АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе?

Навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе?
29.01.2018
Беларусь наведаў спецпрадстаўнік Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кент Харстэд. Наведаў, фактычна, з адным пытаннем: чаму краіна не выконвае рэкамендацыі АБСЕ па паляпшэнні выбараў?

«У мяне для вас вельмі кепская навіна. Да нас едзе рэвізор», — прыкладна пад такім дэвізам прайшоў тыдзень у кіраўнічай вертыкалі.

 

АБСЕ выдавала свае рэкамендацыі і па прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, і па парламенцкіх 2016-га. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звыкла зацягвала вырашэнне пытання, каб гэтак жа звыкла адказаць: «Распачалася новая выбарчая кампанія, а коней на пераправе не мяняюць». Зараз да адказу на пытанне пра адсутнасць рэакцыі на рэкамендацыі АБСЕ яна падышла даволі крэатыўна. Маўляў, Аляксандр Рыгоравіч думае мадэрнізаваць Канстытуцыю, а змена Канстытуцыі адначасова з’яўляецца і зменай выбарчай сістэмы. Таму просім не перашкаджаць нашаму мазгавому працэсу.

 

Заўважым, што рэкамендацыі АБСЕ наконт беларускіх выбараў насамрэч ніяк не тычацца канстытуцыйнага ладу. Заўваг АБСЕ, па факце, тры: разабрацца з нашым фенаменальным датэрміновым галасаваннем, уключаць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі і здзяйсняць празрысты падлік галасоў, каб назіральнікам паказвалі бюлетэні. Ніякай карэкціроўкі Асноўнага закону для гэтага не трэба рабіць.

 

Безумоўна, беларуская Канстытуцыя патрабуе мадэрнізацыі: пра гэта кажуць ужо гадоў пяць. У сённяшнім варыянце гэтага дакумента дагэтуль існуе Эканамічны суд, які Лукашэнка даўно скасаваў. І таму Канстытуцыю трэба прывесці ў адпаведнасць з рэаліямі, што зрабіць можна толькі на рэферэндуме. Але, зноў жа, выключэнне з Асноўнага закону неіснуючага ўжо суда ніяк не тычыцца выбарчай сістэмы, а таму не можа замінаць выкананню рэкамендацый АБСЕ.

 

Пра якія ж змены ў Канстытуцыі кажа Ярмошына?

 

Беларускія палітолагі і аналітыкі кажуць, што асноўны варыянт магчымых зменаў — даўно абмяркоўваемы пераход ад мажарытарнай сістэмы выбараў на мажарытарна-прапарцыйную (змешаную) сістэму, калі частка дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах.

 

Але ў той жа час днямі ў Мінску прайшоў з’езд праўладнага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». І колькі кажуць пра змешаную сістэму выбараў — столькі ж кажуць пра пераўтварэнне «Белай Русі» ў партыю ўлады. Гэтага пераўтварэння на з’ездзе не адбылося. А значыць, і выбараў па партыйных спісах не будзе — як мінімум, да наступнага з’езду арганізацыі.

 

Разумныя галовы абмяркоўвалі яшчэ шмат ідэяў, як можна змяніць Канстытуцыю, закрануўшы выбары. Узгадалі прапанову ЛДПБ пра павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта да сямі гадоў, а дэпутатаў — да пяці. Праслізнула думка пра выбары прэзідэнта не народам, а парламентам. Але ўсё гэта — праекты, над якімі яшчэ думаць і думаць, калі Лукашэнка ўвогуле пра гэта задумваецца.

 

Але, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам ніякага рэферэндуму мы не дачакаемся. Зараз 2018 год, і неўзабаве пройдуць выбары ў мясцовыя саветы. А значыць, бюджэт і ліміт выбараў сёлета вычарпаны. У мінулым нумары мы пісалі пра тое, што Ярмошына хоча развесці па часе парламенцкія ды прэзідэнцкія выбары 2020 года і адны з іх перанесці на 2019-ты. Такім чынам, нейкая палітычная кампанія нас чакае ў наступным годзе. А сумяшчаць яе і рэферэндум, калі ўжо развялі выбары, будзе нелагічна. Народ справядліва запытае, чаму разам праводзіць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары нельга, а выбары і рэферэндум — можна.

 

У 2020-м будзе яшчэ адна выбарчая кампанія. Пытанне ўзнікне тое ж.

 

І, калі кіравацца логікай, рэферэндум па Канстытуцыі адкладаецца на 2021 год. Праўда, логіка ўлады можа быць адрозная ад нашай. Але і тут ёсць пэўныя моманты. Напрыклад, ці зручная зараз сітуацыя, каб нешта мяняць у выбарчай сістэме і Асноўным законе?

 

Адказ на гэтае пытанне: «Хутчэй не, чым так». У народа расце незадаволенасць дзеяннямі ўладаў: нізкімі заробкамі, тым, што па словах Лукашэнкі, «мы жывем не добра, а сціпла», рэспубліканскімі і мясцовымі праблемамі і поўнай адсутнасцю перспектыў кардынальнага паляпшэння сітуацыі. Увогуле, большасць беларусаў занятая зараз проста выжываннем, што яскрава паказвае кампанія па выбарах у мясцовыя саветы: ужо зарэгістравалі кандыдатаў, але асаблівага ажыятажу з гэтай нагоды што ў прэсе, што сярод насельніцтва няма.

 

Абвяшчаць у такіх абставінах рэферэндум, а тым больш забяспечыць на яго яўку — задача звышскладаная. А на ім жа трэба яшчэ і атрымаць «элегантную перамогу»! Наўрад ці нехта будзе рабіць рэферэндум нашармака.

 

Дый навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе?

 

Такім чынам, размовы Ярмошынай пра мадэрнізацыю Канстытуцыі, рэферэндум і тое, што менавіта гэтыя акалічнасці тармозяць выкананне рэкамендацый АБСЕ, — толькі размовы.

 

АБСЕ можа не чакаць выканання сваіх рэкамендацый як мінімум да 2021 года. Таму што ў нас зноў выбары тры гады запар, і зноў «коней на пераправе не мяняюць». А далей — як у показцы пра Хаджу Насрэдзіна: альбо ішак здохне, альбо султан памрэ.

Сяргей Пульша, Новы час, здымак Белновости


Дата стварэння навіны 29.01.2018

Возврат к списку