АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Як Украіна вярнула родную мову ў адукацыю

Як Украіна вярнула родную мову ў адукацыю
25.01.2018
У 1991 годзе большасць украінскіх школьнікаў атрымлівала адукацыю не на роднай мове. 45% школьнікаў навучалася на ўкраінскай мове, а 55% — на рускай.

Праз дзесяцігоддзе ўкраінская мова вярнула свае пазіцыі. 72,5% школьнікаў вучыліся па-украінску.

 

У некаторых гарадах рускія школы цалкам зніклі яшчэ ў 1990-я. Напрыклад, у Роўне апошняя руская школа закрылася яшчэ ў 1996 годзе. Рускамоўныя грамадзяне спрабавалі адкрыць рускую школу ў горадзе, але дзяржаўнае ўпраўленне адукацыі заўсёды адмаўляла ім, матывуючы сваё рашэнне недастатковай колькасцю ахвотных і недахопам сродкаў.

Зараз з’явіліся новыя дадзеныя ўкраінскага Інстытута адукацыйнай аналітыкі па мове навучання ўкраінскіх школьнікаў за 2017 год. Можна з упэўненасцю сказаць, што Украіна канчаткова вярнула сваю нацыянальную мову ў дашкольную і сярэднюю адукацыю.

 

На сёння ва Украіне толькі 7% дзяцей атрымлівае адукацыю на рускай мове (без уліку акупаваных тэрыторый) — каля 278 тысяч чалавек. Большасць рускіх школ — на поўдні і ўсходзе краіны.

 

У некаторых рэгіёнах не засталося ніводнай рускай школы — у Ровенскай, Жытомірскай, Валынскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Кіеўскай і нават у самім Кіеве. У пералічаных рэгіёнах 100% школьнікаў навучаецца па-украінску. У некаторых школах руская мова працягвае вывучацца як асобны прадмет ці факультатыў.

 

Больш за ўсё рускіх школ у Харкаўскай і Адэскай абласцях (па 107), Данецкай і Луганскай (па 100). Але нават там большая частка школьнікаў навучаецца па-ўкраінску.

 


Існуе невялікая колькасць школ, дзе навучанне адбываецца і на іншых мовах нацыянальных меншасцяў: на Закарпацці ёсць венгерскія і румынскія школы, у Чарнавецкай і Адэскай абласцях румынскія (малдаўскія) школы, у Івана-Франкоўскай і Львоўскай вобласці ёсць 3 польскія школы.

У хуткім часе руская мова ўвогуле знікне з украінскіх школ. У верасні 2017 года Пятро Парашэнка падпісаў закон, які будзе дазваляць выкладаць у школах толькі на мовах карэнных народаў Украіны (украінцы, крымчакі, крымскія татары, караімы). І толькі некалькі прадметаў можна будзе выкладаць на мовах краін ЕС (гаворка тут ідзе пра венгерскую, польскую, румынскую мовы).

 

Такім чынам, ужо ў 2020 годзе ва Украіне не застанецца ніводнай рускай школы.

 

Максім Маханькоў, інфаграфіка Волі Афіцэравай, НН


Дата стварэння навіны 25.01.2018

Возврат к списку