АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Княства Дармаедаў, ці Дэкрэт пра сацыяльны сепаратызм

 Княства Дармаедаў, ці Дэкрэт пра сацыяльны сепаратызм
01.02.2018
Калі глядзець і ацэньваць не намуляным беларускай выканаўчай экзотыкай вокам, дык можа скласціся адчуванне, што тэкст новага антыдармаедскага дэкрэта рыхтавалі латэнтныя анархісты.

Той, хто нарадзіўся тут, разумее: дзяржаве очэнь хацелася паваяваць з тымі, хто не плаціць падаткі і карыстаецца пры гэтым датацыйными паслугамі. Прызнаць, што ўсе магчымыя ровары ўжо даўно вынайдзеныя на Захадзе, і прапанаваць пераход, напрыклад, на страхавую медыцыну — недастаткова для нас самабытна. А ў працэсе хадзьбы мозга па замкнёным коле можа нават падацца, што ровар сапраўды вынайдзены — наш, арыгінальны, лісапедзісты, з катафотамі і бульбяным кошыкам на рагах.

 

Вось ёсць беспрацоўныя. То бок, яны, канечне, не беспрацоўныя, а дармаеды і нават не проста дармаеды, а падатканеплацельшчыкі. Задача — вымусіць іх прызнацца ў тым, што прыработак у іх ёсць. Каб яны плацілі за дэпутатаў. Што мы робім? Мы, падумаўшы амаль год, уводзім асобныя тарыфы на ўсё добрае, што дае людзям дзяржава. Каб дармаеды пачалі плаціць за гэтае добрае так, як яно каштуе насамрэч. Па «сапраўдным кошце».

 

На першы погляд дык і добрая ідэя. Бо магло, знаеце, быць і хужэ. Маглі б тых дармаедаў ды ў працоўныя лагеры, камяні цягаць. Але ж вось, злітасцівіліся. Але гэта — толькі на першы погляд. Бо на другі маем наступнае.

 

У краіне вось-вось з’явіцца велізарная сацыяльная група, да 400 тыс. чалавек (па колькасці «лістоў шчасця», якія былі разасланыя падаткавікамі ў 2016—2017-м гадах), што будзе існаваць як бы па-за дзяржавай. І тут непазбежна ўзнікне пытанне: а што такое «сапраўдны кошт» дзяржаўных паслуг?

 

Як ён вызначаецца? І ці можа ён вызначацца без канкурэнцыі? І калі ўсё добрае, што дае людзям дзяржава, мае нейкія тарыфы, дык чаму б побач з дзяржавай не нарасці рынку тых паслуг: адукацыйных установаў — для тых, хто не хоча плаціць «сапраўдны кошт» за школу, медыцынскіх — для заможных «дармаедаў», ЖКГ — для тых, хто не хоча звязвацца з дзяржаўным ацяпленнем, ніякаай прыборкай пад’ездаў і г. д.

Мы бачым цалкам анархісцкую ў сваёй сутнасці ўтопію, калі нейкія людзі пачынаюць сумнявацца ў мэтазгоднасці манапалізацыі ўрадам паслуг, якія могуць быць замоўленыя ў прыватным сектары. Але тут, у нас, гэтыя ідэі праціскаюць не маргінальныя прыхільнікі Бенджаміна Такера, не лібертарыянскія анархісты, а непасрэдна чальцы ўрада! Людзі, што пішуць дакументы, якія потым трэба неяк уводзіць у жыццё.

 

Ну, добра: скажыце мне, разумнікі: калі я, напрыклад, стварыў стартап, прадаў яго за 200 тыс. даляраў, паклаў гэтыя грошы на безадсоткавы дэпазіт і вырашыў выйсці са справаў на 5 гадоў, каб паваляць дурня — дык на другі год я для вас абібок? Мушу рэгістравацца на біржы беспрацоўных, плаціць за кожны выклік доктара дадому? А нічога, што я папярэдне сплаціў сістэме падатку столькі, колькі «добрыя грамадзяне» не плацяць і за 10 гадоў? А нічога, што пры такім раскладзе ўсе здабыткі гэтага цудоўнага айцішнага дэкрэта гэкнуцца, бо хто захоча заставацца ў краіне з непрадказальным коштам на асноўныя дзяржаўныя паслугі?

