АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«У барацьбе за прызнанне. 1918». Чаму БНР не змагла дабіцца міжнароднага прызнання

«У барацьбе за прызнанне. 1918». Чаму БНР не змагла дабіцца міжнароднага прызнання
05.02.2018
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук прачытаў у Горадні лекцыю пад такой назвай з нагоды 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вядомы гісторык закрануў мэханізмы барацьбы за ўладу ўнутры самой БНР.

 Немцы адгукнуліся на зварот Скірмунта

Алесь Смалянчук зазначае, што ён распавядае пра БНР з пункту гледжаньня дасьледчыка лёсу Рамана Скірмунта, постаці важкай, вядомага дзеяча, чалавека заможнага, аўтарытэтнага. Напрыклад, у тэлеграме досыць было ўказаць: «Мінск, Скірмунту», каб яна дайшла.

  Гэта дазваляла беларускаму руху набыць новую якасьць, аднак у асяродзьдзі сацыялістаў выклікала рэзкае непрыняцьце — ён хоча стварыць «партыю памешчыкаў»! У гэтых людзей у галаве былі сацыяльныя падзелы, барацьба клясаў.

 

Для беларускага руху была ўласьцівай «філязофія падазрэньня», зазначае Алесь Смалянчук. Скірмунт быў для такіх як Язэп Варонка «сацыяльна чужым», памешчыкам. Тым ня менш, у пэўны момант сацыялісты прынялі Скірмунта. Каб даволі хутка здрадзіць яму, выявіўшы сябе ненадзейнымі саюзьнікамі.

 

Калі немцы занялі Менск, сацыялістам не ўдалося наладзіць зь імі кантактаў

Вясною 1918 году нямецкім акупацыйным уладам быў перададзены Зварот ад Беларускага нацыянальнага камітэту, створанага Скірмунтам. Іх прасілі ўлічваць інтарэсы беларусаў у геапалітычных плянах адносна будучыні гэтай часткі Эўропы.

 

І адбылася сэнсацыя: немцы адказалі на гэты зварот. Яго падпісалі сам Скірмунт, Зямкевіч і Аляксюк. Газэта нямецкай дзясятай арміі апублікавала афіцыйны адказ, што немцы будуць улічваць інтарэсы Беларусі.

 

Гэта прымусіла сацыялістаў іначай паглядзець на Скірмунта: выразна было відаць, што за ім стаіць нейкая палітычная сіла.

 Урад сацыяліста Варонкі ўжо ня мог яго ігнараваць, убачыўшы, што немцы гатовыя зь ім размаўляць, зазначае Алесь Смалянчук.

 

Як Варонка «хадзіў па начальству»

У Рады БНР не было грошай. Спачатку яе падтрымлівала Менскае губэрнскае земства. Калі абвясьцілі аб незалежнасьці, земства адмовілася даваць грошы. Што рабіць? Даручыць Скірмунту сфармаваць кааліцыйны ўрад, вырашае Рада БНР.

 

Неўзабаве зьнянацку паступаюць грошы з Украіны. Украінцы пачалі разьлічвацца з урадам Варонкі за нарыхтаваны беларускі лес. Настрой і пазыцыя Варонкі пачынае мяняцца, у яго цяпер ёсьць грошы!

 

Скірмунт не пасьпявае стварыць ўрад, пры канцы траўня едзе ў Кіеў на перамовы з гетманам Скарападзкім. Так вырашыла Рада БНР. І вельмі надоўга затрымліваецца.

 

Ён вяртаецца ў Менск толькі ў ліпені. Палітычная сытуацыя абсалютна зьмянілася.

 

У лісьце да Антона Луцкевіча Язэп Варонка тады пісаў — «мы ўжо самі ходзім па начальству».

 

«Начальства» — гэта камандуючы дзясятай нямецкай арміі. Немцы ў адсутнасьць Скірмунта пачалі прымаць сацыялістаў. Словам, ёсьць грошы, кантакты зь немцамі, навошта нам той Скірмунт?», — распавядае Алесь Смалянчук.

 

Урад БНР набыў сабе аўтамабіль

Тым ня менш Скірмунт прыступае да фармаваньня ўраду. Аднак сацыялісты катэгарычна адмаўляюцца ў ім удзельнічаць. Тады Скірмунт запрашае, іншых людзей: гарадзкога галаву Станіслава Бжастоўскага, вядомага банкіра, уплывовага чалавека, Радаслава Астроўскага, тады земскага дзеяча, генэрала Кандратовіча, тых, хто не належаў да сялян ці рабочых.

 

Аднак Варонка адмаўляецца перадаць яму функцыі ўлады. Тым больш цяпер ёсьць грошы. Як яны выдаткаваліся?

 

Алесь Смалянчук з пэўнай горыччу распавядае:

 

«Ну, зразумела, народныя сакратары БНР павінны жыць добра. Але колькі ідзе грошай на заробкі! А калі трэба газэту падтрымліваць, грошай не знаходзіцца. Канечне, калі ты палітык, ты павінен добра выглядаць. Але і машына была купленая, і яшчэ нешта, можа і важныя рэчы, але мне здаецца часам, што трэба было выдаткаваць на нешта іншае».

На пытаньне з залі наконт банкетаў гісторык пасьміхаецца: «Банкеты не фігуруюць у бюджэце БНР. Але павінны былі быць: ну як гэта так, каб без банкетаў і ўрадаваць?»

 

Чым закончыўся крызіс? Абодва ўрады пайшлі ў адстаўку. Новы, урад Янкі Серады, быў зусім безаблічны, ніякай дзейнасьці не праводзіў. Хаця гэта быў вельмі важны час. Трэба было актыўна працаваць, рабілася відавочным, што немцы прайграюць вайну, кажа вядомы гісторык.

 

Скірмунт даў «Пагоню» замест сялянскага герба

У апошнім параграфе дэклярацыі ўраду Скірмунта было запісана афіцыйна, што герб БНР — Пагоня. Да ліпеня 1918 году быў іншы герб, сацыялістычны — каса, сноп, сельскагаспадарчыя прылады працы.

 

Дэклярацыю гэтую, на жаль, тады ніводная газэта не апублікавала. І гэта стала яшчэ адным з чыньнікаў няўдачы БНР, мяркуе гісторык Смалянчук.

 

Немцы забаранілі друкаваць. Заявілі, што не пацерпяць новай улады і ліст з такім зьместам накіравалі «землеўласьніку Скірмунту». Аб гэтым даведаўся Варонка, таму вырашыў сарваць рашэньне Рады БНР і адмовіць Скірмунту.

 

Такім чынам, ад Скірмунта беларусам засталася Пагоня.

 

Бэрлін, Рэйхстаг

Скірмунт застаўся ў міжнароднай камісіі, каб працаваць дзеля прызнаньня БНР іншымі дзяржавамі.

 

Увосень 1918 году сытуацыя ўжо была крытычнай. У канцы кастрычніка беларуская дэлегацыя накіравалася ў Бэрлін. Першым паехаў якраз Скірмунт — дамаўляцца аб сустрэчы.

 

Ад беларускага руху Скірмунт адышоў улетку 1919 году. 

Але візыт супаў з рэвалюцыяй у Нямеччыне. Ехалі размаўляць з кайзэрам, з Рэйхстагам, а давялося размаўляць з саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а ён сымпатызаваў бальшавікам.

 

Тады Раман Скірмунт наведаўся ў Швайцарыю, сустракаўся ў Бэрне са сваім стрыечным братам Канстанцінам Скірмунтам, які фактычна прадстаўляў міністэрства замежных спраў Польшчы, якая адраджалася. Ён пачаў думаць аб пагадненьні з палякамі, бачыць у іх сілу, якая прынамсі можа дапамагчы беларусам пазьбегчы бальшавізму.

 

Ёсьць яшчэ згадкі, што нібыта пазьней, у сьнежні (калі Менск быў заняты бальшавікамі, а ўрад БНР знаходзіўся ў Вільні) Скірмунт і Варонка езьдзілі ў Лёндан і Парыж размаўляць аб прызнаньні Беларусі. Марна. Ёсьць цьмяныя згадкі аб яго магчымай сустрэчы зь Пілсудзкім.

 

Ад беларускага руху Скірмунт адышоў улетку 1919 году. Сам ён аказаўся непатрэбным, лішнім, а шанцы на афіцыйнае прызнаньне БНР іншымі дзяржавамі ўжо тады выглядалі страчанымі.

 

БНР ніхто афіцыйна не прызнаў

Ці прызнаў хтосьці дэ юрэ Беларускую Народную Рэспубліку?

