АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ці будуць знойдзеныя лекі ад раку?

Ці будуць знойдзеныя лекі ад раку?
04.02.2018
Ці сталі беларусы менш баяцца раку? Як будуць мяняцца лячэньне і дыягностыка анкалягічных хваробаў? Калі анкалягічная хвароба вылечваецца на 100%? Пра гэта і іншае расказвае Свабодзе загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў.

«Бліжэйшыя 10 і 20 гадоў таблеткі ад раку мы не знойдзем»

— Нашая размова адбываецца з нагоды Сусветнага дня барацьбы з анкалягічнымі хваробамі. Цяпер гэта хвароба нумар адзін у сьвеце. Як у Беларусі, так і большасьці краінаў сьвету найбольшыя сродкі дзяржава выдаткоўвае на лячэньне, дыягностыку і навуковыя дасьледаваньні анкалягічных хваробаў. Які пэрспэктыўны погляд анколягаў на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі? Ці будуць знойдзеныя лекі ад раку? Як будуць мяняцца лячэньне і дыягностыка анкалагічных хваробаў?

 

— Вельмі складанае пытаньне, але ж і простае, таму што відавочна, што ў бліжэйшыя 10 і 20 гадоў таблеткі ад раку мы ня знойдзем. Ня трэба мець надзей, якія не спраўдзяцца. Але сёньня ёсьць пэўныя пэрспэктывы, звязаныя перш за ўсё з тым, што мы маем магчымасьць дасьледаваць чалавека на генным узроўні, выяўляць генныя мутацыі, нейкія парушэньні ў геноме і з гэтага выбіраць індывідуальную тэрапію для кожнага віду пухліны.

З гэтым можа быць зьвязаны прагрэс у лячэнні злаякасных пухлін. І з гэтым, напэўна, будуць зьвязаныя нашы мары і надзеі на тое, што мы штосьці такое атрымаем больш-менш сур’ёзнае ў барацьбе з гэтай хваробай. Гэта ўжо не страляць з пушкі па верабʼям, а накіравана лячыць не чалавека агульна, а ўжо канкрэтна тую пухліну, якая ёсць у чалавека, знаходзіць на генным узроўні шляхі разьвіцця пухліны.

Малекулярна-генэтычная лябараторыя ў РНПЦ анкалогіі.


Сёньня мы маем малекулярна-генэтычную лябараторыю, якая праводзіць гэтыя дасьледаваньні на сусьветным узроўні. Дарэчы, нядаўна ў часопісе Science апублікаваны артыкул, які мае вельмі вялікі розгалас. Там гаворыцца як раз пра тое, што самыя асноўныя кірункі зьвязаныя менавіта з дасьледаваньнямі на генэтычным узроўні. Гэта так званая вадкасная біяпсія, калі мы ў крыві і іншых вадкасьцях чалавечага арганізму можам знайсьці пухлінныя клеткі, якія яшчэ нават і не далі вынікаў у выглядзе звычайнай пухліны. І гэта толькі яшчэ раз пацьвярджае, што мы абралі слушны кірунак, адкрыўшы гэтую лябараторыю, і мы ў Беларусі працуем на сусьветным узроўні і ў нас ёсьць пэрспэктывы. Мы можам сёння казаць пра тое, што ў самай недалёкай будучыні гэта будуць супрацьпухлінныя вакцыны і другія лекі, якія могуць сурʼёзна дапамагчы ў гэтай справе.


 «Я памятаю, што людзі нават баяліся заходзіць на тэрыторыю анкалягічнага цэнтру»


— Павал Іванавіч, штодня праз Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава праходзяць сотні людзей, якім ставяць дыягназ ці наадварот здымаюць дыягназ, якіх лечаць, кантралююць, апэруюць, дасьледуюць. Вы прыйшлі ў цэнтар адразу пасля інстытуту, працуеце ўжо больш за 30 гадоў. Як зьмянілася стаўленне людзей да раку? Ці можна сказаць, што людзі стала менш баяцца анкалягічнага дыягназу?