 

Ці давайце так: вось вы вылавілі ўсіх дармаедаў, яны пагадзіліся плаціць за ўсё па пераліку, устаноўленым урадам, і па цэнах, зацверджаных урадам. Скажыце, як доўга гэтыя таварышы будуць лічыць сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь? У які момант у іх з’явіцца адчуванне таго, што яны — насельнікі паралельнай сістэмы, патаемнага Княства Дармаедаў? Калі дакладна яны зададуцца пытаннем, ці не стварыць ім сваю дармаедскую мытню, сваю дармаедскую паліцыю, сваё дармаедскае войска — у дадатак да ўсіх астатніх службаў, якія існуюць у краінах на падаткавыя грошы? Бо што, як не падаткі грамадзян і выдаткі на грамадзян, робяць дзяржаву дзяржавай?

 

Папярэдняя версія дэкрэта выклікала ў галаве генетычны ўспамін пра паншчыну. Вось хто б ты ні быў, ёсць у цябе прыбытак, няма прыбытку — мусіш адпрацаваць на полі. Бо пан добры і будзе дбаць пра цябе, калі ў цябе завуркоча ў жываце ці народзіцца дзіця настолькі разумнае, што вартае будзе чатырох класаў школы.

 

Новая версія дэкрэта — пра стварэнне сацыяльнага гета з ліку тых, хто раней мусіў уносіць аброк. І ад звычайных гета для беспрацоўных і сацыяльна небяспечных у Заходняй Еўропе гэтае гета будзе адрознівацца тым, што, каб заставацца ў групе, трэба будзе мець даволі буйны прыбытак.

 

Бо хто яшчэ можа дазволіць сабе платныя медычныя паслугі? Палова гета будзе рассмоктвацца ў шэрагах наведнікаў біржаў занятасці (чытай — збіральшчыкаў камянёў на 150 руб. у месяц), палова будзе вымушаная трываць эканамічную аблогу, у якую заганяе гэтых людзей урад.

 

Гэткія ганарлівыя прыгнечаныя. Гатовыя самастойна плаціць за медыцыну, навучанне і г.д. Слова «абібок» ці «дармаед» зробіцца роўным слову «айцішнік»!

 

Я разумею сапраўдную пыху дзяржавы. Загнаць усіх беспрацоўных, напаўпрацоўных, чорнапрацоўных — у кабінеты. Да мардастых і велічных дзядзечак. Вымусіць прыніжацца. Прасіць ільготаў. Маліць «увайсці ў палажэніе». А тым, хто не прыскача, загнуць камуналку так, каб вочы вылазілі. Але ці ўлічылі вы, разумныя мае, усе нюансы, пералічаныя ў папярэдніх абзацах? Ці не перабольшваеце стаўку на сілавое руленне любых сацыяльных пытанняў? Бо нават у самага рашучага міліцыянта заўсёды ёсць сям’я, а ў ёй — нехта з ліку тых, хто раней падпадаў пад паншчыну, а зараз мусіць апынуцца ў гета, якое «плаціць за ўсё»? Ці гатовыя вы да з’яўлення Княства Дармаедаў?

 

Мой прагноз: найбліжэйшыя два гады ў чальцоў урадавых камісій па выпрацоўцы тлумачэнняў, гэтаксама як і ў дзядзечак з ліку тых, хто мусіць «сустрэцца з кожным», «увайсці ў палажэнне», будзе вельмі шмат працы. Яны будуць займацца пісанінай, балбатнёй, але ў выніку ўпруцца ў парадоксы, якія выкладзеныя ў гэтым артыкуле. Што непазбежна прывядзе да новага вяртання.

 

Мне цяжка сказаць, колькі заходаў будзе тут, але я дакладна ведаю, чым гэта скончыцца: замест нашага хвалёнага ўнікальнага лісапеда вынайдзецца звычайны бюджэтны ровар, што даўно ўжо гойсае паўсюль навокал.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by



Дата стварэння навіны 01.02.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку