АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Дзяніс Кучынскі: Кіраўніцтва ЕГУ павінна пайсці ў адстаўку

 Дзяніс Кучынскі: Кіраўніцтва ЕГУ павінна пайсці ў адстаўку
04.02.2018
Пра тое, чаму Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт аказаўся ў тупіковай сітуацыі, “Народнай Волі” распавёў былы старшыня студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ ў Вільнюсе Дзяніс Кучынскі.

Дзяніс Кучынскі, фота з facebook.com

Як вядома, 31 студзеня падчас нарады ўраду Літвы, у якой удзельнічалі ўсе 15 міністраў і прэм’ер, быў прадстаўлены праект і прынятае рашэнне аб адтэрміноўцы адклікання дзеючай ліцэнзіі ЕГУ да 1 ліпеня 2019 года.

 

Раней паведамлялася, што гэты ўніверсітэт атрымаў негатыўныя ацэнкі літоўскіх экспертаў і страціць дазвол ажыццяўляць навучанне са студзеня 2019 года.

 

— Сітуацыя, у якой зараз апыныўся ЕГУ, была цалкам прадказальная, — кажа Дзяніс. —  Падчас маёй працы на пасадзе кіраўніка Студэнцкага прадстаўніцтва шмат людзей папярэджвалі, што з такой сістэмай вертыкальнага кіраўніцтва, якое мала ўлічвае пажаданні студэнтаў, выкладчыкаў, грамадзянскай супольнасці, з сістэмай, якая не гатовая прызнаваць свае ўласныя памылкі і браць за іх адказнасць, далёка не пойдзеш. Дарэчы, большасць з тых, хто так казаў, вымушаны былі пакінуць ЕГУ, а некаторых проста звольнілі.

 

— На ваш погляд, што трэба змяняць у сістэме кіравання ЕГУ?

 

— Першае, што мусіць зрабіць годнае , сумленнае кіраўніцтва (менавіта адміністрацыя ўніверсітэта ), гэта прызнаць свае памылкі і пайсці ў адстаўку. Зараз яно складаецца з людзей, якія нясуць вялізарнейшую адказнасць за тое, што ЕГУ знаходзіцца на парозе свайго закрыцця.

 

Донары ўніверсітэта, яго сузнавальнікі, павінны зразумець, што цяперашняя адміністрацыя не павінна больш кіраваць універсітэтам. На мой погляд, ЕГУ мае акадэмічную супольнасць, якая б дала рады ў кіраванні ўніверсітэтам. Да таго ж, ва ўстанове працуюць таленавітыя выкладчыкі, якія таксама маюць досвед менеджарскай працы.З іншых магчымых на дадзены момант варыянтаў выхаду з сітуацыі, магло б быць таксама яднанне з іншай літоўскай ВНУ.

 

— Здаецца, такія прапановы гучалі і раней…

 

— Так, у свой час мы атрымлівалі падобную прапанову ад Універсітэта Вітаўта Вялікага, але тады на яе не звярнулі патрэбнай увагі. Зараз ужо можа быць позна.

 

— Што асабіста вам даў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт?

 

— Шчыра кажучы, я не хачу, каб ЕГУ закрываўся, бо там да сёняшняга часу працуюць людзі, якім я глыбока ўдзячны, там вучыліся і вучацца мае добрыя сябры. Навучанне дало мне асабіста і шматлікім іншым студэнтам вялізарны жыццёвы досвед і неблагую адукацыю. Шмат людзей спрабавалі выратаваць ЕГУ, аднак дэструктыўная палітыка адміністрацыі зрабіла сваю справу. І нічога дзіўнага ў сёняшняй сітуацыі няма.

 

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, якія былі незадаволены самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 год працы ў Вільнюсе выпускнікамі ўстановы сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.

 

З 2 студзеня 2018 году рашэннем агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ кіраўнік акадэмічнай часткі Аляксандр Калбаска прызначаны часова выконваючым абавязкі рэктара.

 

Днямі былы выкладчык і старшыня Сейма ЕГУ Павел Церашковіч заявіў “Белсату”, што тыя праблемы, якія сёння ёсць, ува многім узніклі з-за цяперашняга прэзідэнта ўніверсітэта Анатоля Міхайлава. Маўляў, ён “фактычна прыватызаваў універсітэт”.

па інф. Народнай волі


Дата стварэння навіны 04.02.2018

Возврат к списку