АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Бізнэс у Італіі, палітыка ў Беларусі

Бізнэс у Італіі, палітыка ў Беларусі
29.01.2018
Памочнік Канапацкай, які ня супраць стаць прэзыдэнтам.

 Дзяніс Ціханенка, кандыдат у дэпутаты Мінскага гарсавету, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, стваральнік грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь». Ён распавядае радыё Свабода, як і чаму вывеў свой бізнэс за межы Беларусі, заяўляе, што ўпэўнены ў сваёй электаральнай перамозе на мясцовых выбарах, і тлумачыць, што ніколі не збіраўся расколваць АГП.


Тады я і вырашыў, што бізнэс у Беларусі трэба спыняць і пераносіць за мяжу

— Палітычна актыўным людзям вы сталі вядомыя апошні год як стваральнік кампаніі «Наперад, Беларусь» і як памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. Аднак ня будзе лішнім спытаць пра асноўныя пункты вашай біяграфіі. Як вы прыйшлі ў палітычную дзейнасьць?

 

— Калі коратка, то пачалося ўсё з прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, калі ў мяне зьявілася зацікаўленасьць палітыкай. Потым, у 2008-м годзе, я вырашыў стаць кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах. Я тады ня быў у ніякай палітычнай структуры, спрабаваў гэта зрабіць самастойна. Працаваў дырэктарам прыватнай фірмы, мы займаліся продажам аўдыя- і відэатэхнікі. І тады супрацоўнікі выканкаму мне празрыста намякнулі, кім трэба быць і якім трэба быць, каб прайсьці ў парлямэнт. Я з гэтым не пагадзіўся, і ў мяне пачаліся праблемы на працы.

 

Тады я і вырашыў, што бізнэс у Беларусі трэба спыняць і пераносіць за мяжу. У 2010 годзе я вучыўся ў ЭГУ на спэцыяльнасьці «Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні». На выбарах 2010 году я браў удзел у якасьці валянтэра. Чым гэта скончылася, мы ўсе ведаем, пасьля гэтых падзей была вялікая хваля эміграцыі, і я ў тым ліку зьехаў за мяжу. Але я працягваў сачыць за палітычнымі падзеямі, скончыў ЭГУ і прыняў рашэньне ўдзельнічаць у парлямэнцкай кампаніі 2016 году ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ад АГП, куды я ўступіў у 2012 годзе.

 

— Мне казалі вашы аднапартыйцы, што ў вашай біяграфіі была і служба ў сілавых органах.

 

— Гэта з разраду чутак. Рэч у тым, што тэрміновую службу ў войску ў далёкім 1993 годзе я праходзіў ва ўнутраных войсках. На гэтым мая «праца» ў органах, якую мне часам прыпісваюць, і скончылася. Пасьля тэрміновай службы я нейкі час працаваў у дэпартамэнце аховы. Я ня бачыў там для сябе нейкіх пэрспэктыў, і ў 1996 годзе адтуль звольніўся. На гэтым мая міліцэйская «кар’ера» скончылася.

 

— Па вашых сацыяльных сетках можна пабачыць, што вы часта бываеце за мяжой, маеце там бізнэс. Але гэта даволі нетыповы выпадак для цяперашняй беларускай палітыкі. Звычайна цяперашнія апазыцыянэры альбо беспрацоўныя, альбо ім «няма чаго губляць», ня так шмат зарабляюць. А вы маеце бізнэс і ідзяце ў палітыку. Ці не занадта рызыкоўна гэта можа быць для вас?

 

— Я цудоўна ўсьведамляў тыя рызыкі, якія мае любы ўдзельнік любой палітычнай кампаніі ў Беларусі. Таму маё рашэньне перанесьці бізнэс зь Беларусі было зьвязана менавіта з гэтым — выключыць рызыкі нейкага ціску на мяне і на маю справу. Таму я стварыў пэўную «падушку бясьпекі», каб мінімізаваць тыя рызыкі, якія зазнаюць любыя людзі альтэрнатыўных поглядаў у Беларусі. Мы ведаем шмат такіх фактаў, калі людзі могуць страціць працу і ім могуць разбурыць бізнэс.

 

Гэта было маё мэтанакіраванае рашэньне. На гэта пайшло каля 5 гадоў майго жыцьця. Адаптацыя за мяжой, фармаваньне там уласнага бізнэсу, зарабляньне там грошай, каб займацца палітычнай дзейнасьцю. І цяпер я магу зь нейкай упэўненасьцю казаць пра тое, што ў выпадку рэпрэсіўных захадаў такія рызыкі і пагрозы для мяне мінімальныя — бо ўвесь мой бізнэс за мяжой.

