АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Хто ідзе ў дэпутаты? Выбары ў лічбах

Хто ідзе ў дэпутаты? Выбары ў лічбах
31.01.2018
Крыху больш за два тыдні застаецца да дня галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. "Народная Воля" вырашыла пацікавіцца лічбамі і фактамі, звязанымі з бягучай выбарчай кампаніяй.

 Выбары 2018 у лічбах

На гэтых выбарах па ўсёй краіне сфарміравана 18.111 выбарчых акругоў. Намер прыняць удзел у выбарчай кампаніі першапачаткова выказалі 22.712 чалавек. Потым 123 з іх перадумалі і адклікалі ўласныя заявы аб жаданні балтавацца. Яшчэ 311 чалавек атрымалі адмовы ў рэгістрацыі па рашэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій. Як вынік, у выбарчую барацьбу ўступілі 22.278 чалавек.

 

Вылучацца кандыдатам на выбары можна было трыма рознымі спосабамі: (індывідуальна, шляхам прамога сбору подпісаў патэнцыйных выбаршчыкаў), працоўнымі калектывамі і палітычнымі партыямі. Закон не забараняе “змешваць” усе прапанаваныя спосабы, але самым папулярным стаў прамы збор подпісаў – так вылучыліся 16.535 прэтэндэнтаў, або 68,6% вылучэнцаў ад агульнай іх колькасці.

 

Ці  праявілі актыўнасць у вылучэнні сваіх кандыдатаў зарэгістраваныя ў Беларусі палітычныя партыі? Іх роля ў палітычным жыцці краіны і так ледзьве заўважная, і тая актыўнасць, з якой яны вылучалі сваіх прадстаўнікоў у кандыдаты, пра гэта яскрава сведчыць. Ад партый вылучана толькі 994 чалавекі, што складае 4,12% ад агульнай колькасці вылучэнцаў.

 

Лідэрам тут стала Камуністычная партыя Беларусі – вылучана 333 (зарэгістравана 317) чалавекі. На другім месцы — Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі з 267 вылучэнцамі (барацьбу працягваюць 224 чалавекі). Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” прапанавала 72 чалавекі (57 зарэгістраваны кандыдатамі), Беларуская патрыятычная партыя – 8 (кандыдатаў 3), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя  — 7(5), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 55 (46), Беларуская аграрная партыя – 2, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 79 (61), Партыя БНФ – 14 (10), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 154 (143), Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды – 3 (3).

 

Беспартыйных кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах – 21.227 чалавек, або 95,28% ад агульнай колькасці вылучэнцаў.

 

Варта адзначыць, што некаторыя зарэгістраваныя кандыдаты не хаваюць сваёй прыналежнасці да пэўных палітычных сілаў, напрыклад, да аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, аднак у афіцыйных крыніцах яны значацца “беспартыйнымі”; роўна як, напрыклад, вылучэнцы Руха “За свабоду”, які партыяй не з’яўляецца.

 

Не цяжка здагадацца,  што самая палкая барацьба за розумы і сэрцы выбаршчыкаў разгорнецца ў Мінску. Тут сфарміравана 57 выбарчых акругоў, а на дэпутацкія мандаты прэтэндуе 248 чалавек. Конкурс на месца складае 4,4 чалавекі. Самая нізкая канкурэнцыя на гэтых выбарах у пасялковых сельскіх саветах – 1,1 чалавека на месца.

 

Хто ўсе гэтыя людзі?

 

Тут мы наўмысна не будзем пераходзіць на персаналіі, каб не выказваць сімпатыі таму ці іншаму зарэгістраванаму кандыдату. Засяродзімся выключна на статыстыцы.

 

А статыстыка сведчыць пра тое, што 10.362 людзям так спадабалася дэпутацтваваць, што яны паўторна ідуць па дэпутацкі мандат – амаль палова, або 46,51% ад агульнай колькасці ўсіх, хто бярэ ўдзел у выбарчай кампаніі. Прыкладна па такой жа прапорцыі сфарміравалася і гендарнае пытанне. За дэпутацкія мандаты змагаецца 10,946 жанчын – 49,13%.

 

Кандыдатаў узростам да 30 гадоў зарэгістравана ні многа ні мала – 1169 чалавек, альбо 5,25% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы.

 

Дарэчы, у гэтых выбарах прымае ўдзел 32 грамадзяніна Расіі.

 

Найбольшую актыўнасць  у кампаніі праявілі прадстаўнікі адукацыі, культуры, навукі  і аховы здароўя – іх 6872. На другім месцы прадстаўнікі сельскай гаспадаркі – 4632 прэтэндэнты. Ідуць у палітыку і вайскоўцы з праваахоўнікамі – такіх 714 чалавек па ўсёй краіне. Супрацоўнікаў з дзяржорганаў — 2470. Адчуваюць у сабе сілы прыйсці ці застацца ў беларускай палітыцы пенсіянеры – іх 627 чалавек.

 

Найменшая цікавасць да гэтых выбараў у прадпрымальнікаў – іх усяго 427 — і беспрацоўных – 183 чалавекі.

 

Вось так выглядае “лічбавая” карціна гэтай выбарчай кампаніі. Што атрымаецца “на выхадзе” – пакажа час. Чакаць засталося недоўга — асноўны дзень галасавання прызначаны на 18 лютага.


Дата стварэння навіны 31.01.2018

Возврат к списку