 

Часьцей гавораць пра Ўкраіну. Бо там зьявіліся консульствы ў Харкаве, Адэсе і Кіеве. Але быў вокрык з Бэрліну: вы што робіце, вы каго прызнаяце? З Кіева тады даюць адказ: няма ніякіх консульстваў, проста прыехалі прадстаўнікі БНР і неафіцыйна знаходзяцца.

 

Узгадваюць яшчэ Баўгарыю, Літву, што падтрымлівалі. І некаторых іншых. Дэ юрэ, аднак, ніхто не прызнаў. Проста завязвалі адносіны. А каб нехта заявіў пра абмен пасламі, нотамі, на такі шлях ня стаў ніхто, падводзіць рысу Алесь Смалянчук.

 

Урокі БНР

Трэба было быць моцнымі, каб цябе прызналі, рэальныя войскі мець. А калі ты нічога ня маеш і спадзявацца, што зараз Ангельшчына, Францыя, Нямеччына цябе прызнаюць? Што Ангельшчына ці Францыя пашлюць сваіх салдат, каб ваявалі за БНР?

 

Праблема галоўная была ў тым, што ня здолелі сабраць рэальную сілу. Адзін з урокаў БНР: каб думаць пра сур’ёзную палітыку, пра будучую Беларусь, трэба мець сілу.

 

Тая ж Літва, значна меншая за Беларусь, але дамаглася, што немцы яе прызналі. Таму што літоўскі нацыянальны рух зьяднаў большасьць літоўцаў. Быў нават такі момант:

 

«Аднойчы Тарыба зьліквідавала рэспубліку і абвясьціла герцага Вюртэнбэргскага каралём Літвы, і літоўцы не пратэставалі, бо гэта было на карысьць іхняй краіне», — падкрэсьлівае доктар гістарычных навук Смалянчук.

 

Шмат часу было страчана на ўнутрыпартыйную барацьбу паміж сабой, на звады, кажа ён. На вырашэньне вельмі нязначных пытаньняў. Хаця, канечне, нам цяпер лёгка гаварыць праз сто гадоў, разважае гісторык:

 

«А які такі быў вопыт палітычны? Яны былі вельмі маладыя людзі. Скірмунт быў хіба самым старым у беларускім руху, яму тады споўнілася пяцьдзесят год. Астатнім — дваццаць пяць-трыццаць. Вось уявіце, якія мазгі ў гэтых людзей. Хаця сёньня лёгка накіроўваць — як яны павінны былі рабіць, а ў тыя часы сытуацыя ўвесь час мянялася. Зразумела, велізарная ноша, якую ўзвалілі на свае плечы, для многіх была проста непад’ёмнай. Але трэба было некаму нешта рабіць, і рабілі».

 

Так што Беларусь была фактычна моладзевым праектам, робіць выснову гісторык.

 

Кім быў Варонка?

Варонка быў вельмі малады, зь піцерскіх беларусаў, быў новым чалавекам, меў пэўныя аратарскія здольнасьці і выбіўся ў першыя шэрагі беларускага руху. З падазрэньнем глядзеў на Скірмунта, на яго паплечнікаў.

 

Што яшчэ можна сказаць пра Язэпа Варонку? Ён быў вельмі амбітным чалавекам. Яго амбіцыі адыгрывалі велізарную ролю ў падзеях. Не хацеў чалавек з авансцэны сыходзіць, кажа гісторык і выказвае наступнае меркаваньне:

 

«Мне здаецца, абсалютна быў непадрыхтаваны, каб на такім узроўні дзейнічаць. І мне ён нечым нагадвае Керанскага, дэмагога, майстра слова, ня справы. У мяне такое склалася ўяўленьне пра Варонку, хаця да канца ўсяго ня ведаю».

 

Аднак такое меркаваньне ў Смалянчука ўзьнікла ня толькі на падставе дакумэнтаў, але таксама ацэнак розных людзей. Ёсьць, напрыклад, перапіска польскіх дзеячоў паміж Менскам і Варшавай, яна не публікавалася: з Варонкам нельга мець справы, таму што непаважны чалавек, меркавалі палякі...

 

Але — якія яны былі, такія былі, тагачасныя дзеячы, разважае Алесь Смалянчук і робіць выснову:

 

«Але й так зрабілі велізарную справу. БНР паспрыяла таму, каб ідэя беларускай дзяржаўнасьці замацавалася. І хоць цяжка пракладала сабе шлях, але не памерла, ня знікла», распавядае радыё Свабода

Дата стварэння навіны 05.02.2018

Возврат к списку