 

— Калі глядзець на тое, што было 30 гадоў таму, калі я толькі прыйшоў у тады яшчэ інстытут анкалёгіі, і параўнаць з тым, што мы маем зараз, то гэта, як кажуць у Адэсе, дзьве вялікія розьніцы. Калі раней чалавека толькі накіроўвалі ў інстытут анкалёгіі, гэта быў амаль што прысуд для чалавека, жыцьцё яго амаль што скончылася. Нягледзячы на тое, што і тады былі нейкія вынікі, ня ўсё было безнадзейна, але ж усё роўна гэта была для людзе страшэнная справа.

 

Я памятаю, што людзі нават баяліся заходзіць на тэрыторыю цэнтру. Тыя пацыенты, якія ў нас знаходзіліся, казалі сваім блізкім і родным, каб яны не прыяжджалі да іх, тым больш з дзецьмі. А калі сёньня паглядзець, асабліва, калі добрае надворʼе летам, то прыяжджаюць з дзецьмі, з малымі дзецьмі. Безумоўна, стаўленьне да хваробы зьмянілася кардынальна. Людзі пачалі разумець, што ёсьць пэрспэктыва, што ня ўсё так дрэнна і ёсьць вынікі. Самае галоўнае, што працуе так званае сарафаннае радыё. Хоць у нас людзі і ня вельмі любяць гаварыць пра свае хваробы, але тое-сёе даходзіць. Адзін сказаў другому, той сказаў, трэці сказаў... Таксама дае вынік тая масіраваная інфармацыйная атака, якая прывяла да таго, што мы сёньня маем такі рэзананс у грамадзтве, калі людзі пачынаюць разумець, што гэта не прысуд, што гэта хвароба, хвароба сурʼёзная, у шэрагу выпадкаў сьмяротная, але ўсё ж гэта хвароба, зь ёй можна змагацца, можна дапамагаць людзям, ёсьць лекі, ёсьць хірургі, хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія і даволі сурʼёзны арсэнал сродкаў лячэньня, які дазваляе дасягаць нядрэнных вынікаў.

  

​У тым, што змянілася стаўленьне і грамадзтва, і індывідуальна кожнага чалавека да гэтай хваробы, і СМІ адыгралі сваю ролю. Але ж ёсьць і іншы бок. Тыя ж СМІ «забруджаныя» масай інфармацыі, якая ня тое што не дазваляе казаць пра нейкі станоўчыя вынікі, а наадварот прыносіць сурʼёзную шкоду для чалавека, які пачынае казаць пра тое, што сёння можна вылечыцца, бо дастаткова папіць раствор соды ці яшчэ што-небудзь. Глеба для шарлатанства ёсьць. Гэта ўжо другі бок. У чацьвер у нас была выніковая калегія ў міністэрстве аховы здароўя, на якой падкрэсліваўся і гэты нэгатыўны бок.

 

Ракавая клетка пад мікраскопам.


«Ёсць пухліны, якія вылечваюцца на 98-100%, асабліва калі выяўляюцца на першай, другой стадыі»

— Якія апошнія дадзеныя, што да колькасьці анкалягічных хваробаў у Беларусі. Пра якіх відах раку найвялікшая працягласьць жыцьця пасля своечасовага выяўленьня і лячэння? Ці можна казаць, што ёсьць больш і менш небясьпечныя анкалягічныя хваробы, што з аднымі пры належным кантролі і лячэнні можна дажыць да старасьці і памерці ад іншых хваробаў, а з другімі шанцы мінімальныя, як бы не развівалася мэдыцына?

 

— Гэта не сакрэт, мы гэтыя лічбы даводзім да людзей. Калі не прыводзіш канкрэтных лічбаў, то вельмі сурʼёзна размаўляць аб нашых поспехах цяжка, а калі людзі ведаюць, што ёсьць віды раку, якія вылечваюцца ў 100% выпадкаў, а ёсць такія, якія менш паддаюцца лячэнню. На сёння ў Беларусі прыкладна 50 тысяч новых хворых са злаякаснымі пухлінамі мы маем кожны год. Я ня думаю, што будуць выключэньні па выніках 2017 году. У 2017 годзе будзе прыкладна на тысячу болей, каля 51 тысячы. Гэта не трагедыя.

Гэта ня значыць, што ў нас на тысячу болей у параўнаньні зь мінулым годам захварэла болей людзей. Мы ж ня ведаем, колькі іх было раней, бо не было дакладных дыягнастычных інструмэнтаў, мы ня мелі магчымасьці выяўляць тыя пухліны. Раней што было? Рэнтген звычайны, УЗІ ў лепшым выпадку і рукі ды вуха доктара. А сёньня мы маем вялізарны арсэнал, які дазваляе выяўляць пухліны ў тых, якіх раней лічылі здаровымі людзьмі.

 

Цяпер сярэднюю працягласьць жыцьця сярод жанчын 79 гадоў, сярод мужчын 69 гадоў. Чым больш чалавек жыве, тым больш у яго рызыка ўзьнікненьня пухліны. Як раз пік захворваемасьці прыходзіцца на ўзрост пасьля 50 гадоў. Чым сталейшы чалавек, тым большая ў яго рызыка ўзьнікненьня пухліны. І ўсе ведаюць, што частка грамадзтва, людзі пэнсійнага ўзросту, у Беларусі і ў іншых краінах, павялічваецца з кожным годам. Таму відавочна, што колькасьць хворых са злаякаснымі пухлінамі будзе расьці, і гэта абʼектыўная рэальнасьць, гэта трэба прыняць.

Ня трэба выстаўляць гэта як чуму, што гэта толькі ў Беларусі так. Гэта абʼектыўная хада жыцьця. Ёсьць пухліны, якія вылечваюцца на 98-100%, асабліва калі выяўляюцца на першай, другой стадыі. Гэта рак скуры, пухліны малочнай залозы, іншыя пухліны, якія вылечваюцца нядрэнна. Нават пухліны страўніка і кішэчніка маюць нядрэнныя вынікі ў лячэньні, але калі справа ідзе пра раньнія стадыі. Ёсць традыцыйна больш недабранадзейныя пухліны — страваводу, нырак, лёгкіх, падстраўнікавай залозы асабліва, якія цяжка дыягнастуюцца, часта іх выяўляюць на 3-4 стадыі. Адпаведна і вынікі лячэньня больш сьціплыя, але ўсё роўна нават пры 4 стадыі, мы маем сёньня да 25% пяцігадовую выжывальнасьць. Так што гэта таксама нядрэнна. Ня толькі важна, якая пухліна, але калі яна дыягнастуецца.

 

«Людзі лічаць, што ў Віцебску, у Магілёве ў нас лечаць дрэнна, і трэба ехаць толькі ў РНПЦ»

— Летась дырэктар цэнтру імя Аляксандрава Алег Суконка ў вялікім інтэрвію Свабодзе расказваў пра сучасныя тэхналёгіі і мэтодыкі, якія зьявіліся ў апошнія некалькі гадоў у Бараўлянах — пазітронна-эмісійны цэнтар як найсучасьнейшы мэтад дыягностыкі, малекулярна-генэтычна лябараторыя, найбольш сучасныя мэтодыкі прамянёвай тэрапіі і шмат іншае.

Я сама разам са здымачнай групай наведвала розныя аддзяленьні цэнтру і магу засведчыць, што многія з іх выглядаюць проста як абсталяваньне касмічных караблёў. Як на тле Бараўлянаў выглядаюць іншыя анкалягічныя аддзяленьні, дыспансэры ў Беларусі — абласныя, раённыя, гарадзкія?

