АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Самыя яскравыя выказванні з інтэрв'ю Міхала Анемпадыстава

Самыя яскравыя выказванні з інтэрв'ю  Міхала Анемпадыстава
24.01.2018
Сёння ня стала беларускага дызайнэра, графіка, фатографа, паэта і перакладчыка, аўтара культавага «Народнага альбому» Міхала Анемпадыстава. Яму было 53 гады.

Міхал Анемпадыстаў — пра сям'ю, шлях да беларушчыны і ролю людзей культуры, паведамляе радыё Свабода.

 

Пра сваё імя і прозвішча

«Прозвішча ўтворанае ад імя Анемпадыст. Калі паглядзець праваслаўныя ​сьвятцы, там ёсьць гэтае імя. Яно досыць экзатычнае, гэта я ўсьведамляю і ўсё жыцьцё адчуваю праблемы з прозьвішчам. Ясна, што яно цяжка кладзецца для вуха, але ўжо калі запомніцца, дык надоўга. Вельмі па-рознаму мяне называлі... Палякі заўсёды дадаюць пасьля „па“ літару „н“. Ім, відаць, так прасьцей — Анемпандыстаў. Нашы мяняюць — Амнепадыстаў. А самыя шыкоўныя варыянты былі ў войску. Адна была вэрсія Антыфашыстаў, а другая — Апладысмэнтаў.

 

Імя такое з вучэльні. У мяне была стрыечная бабуля ў Польшчы і я час ад часу туды да яе езьдзіў і быў ці не адзіным чалавекам у вучэльні, які выяжджаў за мяжу. Так што там гэты факт быў вядомы. Таму такая спалянізаваная форма й замацавалася — Міхал. Па-беларуску слушна Міхал».

 

Пра сям’ю

«У мяне сям’я не беларуская. Маці паходзіць з-пад Варонежа. Іх раскулачылі ў свой час, іхную сям’ю, яна была досыць заможная. Іх раскулачылі і саслалі прадзеда й адзінага сына на Салаўкі, яны будавалі Салавецкі канал... А тата з Рагачова. Яны туды патрапілі падчас першай сусьветнай вайны. Бо дзед падчас той вайны служыў. А ў 1937-м годзе ў Рагачове арыштавалі майго дзеда. Першага верасьня бацька пайшоў у першы клас, а шостага верасьня арыштавалі ягонага бацьку. І больш ён яго ніколі ня бачыў. А з папераў вынікае, што яго ўжо ў кастрычніку расстралялі...

 

У мяне сям’я не беларуская. Маці паходзіць з-пад Варонежа

..Я мінчук, я нарадзіўся ў Мінску. А жылі мы спачатку на бульвары Шаўчэнкі, а пасьля, калі мне было пяць гадоў, пераехалі на Камароўку. Так што для мяне Менск безумоўна родны горад, які я люблю і нават ведаю.

 

А бацькі не мінчукі. Як большасьць нашых бацькоў, яны прыехалі ў Мінск. Мама прыехала са Львова. У 1940-я гады яна скончыла там геалягічны тэхнікум, пасьля прыехала ў Мінск і працягвала вучобу ўжо ў менскім унівэрсытэце. І працавала там адразу. Мама геоляг і географ па адукацыі. А тата прыехаў у Мінск з Баранавічаў... Дакладней, з Масквы ці з Падмаскоўя нават. Бо ў вайну ён быў у Баранавічах, скончыў там школу пасьля вайны. Скончыў вельмі добра, з залатым мэдалём. Але паколькі ён быў сынам рэпрэсаванага, дык ня мог нікуды паступіць. І яму давялося ехаць у Маскву і паступаць у інстытут, куды прымалі ўсіх — у Маскоўскі горны інстытут. І пазьней ён працаваў на шахце ў маскоўскім вугальным басэйне як горны інжынэр».

Пра Мінскую мастацкую вучэльню і беларускую мову

«Мінская мастацкая вучэльня, на маю думку, была тады кузьняй творчых асобаў. І там была вельмі плюралістычная і свабодная палітыка, якая праводзілася настаўнікамі. Ясна, што гэта не была канцэпцыя ўсёй вучэльні. Дырэктар пільнаваў гэтую сытуацыю і час ад часу пісаў скаргі ў КДБ. А настаўнікі былі абсалютна незалежныя людзі.

