АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Баксёр, сантэхнік — што вядома пра Святаслава Барановіча, які адбіваў дэманстрантаў у агентаў у цывільным

Баксёр, сантэхнік — што вядома пра Святаслава Барановіча, які адбіваў дэманстрантаў у агентаў у цывільным
07.02.2018
У пачатку кастрычніка 31-гадовы жыхар Мінска Святаслаў Барановіч знік. Сваякі адшукалі яго толькі праз некалькі дзён. Хлопец быў на Валадарцы.

Высветлілася, што Святаслава затрымалі 2 кастрычніка за тое, што ён адбіваў дэманстрантаў ад агентаў у цывільным падчас «Марша недармаедаў» 15 сакавіка.

 Цяпер Барановіч чакае суда. Першапачаткова на яго завялі справу за «хуліганства», а пазней перакваліфікавалі абвінавачванне на больш сур’ёзны артыкул — «гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Цяпер Барановічу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

 

Святаслаў Барановіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў вёсцы Кавалі Вілейскага раёна (Нарачанскага сельсавета, бо ўсяго ў раёне Кавалёў двое).

 

Сям’я вялікая: Святаслаў — малодшае, шостае дзіця ў сям’і. Бацька і маці працавалі ў калгасе, ён трактарыстам, яна — даяркай.

 

Цяпер у Кавалях засталася толькі маці. Яе муж памёр, памерлі і двое сыноў. Астатнія раз’ехаліся. Старэйшы сын працуе трактарыстам у мясцовым калгасе, але жыве ў суседняй вёсцы. Дзве дачкі жывуць у Маладзечне і Мінску. Святаслаў таксама перабраўся ў сталіцу. У Кавалях ён бывае рэдка.

 

«Я і не ведаю, што там з ім. Ці жывы? Ці дачакаюся я яго?» — кажа маці.


Пасля школы Барановіч скончыў ПТВ у Пухавіцкім раёне, дзе атрымаў спецыяльнасць сантэхніка. Затым Святаслаў пераехаў у Мінск. Тут ён працаваў будаўніком. А ў апошні час Барановіч спрабаваў заняцца бізнэсам. Праўда, цяпер гэтая справа замарозілася, бо Святаслаў за кратамі.

 

Таксама Барановіч займаўся боксам. Дарэчы, у дзень, калі ён заступіўся за дэманстрантаў, на ім была чырвоная спартовая куртка з надпісам «беларускі бокс».

 

Тая самая бойка з міліцыянтамі ў сакавіку 2017 года

 

Барановіча не першы раз прыцягваюць да адказнасці за грамадскую актыўнасць. Яго судзілі за ўдзел у Плошчы-2010. Хлопца затрымалі адным з апошніх, 15 чэрвеня 2011 года.

 

А 12 кастрычніка 2011 года суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Рудніцкая пакарала Святаслава трыма гадамі «хатняй хіміі». Суддзя патлумачыла гэта наяўнасцю змякчаючых абставін — маладога ўзросту (хлопцу было ўсяго 25 гадоў) і наяўнасці ў яго месца працы.

 

Дарэчы, у 2011 годзе праваабаронцы прызнавалі Барановіча палітвязнем. Сёлета, хутчэй за ўсё, гэтага не будзе, бо яго будуць судзіць за гвалтоўныя дзеянні — хіба толькі пасля звернуць увагу на непрапарцыйна жорсткае пакаранне (калі яно будзе такім).

 

Святаслаў Барановіч ужо некалькі месяцаў знаходзіцца пад вартай. Месяц яго трымалі ў Навінках — ён быў там на экспертызе, распавядала сястра Наталля «Радыё Свабода».

 

«У якім ён стане, мне дакладна невядома, бо за гэты час спатканняў не давалі. Адвакат кажа, што не скардзіцца», — казала Наталля.

 

Па яе словах, Святаслаў прызнаў віну — на відэа добра бачна, як ён б’е людзей у цывільным.

 

«Цяпер яму пагражае рэальны тэрмін, але мы ўсе спадзяемся на лепшае», — кажа сястра.

 

Суд над Святаславам Барановічам пачнецца 15 лютага. Працэс адбудзецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.

 

Вырашаць лёс Барановіча будзе суддзя Святлана Бандарэнка. Адна з найбольш вядомых справаў апошняга часу, якія разглядала Бандарэнка — суд над Уладзімірам Кондрусем, яшчэ адным удзельнікам Плошчы-2010. Тады яна пакарала Кондруся «хатняй хіміяй», прысуд быў мякчэйшы, чым прасіў пракурор.



Дата стварэння навіны 07.02.2018

Возврат к списку