 

— Ня трэба мець у кожным абласным цэнтры ці буйным горадзе РНПЦ анкалёгіі, ніводная краіна сабе не дазволіць такой раскошы, ды гэта і немэтазгодна. Высокатэхналягічная мэдычная анкалягічная дапамога павінна зьдзяйсьняцца ў РНПЦ, на тое ён і пабудаваны, абсталяваны і існуе ўвогуле. Ня трэба на нашу краіну больш за адзін ПЭТ-цэнтар.

 

 

Яго будзе дастаткова, каб праводзіць дыягностыку ў тых хворых, якім гэта трэба. Малекулярна-генэтычная лябараторыя маю назву рэспубліканскай, хоць і адносіцца да РНПЦ анкалёгіі, але ж яна працуе на ўсю краіну, і яе магутнасьці дазваляюць абслугоўваць усіх, каму гэта трэба.

 

Што тычыцца астатніх анкалягічных цэнтраў, то вядома, што ёсьць абласныя анкалягічныя дыспансэры за выключэньнем Гарадзенскай і Менскай вобласьці. Зь Менскай зразумела, замест звычайнага абласнога дыспансэра пацыенты Менскай вобласьці абслугоўваюцца ў РНПЦ, які выконвае функцыі абласнога дыспансэру. У Горадні больш складана. Там анкалягічныя аддзяленьні адносяцца да абласной клінічнай бальніцы. І гэта адзіная вобласьць, якая ня мае свайго дыспансэру, але справа рушыцца, і дасьць Бог, мы хутка будзем мець там свой дыспансэр.

 

Што тычыцца абсталяваньня, што сёньня ўсё, што ёсьць у РНПЦ для правядзеньня стандартнага лячэньня (хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія, хірургічнае абсталяваньне), то для выкананьня стандартнай дапамогі ёсьць усё, і ня трэба ехаць у РНПЦ, каб зрабіць звычайную апэрацыю пухліны страўніка ці малочнай залозы. Калі яны ня могуць зрабіць пэўныя рэчы на абласным узроўні, то павінны накіроўваць хворых у РНПЦ. Ніякіх складанасьцяў, каб да нас трапіць, няма таксама. Калі ёсьць накіраваньне, то чалавек едзе, яго прымуць, шпіталізуюць і ўсё будзе добра. Іншая справа, што людзі ў нас лічаць, што ў Віцебску, у Магілёве ў нас лечаць дрэнна, і трэба ехаць толькі ў РНПЦ. І з 6 гадзін яны стаяць у чарзе, чакаюць, і мы іх павінны ўсіх прыняць.

 

 Ёсьць міжраённыя дыспансэры, якія існуюць яшчэ з савецкіх часоў, яны ў значна горшым стане знаходзяцца. Гэта тычыцца і Пінскага міжраённага дыспансэру. Там больш складаная сытуацыя. Гэтае пытаньне стаіць даволі востра. Вырашана, што гэтыя дыспансэры будуць перапрафіляваныя на так званыя міжраённыя скрынінгавыя цэнтры, дзе будзе закупленае спэцыяльнае дыягнастычнае абсталяваньне. Будзе правільна, калі яны ня будуць рабіць нейкія складаныя апэрацыі, праводзіць складаную хіміятэрапію, а будуць выконваць дыягнастычную функцыю, выяўляць пухліны на раньніх стадыях і накіроўваць пацыентаў туды, куды ім трэба. Такая сыстэма павінна быць пабудаваная ў бліжэйшыя гады. Дарэчы 2 гады таму ў Берасьці быў пабудаваны хірургічны корпус, які мае вельмі сучаснае абсталяваньне. Можа, і ў РНПЦ няма такіх апэрацыйных, якія там ёсьць. Увосень будзе адчынены новы хірургічны комплекс у Магілёве. Так што паціху справа рушыцца.

 

«Раней цыкль навучаньня анкалёгіі ў мэдінстытуце быў 6 дзён, зараз — два тыдні»

— РНПЦ анкалёгіі ня можа паскардзіцца на адсутнасьць фінансаваньня з боку дзяржавы, зусім нядаўна цэнтар атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэньне». У рэчышчы гэтага хацела запытацца пра самы першасны ўзровень падрыхтоўкі спэцыялістаў. Чаму ў Беларусі ў мэдінстытутах ня вучаць на анколягаў і спэцыялізацыя адбываецца ўжо падчас першых гадоў працы? Якія рэформы ў падрыхтоўцы спэцыялістаў прапанавалі бы дасьведчаныя анколягі з цэнтру імя Аляксандрава?

 

— Мы ня толькі даем парады, але маем рэальныя дзеяньні. У верасьні 2018 году на базе РНПЦ арганізаваны адукацыйны аддзел, які будзе займацца, і пачаў займацца пасьлядыплёмнай адукацыяй выпускнікоў мэдычных інстытутаў і ўнівэрсытэтаў. Гэта тычыцца ня толькі нашых, але і спэцыялістаў зь іншых краінаў, найперш СНД. За тры зь нечым месяцы ўжо 39 чалавек з Украіны, Малдовы, Казахстану, Узбэкістану і Беларусі прайшлі кароткатэрміновыя курсы. Мы будуем такую сыстэму, што чалавек будзе вучыцца на базе нашага адукацыйнага аддзелу менавіта з практычнага пункту гледжаньня, не тэарэтычна, а будзе хадзіць у апэрацыйныя, будзе ўдзельнічаць у правядзеньні складаных апэрацый, прысутнічаць падчас прамянёвай тэрапіі і гэтак далей.

  

Гэта пасьлядыплёмная адукацыя ўжо не на базе Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, а менавіта на базе РНПЦ анкалёгіі. Мы атрымалі ліцэнзію на адукацыйную дзейнасьць. Я думаю, што гэта добры крок. Зьмянілася сытуацыя ў лепшы бок і ў мэдычных унівэрсытэтах. Раней цыкль навучаньня быў 6 дзён, калі я яшчэ вучыўся, зараз гэта два тыдні. Гэта мала, але ўсё ж крок наперад. Лепш так, чым ніяк. Рухі ёсьць. Будзем спадзявацца, што зьменім і гэтую сытуацыю. На ўсё патрэбны час.

 

«Я ніколі ў жыцьці не паліў»

— Павал Іванавіч, як анколяг, як спэцыяліст у лячэнні раку лёгкіх, як доктар, адказны за сфэру прафіляктыкі і супрацьракавую барацьбу, ведаючы вельмі шмат пра гэтую хваробы і тысячы розных выпадкаў, якія правілы жыцьця вы сфармулявалі для сябе? Якія прадукты заўсёды ў вашым рацыёне, а ад якіх адмовіліся? Якая ваша фізычная актыўнасьць? Якія вашыя жыцьцёвыя прыярытэты і псыхалягічныя ўстаноўкі?

 

— Ніколі не лічыў сябе ідэальным у гэтым сэнсе. Як у любога ў мяне ёсьць свае хібы. Мага сказаць наступнае. Я ніколі ў жыцьці не паліў, тытунь для мяне табу. Што да фізычнай актыўнасьці — я гуляю ў футбол, спадзяюся, што колькі мне адведзена, буду старацца падтрымліваць сваю фізычную форму. У нас на стале заўсёды ёсьць нейкі набор гародніны і садавіны, бяз гэтага сёньня немагчыма.


І пазытыўны настрой. Калі раней думалі, што ўсё будзе заўтра ці пасьлязаўтра ці праз тыдзень, то сёньня ўжо з вышыні гадоў магу сказаць, што трэба дзякаваць Богу за тое, што мы сёньня маем кожны дзень. Зыходзячы з гэтага пункту гледжаньня я лічу, што мы маем даволі добрыя падставы, каб быць аптымістамі. А калі ты аптыміст, верыш у лепшае, то ўсё павінна адбыцца, піша сайт радыё Свабоды.


Дата стварэння навіны 04.02.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку