АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Чаму «крамлёўскі спіс» пагражае Беларусі

Чаму «крамлёўскі спіс» пагражае Беларусі
30.01.2018
Эксперт назваў тры сцэнары, па якіх беларусы могуць пацярпець ад амерыканскіх санкцый. Арсень Сівіцкі пракаментаваў «крамлёўскі даклад», апублікаваны Мінфінам ЗША, у якім аказалася 210 чалавек з атачэння Уладзіміра Пуціна.


У экспрэс-каментар «Салiдарнасцi» даў дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. 

 

— Публікацыя гэтага спісу пакуль што не прадугледжвае аўтаматычнага ўвядзення санкцыйных мер, — тлумачыць суразмоўца. — Але, наколькі мне вядома, кангрэс Злучаных Штатаў мае намер выкарыстоўваць гэты спіс, каб уводзіць кропкавыя персанальныя санкцыі — як супраць саміх фігурантаў гэтага спісу, так і тых актываў, якія ім належаць.

 

Па словах эксперта, існуе некалькі рэчаў, якія могуць пагражаць Беларусі ў гэтай сітуацыі.

 

Першае — гэта тое, што закон, у рамках якога апублікаваны крамлёўскі спіс, мае экстэрытарыяльны характар.

 

— Гэта значыць, амерыканскія ўлады маюць магчымасць уводзіць санкцыі не толькі супраць расійскіх кампаній, але і супраць любых трэціх фізічных і юрыдычных асоб. І гэта галоўны выклік для Беларусі, таму што наша краіна знаходзіцца ў саюзе з Расіяй, а амаль усё расійскае кіраўніцтва ўнесена ў гэты спіс, не кажучы ўжо пра бізнесменаў накшталт Гуцырыева.

 

Арсень Сівіцкі нагадвае, што, паводле ацэнак Forbes, каля 22 расійскіх алігархаў маюць актывы і эканамічныя інтарэсы ў Беларусі.

 

— Гэта, у пэўным сэнсе, адкрывае скрыню Пандоры, таму што ніхто не ведае, якія прадпрыемствы апынуцца пад санкцыямі, — заўважае ён.

 

Другая праблема для Беларусі заключаецца ў тым, што літаральна за два дні да публікацыі спісу, ЗША мелі намер ўвесці дадатковыя абмежаванні супраць абаронна-прамысловага комплексу Расіі.

 

— Як вядома, каля 90% беларускага ВПК ідзе на экспарт у Расію. Як дэталі, так і гатовыя камплектуючыя — напрыклад, оптыка або шасі Мінскага завода колавых цягачоў. І тут таксама могуць узнікнуць праблемы, — лічыць эксперт.

 

Трэцяя праблема — самая важная, на думку суразмоўцы, тычыцца хутчэй не эканамічнай, а ваенна-палітычнай сферы.

 

— Пытанне заключаецца ў тым, як Расія будзе рэагаваць на гэтыя санкцыі. У яе няма інструмента для сіметрычнага рэагавання на такі спіс, затое яна можа адрэагаваць, выкарыстоўваючы свой ваенна-палітычны інструмент. Гэта можа быць нейкая дэстабілізацыя абстаноўкі, або абвастрэнне канфлікту на Данбасе або ў Сірыі.

 

І тут для Беларусі ўзнікаюць сур'ёзныя рызыкі, таму што Расія будзе патрабаваць з боку свайго саюзніка выканання абавязацельстваў і стратэгічных саступак. Гэта можа быць як арганізацыя ваеннай прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі, так і пераарыентаване гандлёвых патокаў на Расію ці ж прыватызацыя важных беларускіх прадпрыемстваў.

 

На думку эксперта, калі Беларусь адмовіцца ісці на гэтыя саступкі, то рознагалоссі будуць нарастаць, асабліва ў другой палове 2018 года.



Дата стварэння навіны 30.01.2018

Возврат к списку