АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ігар Жалязоўскі: "Я допінг ніколі не ўжываў і ня думаю, што ўсё трымаецца толькі на ім"

Ігар Жалязоўскі: "Я допінг ніколі не ўжываў і ня думаю, што ўсё трымаецца толькі на ім"
24.01.2018
Беларускі канькабежац, шматразовы чэмпіён свету, двухразовы прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі "стаяў пад бел-чырвона-белым сцягам, ганарыўся, што прынёс медаль сваёй краіне".

Ігар Жалязоўскі ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Аднак на радзіме ягоны досьвед незапатрабаваны. Чаму?

Пра крутыя віражы лёсу і цяперашнія жыцьцёвыя прыярытэты выбітны спартовец пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды за два тыдні да старту XXIII Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.


Зорная кар’ера і непатрэбны імпэт спартовага функцыянера

Тры дзясяткі гадоў таму прозьвішча Жалязоўскага ў вялікім спорце стала сынонімам неверагодных чалавечых магчымасьцяў. Ён адзін з наймацнейшых канькабежцаў-спрынтэраў свайго часу, рэкардсмэн свету на дыстанцыях 1000 і 1500 мэтраў і ў спрынтэрскім шматбор’і.

 

З агульных 88 стартаў на этапах Кубку свету 54 разы ўздымаўся на подыюм, з іх 30 — на найвышэйшую прыступку. Тры гады запар беларус перамагаў у агульным заліку Кубку свету (1991-93). Шасьціразовы чэмпіён свету (1985, 1986, 1989, 1991, 1992, 1993) — дасягненне, якое стала падставай для ўключэння ў Кнігу рэкордаў Гінэсу.

Пяць разоў прызнаваўся найлепшым беларускім спартоўцам (1985, 1986, 1989, 1991, 1993).

 

Што не атрымалася ў прафэсійнай біяграфіі, дык гэта паставіць тлустую кропку ў выглядзе алімпійскага золата. Жалязоўскі — адзін з тых спартоўцаў, якія, хоць і былі наймацнейшыя ў сваім відзе, так і не скарылі Алімпу.

 

Тым ня меней стаў першым у гісторыі атлетам, хто здабыў алімпійскую ўзнагароду для незалежнай Беларусі — срэбра Лілехамэра ў 1994 годзе (шасьцю гадамі раней была бронза ў Калгары, але ў складзе зборнай СССР).

Жалязоўскі на Алімпійскіх гульнях 1988 году ў Канадзе

 

У 30-гадовым узросце, акурат пасля знакавай ва ўсіх сэнсах Алімпіяды, Ігар Жалязоўскі абвясьціў пра заканчэньне кар’еры.

 

Перайшоў на адміністрацыйную працу, стаў дарадцам міністра спорту. З улікам практычнага досьведу верыў, што здольны скіраваць беларускі спорт у бок разьвіцьця. Аднак сыстэма адмахнулася, агульнай пазыцыі з кіраўніцтвам ведамства знайсьці не ўдалося.

 

«Калі прыйшоў у міністэрства, было і жаданьне, і сілы, і ідэі, — згадвае ён. — Сьвежы, незамылены позірк. Мяне не цікавіла матэрыяльная частка, хацелася прывесьці ў адпаведнасьць з сучаснымі патрабаваньнямі відавочна састарэлыя рэчы. Аказалася, ня ўсё так проста. Міністар Уладзімер Рыжанкоў на ўсе прапановы — маўляў, які сэнс разьвіваць від, дзе няма базавых умоваў — толькі вочы закочваў. Вядома, цяжка ўзяць і сысьці. Усё ж значная частка жыцьця (мабыць, лепшая) прайшла ў спорце, таму і выхад быў паступовы. Пасьля Лілехамэра наступныя 10 гадоў заставаўся ў сыстэме — спачатку з жаданьнем, а потым гэта пачало раздражняць».

 

У сярэдзіне 1990-х пачалася праца над стварэньнем Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі, і маладога ды ініцыятыўнага функцыянэра адправілі на «падвышэньне», фактычна — «сплавілі» прэч з вачэй. Узначальваў арганізацыю цягам 1996–2001 гадоў, аднак ва ўмовах дзяржаўнага дыктату разгарнуцца напоўніцу таксама не ўдалося.

 

Паралельна на працягу 13 гадоў кіраваў Беларускім саюзам канькабежцаў, у рамках якога, апроч профільнай дысцыпліны, адказваў за падрыхтоўку фігурыстаў і майстроў шорт-трэку. Заяву аб сыходзе на ўласнае жаданьне задаволілі ў 2005-м.

 

Быў сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, на пачатку нулявых выведзены зь яго складу. Фармальнай прычынай стала тое, што праігнараваў алімпійскі сход з удзелам прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Сам Ігар Жалязоўскі «прагул» тлумачыць тым, што якраз пачаў спрабаваць сілы ў бізнэсе і ня мог зьявіцца на нараду на першы пстрык пальцаў — тэрміны перад гэтым ня раз пераносіліся.


«Магчыма, мяне ўспрымаюць як занадта крытычнага чалавека,  

Я не хачу, груба кажучы, хадзіць і за кімсьці падціраць розныя рэчы

чужароднага сыстэме стабільнасьці, — кажа ён. — Насамрэч, я рэаліст. І ў спорце шмат чаго дасягнуў перадусім таму, што заўсёды рэальна ацэньваў сытуацыю. Я не хачу, груба кажучы, хадзіць і за кімсьці падціраць розныя рэчы. Я такі, як ёсьць, гавару, што лічу патрэбным, не магу прамаўчаць там, дзе было б выгадна. І ні ў якім разе ня буду ісьці насуперак сваім перакананьням. Таму, натуральна, калі няма агульных інтарэсаў, дык ня трэба і пачынаць ніякую справу».

 

З чыноўнікаў — у бізнэсоўцы

Адсутнасьць інтарэсу да рэфармаваньня галіны з боку зацікаўленых ведамстваў і ўсё большы вал крытыкі на адрас неўтаймаванага «падбухторшчыка» ўрэшце прымусілі сысьці з пасады.

 

У беспрацоўнай паўзе малодшы брат Валеры прапанаваў далучыцца да свайго бізнэсу, зьвязанага з пастаўкамі ў Расею прадукцыі менскага «Кераміну». Авансам атрымаў пасаду гендырэктара, стаў кіраваць падразьдзяленьнем у Маскве.

Кампанія разрасталася, дасьпелі да таго, каб наладзіць уласную вытворчасьць. Сёньня ў склад АТА «Фрылайт» уваходзяць прамысловыя магутнасьці пад гандлёвымі маркамі «Ўральскі граніт» і «Кераміка будучыні». Прадукцыя сярэдняга і вышэйшага цэнавага сэгмэнту мае скласьці канкурэнцыю замежным для Расеі брэндам, у тым ліку і «Кераміну». Галаўны офіс Жалязоўскага-старэйшага — у «закрытым» горадзе Сьнежынску Чалябінскай вобласьці, дзе месьціцца адзін з керамічных заводаў.

«Бізнэс брата, ягоных калегаў узнік як гандлёвая кампанія на базе «Кераміну», — кажа Ігар Жалязоўскі. — Стваралі тэрмінальныя склады, лягістычныя цэнтры, якія забясьпечвалі дастаўку прадукцыі па Расеі. Справы ішлі добра, пачалі будаваць свае заводы. Першы зьявіўся ў Піцеры, потым у Сьнежынску, дзе я афіцыйна працую, трэці нядаўна адкрылі ў Балабанаве Калускай вобласьці. Да «Кераміну» ніякага дачыненьня ўжо ня маем. Яшчэ калі закладалі першае прадпрыемства, узьніклі рознагалосьсі. І мы рушылі ў самастойнае плаваньне, асобна ад «Кераміну».

 

Каток аршанскага льнокамбінату і выхад на міжнародную арбіту

Ігар Жалязоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1963 году ў Воршы. Займацца канькамі пачаў у трэнэра Мікалая Гапеенкі, які знайшоў таленавітага выхаванца мэтадам выключэньня — хадзіў на ўрокі фізкультуры і адбіраў для трэніровак найбольш выносьлівых хлопчыкаў.

 

Да 8-й клясы Ігар ужо намотваў па 100 кругоў на катку мясцовага льнокамбінату, які залівалі на беразе Дняпра — цяпер на тым месцы пляцоўка для хакею на траве. Ужо ў 16 гадоў яго забіраюць у зборную СССР, зь ім працуюць спэцыялісты найвышэйшага ўзроўню. Найбольшы ўнёсак у загартоўку будучага чэмпіёна зрабіў вядомы расейскі спэцыяліст Валеры Муратаў.

 

Развал савецкай імпэрыі і страта базавай інфраструктуры

Ігар Жалязоўскі кажа, што даўно па-за публічнай сфэрай, таму ня мае ніякага жаданьня «свяціцца» ў якасьці вялікага знаўцы працэсаў у сучасным спорце. Паўтара дзясятка гадоў у новым статусе дадалі разуменьня, што жыць выключна былымі перамогамі — шлях у пэўным сэнсе тупіковы.

 «Я амаль ня ўдзельнічаю ў спаборніцтвах — маю на ўвазе ў якасьці госьця, — кажа ён. — Праца суправаджаецца няспыннымі раз'ездамі паміж Масквой, Піцерам, Чалябінскам, Мінскам, часу на цырыманіялы няма. Дый рэальны інтарэс да спорту аціх. Мала сачу нават за значнымі падзеямі. Выключэньне — хіба свае дысцыпліны, мужчынскія спрынтэрскія праграмы. Проста сам па сабе цікавы, эмацыйны від. Я ж былы канькабежац, прафэсіянал, які нібыта ведае ўнутраную кухню. Але, па вялікім рахунку, ад усяго дыстанцыяваўся».

 

Пасьля завяршэньня канькабежнай кар’еры Ігар Жалязоўскі меў усе магчымасьці працягнуць спартовае жыцьцё ў якасьці трэнэра. Але катэгарычна адмовіўся. Па яго словах, паўтара дзясятка гадоў у рэжыме заўсёднай стартавай гатовасьці выключалі падобны варыянт адпачатку.

 

Калі нехта рваўся за мяжу, на зборы, я марыў пра адно — быць з сям’ёй

«Не было ніякіх перадумоваў, — кажа былы спартовец. — Зборная СССР трэніравалася на „Мэдэа“ (высакагорная спартовая база ў Казахстане. — РС), а куды ткнуцца ў Беларусі? Крыты каток збудавалі нашмат пазней. Няма лёду — і ўсё, адразу складана. Прыблізна як разьвіваць хакей без стацыянарных пляцовак. Прапанавалі ўзяцца за канькабежны спорт, гэта значыць, вярнуцца да старога. Але я за сваё жыцьцё наезьдзіўся столькі, што не хацеў нікуды. Калі нехта рваўся за мяжу, на зборы, я марыў пра адно — быць зь сям’ёй».

 

Ігар Жалязоўскі пра страту саюзнай інфраструктуры і нацыянальныя сымбалі сувэрэннай каманды

Пачатак 1990-х для беларускіх «зборнікаў» адзначыўся ня толькі беспрэцэдэнтнымі геапалітычнымі працэсамі, выкліканымі развалам СССР, а і аўтаматычнай стратай колішніх базаў, асабістых трэнэраў, саюзнага фінансаваньня. Уласная інфраструктура міжнароднаму ўзроўню збольшага не адпавядала.

 

Сабраную на хуткую руку каманду СНД на зімовых Гульнях-1992 у францускім Альбэрвілі выставілі пад алімпійскім сьцягам. Як кажа беларускі ўдзельнік той зборнай, адсутнасьць уцямнай ідэнтыфікацыі напружвала і не спрыяла самааддачы.


«Я тады моцна перажываў, — прызнаецца Ігар Жалязоўскі. — Зразумелая справа, статус зьмяніўся, прычым істотна. Бо што такое СССР — і раптам „нешта“, пра якое ніхто нічога ня ведае? Да разуменьня такой трансфармацыі таксама не адразу прыходзіш. Гэта першае. Па-другое, канкурэнцыя. Усе былі сябрамі, а тут — асобна расейцы, украінцы, беларусы. Вітаемся, усьміхаемся, але ўжо напружанасьць, дыстанцыя. Ведаю, што расейскае кіраўніцтва выгаворвала Валерыю Муратаву, з якім мы дзясяткі гадоў разам, што ён мне дапамагае. Інтарэсы краіны ня могуць не адбіцца на адносінах паміж людзьмі. Таму Альбэрвіль і стаў няўцямным ва ўсіх сэнсах».

 

Праз чвэрць стагодзьдзя сытуацыя ў чымсьці паўтараецца — у паўднёвакарэйскім Пхёнчхангу-2018 пад алімпійскімі кольцамі будуць выступаць расейскія атлеты. Праўда, не сумняецца суразмоўца, першапрычыны ўсё ж розныя — парад сувэрэнітэтаў тады і допінгавая залежнасьць цяпер.

 

«У нас пытанне не стаяла — ехаць ці ня ехаць, — кажа Ігар Жалязоўскі. — А тут санкцыі супраць краіны, зусім іншая гісторыя. Адхілілі цэлую зборную, чыноўнікаў занеслі ў чорны сьпіс. Фактычна кажуць: хочаш выступаць індывідуальна, „чысты“ — вось форма, будзеш сам па сабе. На пачатку 1990-х быў развал дзяржавы, паўсталі новыя. Часу на радыкальныя зьмены не было, заявілі каманду СНД. Паколькі без атрыбутыкі, то паставілі пад алімпійскі сьцяг. Сёньня расейскія спартоўцы, якія па-за допінгавымі гісторыямі, самі выбіраюць, удзельнічаць ці не. Праўда, ніхто ня ведае, якая насамрэч палітыка дзяржавы, бо могуць казаць адно, а рабіць іншае».

Рэакцыю на рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту пакараць Расію за разгалінаваную допінгавую сыстэму Ігар Жалязоўскі назірае штодня. «Змова», «рука Трампа», «спроба паставіць Расею на калені» — рыторыка, якая паўтараецца следам за афіцыйнай прапагандай. Але ў такім далікатным пытаньні Жалязоўскі не бярэцца быць за трацейскага суддзю.

 

Я допінг ніколі не ўжываў і ня думаю, што ўсё трымаецца толькі на ім

«Я допінг ніколі не ўжываў і ня думаю, што ўсё трымаецца толькі на ім, — кажа ён. — Усё ж 10 гадоў выступаў у вялікім спорце, пробы здавалі кожны тыдзень. Так, практыка паказвае, што ён мае месца, існуюць праграмы, людзі, якія зарабляюць на распрацоўках. Але ёсьць спартоўцы іншыя — таленавітыя, працавітыя, разумныя, якія правільна падыходзяць да стартаў. Не кажу, што ў мяне не было мэдыцыны. Існавала падтрымка, давалі таблеткі, вітаміны для працы сэрца, пячонкі, каб аднавіць арганізм. Але сьвядомае ўжываньне? Хоць, зноў жа... Можа, я ня ведаў? (Сьмяецца)».

 

Незалежная дзяржава і яе нацыянальныя сімвалі

У алімпійскім Лілехамэры Ігар Жалязоўскі мог адзначыцца двойчы: як сьцяганосец зборнай Беларусі, якая на Гульнях-1994 дэбютавала самастойнай камандай, а пры ўдалым раскладзе — і як аўтар першай узнагароды для маладой краіны.


Удалося напалову. У апошні момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг даручылі біятляністу Яўгену Рэдзькіну — у апэратыўным штабе прыйшлі да высновы, што мэдалёвага канькабежца варта паберагчы перад стартам, прызначаным на наступны дзень. У пэрспэктыве крок апраўдаўся, хоць не ў максымальна чаканым варыянце: замест заплянаваных трох золатаў толькі аднойчы здарылася срэбра.

Цікаўлюся ў Ігара Жалязоўскага, ці пасьпеў той за два гады пасьля «няўцямнага Альбэрвілю» ўсвядоміць сябе чалавекам, які выступае не за расплывістыя наддзяржаўныя ўтварэньні, а абараняе гонар сваёй радзімы?


«Вядома, я ж ня дурань, — сьмяецца ён. — Калі ёсьць дзяржава Беларусь, у якой я жыву, што ж тут не асэнсаваць? Яшчэ за год да таго, у 1993-м, я выйграў чарговы чэмпіянат сьвету ў Японіі. Па ўсіх, як кажуць, ведамасьцях ужо праходзіў як беларус. Стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс золата сваёй краіне. Адзінае, што рыхтавацца насамрэч стала цяжэй. Страціў каманду, трэнэра, лекара, масажыста, застаўся сам. Па інэрцыі мне яшчэ дапамагалі, бо рухаліся паралельна, але ў іх адна форма, а ты ўжо зялёна-сіні. Працэс „ломкі“ адчуваўся. Нібыта людзі вакол усё тыя самыя, ды ўжо не зусім».

 

Ігар Жалязоўскі назаўсёды застанецца сярод тых нешматлікіх беларускіх спартоўцаў, у гонар якіх на спаборніцтвах найвышэйшага рангу ўздымаўся нацыянальны сьцяг. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў абарачэнне было вернута палотнішча бээсэсэраўскага ўзору, кароткая эпоха гістарычнай сымболікі завяршылася. З гэтай прычыны ён дазволіў сабе выказваньне, якое, не выключае, стала падставай, каб занесьці яго ў «дэструктыўныя элемэнты».

 

У адным з інтэрвію безапэляцыйна заявіў: «Займаюцца глупствам, сцяг мяняюць. Больш няма чым у краіне заняцца?..»

 

У прэзыдэнцкай адміністрацыі патэнцыйнага апазыцыянэра «з палітычнымі амбіцыямі» адразу ж занатавалі. А Лукашэнка ва ўласьцівай яму манеры неўзабаве папракнуў: маўляў, лепш бы выхаваў двух-трох такіх Жалязоўскіх, чым лезьці не ў свае справы.

Наш гістарычны сымбаль, дык навошта ад яго адмаўляцца? Мы зь ім паўтысячы гадоў разам, як можна такое ігнараваць?

«Наш гістарычны сымбаль, дык навошта ад яго адмаўляцца? — зьдзіўлены ён. — Дастаткова нават крыху заглыбіцца ў мінулае, і стане зразумела: гэта якраз і ёсьць сапраўдны сьцяг. Мы зь ім паўтысячы гадоў разам, як можна такое ігнараваць? Якая б ні была палітыка, хто б ні прыходзіў да ўлады, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга. Ну што нам той чырвона-зялёны сьцяг? Толькі як напамін пра Савецкі Саюз, бо яго па шаблёну намалявалі і нам, і іншым рэспублікам. Але ж гэта не пачатак Беларусі. Дык навошта маніпуляваць сьвядомасьцю? Няўжо сур’ёзна лічаць, што ўсё пачалося толькі ў 1917-м?»

 

На думку Ігара Жалязоўскага, нацыянальную атрыбутыку ўлады намагаюцца прынізіць, асацыюючы яе з «ваяўнічай апазыцыяй», хоць такія дадумкі ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю.

 

«Сцяг, герб спрабуюць зрабіць „апазыцыйнымі“ — адпаведна, не дазваляюць, забараняюць, — кажа ён. — Наадварот, прынялі б як належнае, можа, і апазыцыя б супакоілася. Як на мой розум, ня той выпадак, каб настолькі завастраць увагу. Што такога дрэннага ў сьцягу ці ў „Пагоні“? Апанэнты ўладаў, якія выступаюць пад гэтымі сымбалямі, яны ж іх не прыватызавалі. Гэта сьцяг літвінаў, Вялікага Княства, сьцяг нашай зямлі, нашага народу, калі браць агулам. Так ці не? Пратэставаць можна і пад чырвона-зялёным, таксама будзе апазыцыя. А ў нас хочуць паставіць знак роўнасці там, дзе гэтага няма».

Барацьба за мандат і расчараванне ў местачковай палітыцы

Хоць Ігар Жалязоўскі лічыць сябе апалітычным чалавекам, аднойчы ад спакусы паспрабаваць сябе ў дзяржаўным жыцьці не ўстрымаўся. Праўда, удакладняе, што не з уласнай волі — выкарысталі як прынаду, а ён бяздумна пагадзіўся.

У 2000 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў з пасады старшыні Паралімпійскага камітэту Беларусі. Дарэчы, паралельна зь іншым славутым спартоўцам, шматразовым чэмпіёнам сьвету і Алімпійскіх гульняў у веславаньні Ўладзімерам Парфяновічам.

Забягаючы наперад, нагадаем, што для Жалязоўскага тая кампанія нічым ня скончылася, а Парфяновіч хоць і стаў дэпутатам, але праз апазыцыйную рыторыку страціў усё — пасаду на чале Беларускай фэдэрацыі веславаньня, бізнэс, права на працу ў Беларусі. Пра яго Свабода нядаўна падрабязна пісала.

 

«Пытаньні палітыкі ў Беларусі адчуваюцца надзвычай востра — як і ў Расіі, — кажа ён. — Калі маеш уласную думку, наўрад ці табе дадуць нармальна працаваць. То бок кожны можа апынуцца ў скуры Парфяновіча. Я ніякіх амбіцый ня меў, але на працы зацыкліліся: давай сунем у дэпутаты! Ну, і ўгаварылі. Якраз былі Паралімпійскія гульні ў Сыднэі, нават быў вымушаны раней адляцець на другі тур. Шчыра кажучы, як толькі ўвязаўся ў тую авантуру, зразумеў, што займаюся абы-чым. Езьдзіш па прадпрыемствах, нясеш нейкую лухту. У выніку выйграў дырэктар адной з аршанскіх школ, і я ўздыхнуў з палёгкай. Пра той вопыт нават ня ўзгадваю».

 

Ігар Жалязоўскі ўсьцешаны, што апошнія паўтара дзясятка гадоў ягоная дзейнасьць практычна ніяк не перакрыжоўваецца з чыноўнікамі ні ў дзелавых, ні ў спартовых колах.

 

Ён не сумняецца, што спробы падпарадкаваць галіну кіраўнікам дзяржаўных ведамстваў у разьліку, што тыя забясьпечаць той ці іншы від спорту матэрыяльна, заведама бясплённыя. Дакладна гэтак жа, на яго думку, ня месца прэзыдэнту краіны на чале Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

 

Кіраваць Нацыянальным алімпійскім камітэтам — дакладна не прэзыдэнцкая справа

«Дакладна не прэзыдэнцкая гэта справа, — упэўнены экс-спартовец. — Спорт павінны рухаць не палітычныя, фінансавыя ці гаспадарчыя структуры, а спэцыялісты. Ніхто не перашкаджае аказваць спонсарскую дапамогу — ну, увядзіце тады чыноўніка ў фэдэрацыю ганаровым старшынём. Хоча кіраваць — хай сабе, але ж так не бывае! Хто вызваліць ад асноўнай працы? Таму толькі вясельныя генэралы. Міністар ці бізнэсовец і без таго занятыя людзі. Нарэшце, ці дала нешта такая практыка, калі прааналізаваць? Ёсьць нейкі пазытыўны рух? Калі ніякага толку, значыць, гэта няправільна».

Падчас працы ў Мінспорту, Беларускім саюзе канькабежцаў і Паралімпійскім камітэце Ігар Жалязоўскі прапаноўваў уласную канцэпцыю разьвіцьця вялікага спорту ў Беларусі. Яна палягала ў тым, каб скараціць колькасьць прыярытэтных відаў да 10 (максымум 15), дзе ў беларусаў ёсьць рэальныя пэрспэктывы і на якія мэтазгодна закладаць сур’ёзнае фінансаваньне. Сродкі ад падтрымкі заведама «прахадных» дысцыплін, на яго думку, варта пераарыентаваць на патрэбы дзіцячага і юнацкага спорту.