 Калі я прыйшоў у вучэльню, па-беларуску гаварыў адзін чалавек

Калі я прыйшоў у вучэльню, па-беларуску гаварыў адзін чалавек. Хведар Кашкурэвіч. А калі ён прыйшоў у вучэльню, то і перад ім адзін чалавек гаварыў па-беларуску. Гэта быў нейкі габрэй, якога прозвішча ня ведаю, ён зьехаў пазней у Ізраіль, але ён якраз, са словаў Хведара, яго заахвоціў і падтрымліваў жаданне Хведара гаварыць па-беларуску».

  

Пра «Майстроўню» і далучэньне да беларушчыны

«Я прыйшоў, калі «Майстроўня» ўжо функцыянавала і там было досыць шмат людзей. Яна ўжо мела сваю мікрагісторыю... Мне тады ўсё было цікава і я хадзіў ня толькі на «Майстроўню», але і ў розныя іншыя месцы. Тады мы пазнавалі жыцьцё й спрабавалі знайсьці сваё месца ў ім. І адным з такіх месцаў была «Майстроўня».

 

Мяне цікавіла ня толькі беларуская мова і народная музыка, якая, дарэчы, менш за ўсё мяне цікавіла ў «Майстроўні». Мне больш цікава было слухаць даклады, а таксама было важна гаварыць па-беларуску...»

 

Пра ідэю стварэньня «Народнага альбому»

«Задумы як такой і не было спачатку. Першы тэкст, які я напісаў, быў „Настаўнік Рагойша“. Ён напісаўся вельмі-вельмі даўно. Пазьней, праз добры час, вярнуўся да гэтай тэмы. Тады ўжо і ўзьнікла задума стварыць там нейкую нізку тэкстаў і ўсё гэта спалучыць у адным альбоме».

 

Пра тое, чаму «Народны альбом» так і не паставілі не сцэне Купалаўскага

Заяўка была зацьверджаная Міністэрствам культуры. А пазьней на спэктакль не знайшлося фінансаваньня

да іншых суб’ектаў гаспадарчай дзейнасьці: пішацца спачатку заяўка, ствараецца нейкі тэматычны плян, ён зацьвярджаецца, тады зь бюджэту выдзяляецца пэўная сума на рэалізацыю гэтых плянаў. І мы распачалі гэты працэс. На замову, і гэта праўда, мы напісалі гэтую п’есу, ці лепш назваць яе ня п’есай, а сцэнаром, бо яна такая даволі гнуткая і дазваляе пэўныя трансфармацыі. Пісалася, што таксама праўда, пад канкрэтнага чалавека, Мікалая Пінігіна, пад ягоную стылістыку, пад ягоную манеру.

 

Была зробленая заяўка, яна была пастаўленая ў тэматычны плян тэатру імя Янкі Купалы і была зацьверджаная Міністэрствам культуры. А пазьней на спэктакль не знайшлося фінансаваньня. Так што ўсё атрымалася вельмі празаічна».

 

Пра асабістую прастору беларуса

«Якраз гэта праблема вялікая нашых гарадоў — прастора, ня тоесная чалавеку. Тое, што адбываецца цяпер (2003 год. — РС) зь Верхнім горадам у Мінску — зьнішчэньне тоеснай прасторы, якая яшчэ захоўвалася, невысокія дамы, дрэвы, замкнёная прастора без даляглядаў і стэпаў.

   Чалавека, чыя асабістая прастора парушаецца, напрыклад, пры цісканіне ў транспарце, апаноўвае паніка, ён робіцца агрэсіўны або прыгнечаны, сьцьвярджаюць псыхолягі. Паліцыйны падручнік правілаў допыту навучае сьледчага сядзець як наймага бліжэй да паддопытнага, і каб паміж імі не было бар’еру — стала, напрыклад. Тады чалавек хутчэй выдае сакрэты...

 

Беларус праводзіць у такіх анамальных умовах ледзь ня ўсё жыцьцё — змалку. Дзеці растуць у цесных кватэрах, ня маюць уласнага пакоя, нават кутка для сну, вучобы. Чалавек, якога зацесна атачаюць іншыя людзі, аддаляецца ад свае чалавечае прыроды».

 

Пра мінскую Асмалоўку

«Каштоўнасьць Асмалоўкі ў тым, што гэта цэльная забудова па адным праекце. Яна выбітная на прасторы Менску. З пункту гледжаньня архітэктуры гэта добрыя будынкі. Вельмі прафэсійна прапрацаваныя прапорцыі. Дэкору там няшмат, але зроблены ён на высокім узроўні. Прадуманыя дэталі, на якія звычайны чалавек не зьвяртае ўвагі.


Гэта добры прыклад савецкай архітэктуры для людзей пампэзнасьці, характэрнай для паваеннай архітэктуры. Там ёсьць чалавек, няхай гэта і генэрал ці адстаўнік. Але і ён таксама чалавек. Гэта прастора для быцьця чалавека. І яшчэ важны момант.

 

Над Асмалоўкай увесь час навісала небясьпека зносу, і таму ў раёне нічога не рабілася. У гэтых кварталах захавалася некранутая атмасфэра. Агароджы засталіся, хоць па ўсім горадзе іх даўно павыломвалі. Дрэваў вельмі шмат, хоць па ўсім горадзе іх пасьпілоўвалі. Там адчуваньне нязьменнасьці часу. Гэта прастора, якая зьнітоўвае некалькі пакаленьняў».

 

Пра вызначэньне нацыянальнай культуры

«Для мяне на першым месцы стаіць такое азначэньне, як пераемнасьць. І хоць тэрмін «беларуская культура» адносна новы, ён зьявіўся ў 19-м стагодзьдзі, ён ахоплівае і ўсё тое, што было і раней на гэтай тэрыторыі. Пераемнасьць пачынаецца ад пракаветных часоў і завяршаецца нашым часам, бо нацыя пачынаецца не ад зафіксаваных гісторыкамі падзеяў, а ад самага пачатку зьяўленьня людзей на пэўнай тэрыторыі.

 

Грамадзяне Беларусі існуюць у розных культурных прасторах

... Я б сказаў, што ў Беларусі існуе беларуская культура, якая збудаваная пераемнасьцю, якая шануе базавыя каштоўнасьці і тым самым падпадае пад азначэньне нацыянальнай культуры. І існуюць іншыя розныя культуры, якія не падпадаюць пад гэтае азначэньне. То бок можам казаць пра грамадзянаў Беларусі, якія існуюць у розных культурных прасторах».

Пра ролю і місію людзей культуры

«Я заўсёды быў пэсымістам адносна ўплываў культуры на рашэньні канчатковыя. Мне здаецца, што, тое, што могуць зрабіць людзі культуры і мусяць рабіць — гэта ствараць культурны кантэкст, а культурны кантэкст — і ёсьць такая сытуацыя, калі палітыкі выдатна ведаюць, што робяць дзеячы культуры, дзеячы культуры ведаюць палітыкаў, таму што, у прынцыпе, гэта ўсё называцца адным словам — нацыянальная эліта. Сюды можна далучыць і бізнэсоўцаў, усіх людзей, якія робяць нешта значнае».

 

Пра галоўны колер беларусаў

Фота з выставы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

​«Для нас, як і для балтаў, галоўны колер — белы. Разам з тым няма рэзка адмоўнай канатацыі чорнага — у беларускай дахрысьціянскай культуры ён ня ёсьць носьбітам зла ці колерам жалобы. Альбо, скажам, шэры: у народнай культуры зьвяркі — героі калыханак, казак — усе шэрыя. Шэры — як абярэг, як зона спакою, бясьпекі. Чырвоны — таксама важна, але ў беларусаў ён ніколі ня быў дамінуючым, толькі ў якасьці акцэнту».


Дата стварэння навіны 24.01.2018

Возврат к списку