія — на наступны дзень пасля прысуду.

 

Даведка:

 

ППК — Працоўная партыя Курдыстана. Курдская нацыянал-вызваленчая арганізацыя. З 1984 года вядзе ўзброенае змаганне супраць Турцыі. Першапачаткова стаяла на марксісцка-ленінскіх пазіцыях, але з пачатку 2000-х пераходзіць на пазіцыі «дэмакратычнага канфедэралізму», што грунтуецца на ідэях амерыканскага анархіста Мюрэя Букчына. Прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй ЗША, Турцыяй і яшчэ 14 краінамі. Лідар — Абдула Аджалан, знаходзіцца ў турэцкай турме ў пажыццёвым зняволенні.

 

YPJ — Жаночыя сілы абароны. Курдскае апалчэнне, што складаецца выключна з жанчын. Колькасць — да 24 000 чалавек. Адыгрывала і адыгрывае істотную ролю ў Сірыйскай вайне, асабліва ў вынішчэнні Ісламскай дзяржавы.

 

YPG – Народныя сілы абароны. Узброенае апалчэнне Сірыйскага Курдыстана. Колькасць: 50 000 чалавек. Частка праамерыканскіх сіл SDF (Syrian Democratic Forces), якія адыгрывалі ключавую ролю ў вынішчэнні ІДІЛ на тэрыторыі Сірыі, у прыватнасці, ва ўзяцці горада Рака.

 

PYD — Партыя «Дэмакратычны саюз». Буйная «парасонавая» арганізацыя, якая ўключае ў сябе прадэмакратычныя сілы Сірыйскага Курдыстана. Аказвае вялікі ўплыў на палітычнае жыццё краіны. Дэ-факта з'яўляецца афілятам ППК, таму разглядаецца Турцыяй як тэрарыстычная арганізацыя. У сваю чаргу, ЗША аказвае тэрыторыі, падкантрольнай PYD, усебаковую, у першую чаргу, вайсковую дапамогу, і вядзе з ёй перамовы, што вызывае шал турэцкага кіраўніцтва.

Мікалай Дзядок, НЧ



Дата стварэння навіны 09.02.2018

Возврат к списку

cashback