 

Ганна Канапацкая — ініцыятар кампаніі «Наперад, Беларусь». Калі параўноўваць зь бізнэсам, то яна заснавальнік, а я дырэктар

— Стварэньне вамі кампаніі «Наперад, Беларусь» пакуль для вас завяршылася тым, што вы выйшлі з АГП, бо большасьць партыі не падтрымала гэты крок. Вы лічыце, што на сёньня ў Беларусі мала палітычных рухаў, што трэба ствараць яшчэ адзін? Можа, вы проста пераацанілі ўплыў спадарыні Канапацкай на грамадзтва. Вы заяўлялі, што яе імя можа аб’яднаць тысячы людзей — але, безумоўна, гэта пакуль не адбылося?

 

— Безумоўна, мэта стварэньня кампаніі — прыцягнуць людзей у палітыку з той вялікай колькасьці грамадзян, які ня вызначыліся і пакуль баяцца ўдзельнічаць у палітычным жыцьці ў існуючых структурах. Цягам году, як Канапацкая працуе дэпутатам Палаты, да яе зьвярталася вельмі шмат людзей, якія хацелі дапамагчы і ўдзельнічаць у палітычным жыцьці. Мы прапаноўвалі ім зьвяртацца ў нашу партыю, але яны вельмі асьцярожна да гэтага ставіліся.

 

Крэдыт даверу, які ўзьнік да Канапацкай, калі яна стала дэпутатам, паказаў нам патэнцыял таго грамадзтва, якое ня верыць уладзе, але баіцца праяўляць сябе ў апазыцыйных структурах. Таму і нарадзілася ідэя, каб Ганна ад свайго імя арганізавала гэтую кампанію — «Наперад, Беларусь». Людзі ў гэтую кампанію прыходзяць — гэта не актывісты існуючых арганізацый, гэта новыя людзі. У нас у выбарах удзельнічае 9 чалавек, якія раней да палітыкі ня мелі ніякага дачыненьня.

 

Гэта рэальны крэдыт даверу Канапацкай, які ўзьнік пасьля таго, як апазыцыйны кандыдат трапіў у парлямэнт. Я лічу, гэта посьпех — нягледзячы на тое, якім чынам гэта адбылося. І мы пабачылі падтрымку людзей, якую яны выяўляюць непасрэдна Канапацкай.

 

​— А як цяпер сама Канапацкая ставіцца да гэтай кампаніі? Калі яна сутыкнулася зь непрыняцьцем гэтай ідэі з боку кіраўніцтва АГП і перад ёй фактычна паўстаў выбар — партыя ці «Наперад, Беларусь» — то яна выбрала партыю. На сёньня яна мае нейкае дачыненьне да гэтага руху? Ці можна сказаць, што цяпер вы лідэр і арганізатар кампаніі «Наперад, Беларусь»?

 

— Ганна Канапацкая — ініцыятар гэтай кампаніі. Калі параўноўваць зь бізнэсам, то яна заснавальнік, а я дырэктар. Ганна не парушала статут АГП стварэньнем грамадзянскай кампаніі. Адзіная прычына, чаму гучалі прапановы выключыць яе з АГП — тое, што сябра партыі ня можа быць сябрам іншай партыі. Але грамадзянская кампанія «Наперад, Беларусь» ня ставіць сабе мэтай станавіцца палітычнай партыяй, і Ганна зрабіла заяву наконт гэтага.

 


​— А як вы ставіцеся да тых абвінавачаньняў, што мэта ўсёй вашай дзейнасьці вакол «Наперад, Беларусь» — гэта раскалоць АГП?

 

— Гэта сьмешныя довады. На сёньня ніводзін сябра АГП ніадкуль ня выйшаў і не прыйшоў у нашу кампанію. Людзі робяць свой выбар сьвядома, уступаючы ў тую ці іншую арганізацыю. Гаварыць, што мэтай стварэньня кампаніі «Наперад, Беларусь» быў раскол АГП — гэта прынамсі сьмешна. Я разумею, чаму ў людзей узьніклі нейкія такія страхі — але на чым яны грунтуюцца, трэба ў іх пытацца. Гэтыя іхнія домыслы нічым не пацьверджаныя і ніколі ня будуць пацьверджаныя. Такой мэты не было, яна ніколі ня ставілася. І нічога такога ніколі не адбудзецца.

 

Сёньня я не сумняюся ў сваёй электаральнай перамозе

— Вы даволі актыўна бераце ўдзел у цяперашняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы, цяпер вы ўжо зарэгістраваны кандыдат у менскі гарадзкі Савет. Наколькі я разумею, у вас ёсьць канкурэнт, якога можна назваць «афіцыйным». На што вы спадзеяцеся? Выкарыстаць кампанію як сродак дайсьці да насельніцтва? Ці мяркуеце, што можа здарыцца такая сытуацыя, у якой вас могуць прапусьціць у Савет?

 

— Я, безумоўна, не лічу выбары ў Беларусі сумленнымі і свабоднымі. Мы выдатна ўсьведамляем, што фактычна на сёньня праходзіць прызначэньне патрэбных дэпутатаў — ілюзій наконт гэтага няма. Сёньня мы можам казаць пра два фарматы — байкот выбараў або ўдзел з мэтай трапіць у мясцовыя Саветы. Бо ў любым выпадку гэта будзе посьпех, зьяўленьне новых магчымасьцяў, з дапамогай якіх можна пашыраць свой уплыў у грамадзтве.

 

Я пачаў сваю кампанію ў красавіку. І магу сказаць. што магчымасьці працаваць зь людзьмі ёсьць заўсёды. Ніякіх перашкодаў для гэтага ўлада мне не чыніла. Для гэтага, натуральна, трэба выкарыстоўваць ня мэтады актыўнага процістаяньня (незарэгістраваныя мерапрыемствы). Для гэтага існуе мноства іншых спосабаў камунікацыі зь людзьмі — сустрэчы ў дварах, размовы, правядзеньне дваровых сходаў, на якіх я выяўляў праблемы людзей. Гэта мясцовыя праблемы, якія мне ўдавалася часта вырашыць, і я атрымліваў вялікую падтрымку сярод выбарцаў акругі.

 


Таму сёньня я не сумняюся ў сваёй электаральнай перамозе. Мая праца ў акрузе ад красавіка дазваляе мне казаць, што ўлада на гэта зьвяртае ўвагу. Калі на выбарах зьяўляецца незразумелы кандыдат ад апазыцыі, які першы раз зьявіўся ў акрузе, — ён не ўяўляе ніякай пагрозы для ўлады. Але калі ёсьць чалавек, які адпрацаваў у акрузе год (а яшчэ лепей 4 гады) — то ўладам даводзіцца з гэтым лічыцца. Таму я не магу сказаць адназначна, якое рашэньне будзе прынята па кандыдатурах у нашай акрузе. Я бачыў перадвыбарчыя ўлёткі майго канкурэнта, гэта намесьнік дырэктара «Кераміна» — дык ён у сваёй праграме цалкам паўтарае тыя праблемы, якія мне ўдалося выявіць і рашаць.

 

Лічу, што электаральная перамога будзе за мной. І гэта даказаў збор подпісаў. Мы з Ганнай сабралі цягам тыдня ня толькі неабходны мінімум (150 подпісаў) — мы сабралі больш за тысячу подпісаў. Тыя людзі, якія ведалі мяне за гэты год па працы ў акрузе — яны мяне пазнавалі і падтрымлівалі. І гэта сэнс нашай працы — вось чаму трэба ісьці на выбары. Калі ўлада бачыць падтрымку людзей нейкай пэрсоне альбо сацыяльнай зьяве — яна ідзе на саступкі. Як гэта адбылося з дэкрэтам нумар 3, які быў адменены.

 

— Наколькі далёка прасьціраюцца вашы палітычныя амбіцыі? Чалавек, калі выбірае нейкі від дзейнасьці, звычайна бачыць нейкую мэту ў гэтай сфэры. Кім вы бачыце сабе ў палітыцы — дэпутатам, лідэрам партыі ці нечым большым?

 

— Як у той прыказцы, «кепскі той салдат, які ня марыць стаць генэралам». Любы палітычны актывіст, які мае амбіцыі, павінен ставіць максымальныя мэты. Вядома, сьмешна зараз было б казаць, што мая мэта — прэзыдэнт краіны. Але да гэтага трэба імкнуцца.

 

Не абавязкова гэтым чалавекам магу быць я. У нашай краіне і ў апазыцыі ёсьць людзі, вартыя гэтай пасады, якія могуць і павінны кіраваць краінай. Таму я бачу асноўнай сваёй мэтай — каб наступным прэзыдэнтам краіны стаў чалавек, які рэальна будзе разьвіваць нашу дзяржаву, рабіць яе багацейшай, людзей і грамадзтва моцнымі, здаровымі і багатымі. На гэта і будзе накіраваная мая дзейнасць.


Дата стварэння навіны 29.01.2018

Возврат к списку