 

Гэта азначала б насычэньне галіны рэальным зьместам нават без дадатковых укладаньняў. З аднаго боку, прыярытэтныя віды замацоўваліся ў сусьветнай эліце, зь іншага, моладзь атрымлівала трывалы падмурак і магчымасьць «выстрэльваць» у новых відах. Аднак, прызнаецца Жалязоўскі, на ўсе ягоныя ініцыятывы чыноўнікі круцілі пальцам ля скроні.

«Заўсёды здзіўляла, што трацім грошы на зборы, а не на спаборніцтвы — маўляў, слабыя яшчэ, трэніруйцеся, — працягвае ён. — Наадварот, трэба ўкладаць у турніры! Каб я меў мэту, мог і да 40 гадоў сядзець у зборнай, катацца, есьці, піць, хадзіць у казённай форме. І пры гэтым нікуды ня езьдзіць, бо няма вынікаў. Клясна, санаторый! Усё жыцьцё імітаваць, нічога не паказваць, а дзяржава на цябе траціцца. Абсурд! Толькі спаборніцтвы даюць штуршок наперад, не трэніроўкі».

Алімпійская прамашка і абыякавасьць да свайго мінулага

Падобныя адносіны адахвоцілі ня толькі ад таго, каб быць карысным грамадзкасьці, але і ад самога спорту. На пытаньне — калі апошні раз станавіўся на канькі — Ігар Жалязоўскі адказаў працяглай паўзай, а пасьля гучным сьмехам. Аказалася, падчас адкрыцьця ў Менску канькабежнага стадыёну, куды яго запрасілі ў якасьці аўтарытэтнай масоўкі. Здарылася гэта ў 2012 годзе.

«Не, на канькі амаль не станаўлюся, — адмахваецца экс-канькабежац. — Апошні раз выходзіў на лёд якраз у Мінску, калі здавалі крыты каток. Добра пакатаўся, панесла, што называецца, без тармазоў. Назаўтра, думаю, трэба паўтарыць. А ўстаў — усё баліць, ногі не ідуць. Ды ну яго! Чым старэйшы, тым часьцей заўважаеш, што па лесьвіцы цяжка падняцца. Калі раптам прабегчыся трэба, адкашляцца ня можаш. А 30 гадоў таму былі калясальныя нагрузкі, і здавалася, што так і трэба... Ужо слаба ўсьведамляю сябе тым, ранейшым. Часам здаецца, што не са мной было наогул. Не жыву мінулым, практычна ніколі не ўспамінаю».

Не пераймаецца ўганараваны спартовец і наконт таго, што скарыў усе магчымыя вяршыні, апроч алімпійскай. Хоць і згодзен, што сабраць поўную калекцыю ўзнагародаў лішнім не было б.

 

Было б лепш, каб алімпійскае золата вісела на шыі. Ды вось ня лёс

«Шчыра кажучы, я ад самага юнацтва ставіўся да Алімпійскіх гульняў індыфэрэнтна, — прызнаецца суразмоўца. — Можа, таму так і ня змог толкам на іх настроіцца. А вось пра чэмпіянаты сьвету марыў, адпаведна, і ўнутраная мабілізацыя была на парадак вышэйшая. Таму стаўлюся да гэтага абсалютна спакойна. Не хачу, вядома, сказаць, што мне ўсё роўна. Але і пакутаў, самаедзтва няма. Само сабой, было б лепш, каб алімпійскае золата вісела на шыі. Ды вось ня лёс, няма яго».

Падзеі маючай адбыцца Алімпіяды не адкарэктуюць працоўны графік уганараванага беларуса. У лепшым выпадку, дапускае ён, акцэнтуецца на навінах са спрынтэрскіх дыстанцый, у якіх калісьці дамінаваў сам.

 

«Што па-сапраўднаму цікава, дык гэта разьвіцьцё — як усё рэзка рванула, — кажа суразмоўца. — Я калі выступаў, чэмпіёнскім вынікам на 500-мэтроўцы былі 36,5 сэкунды. Цяпер рэкорд сьвету — 34,0. Каб мне сказалі, што пры маім жыцьці „пяцьсотка“ палепшыцца адразу на 2,5 сэкунды, на што заўгодна пайшоў бы ў заклад, што быць такога ня можа. У мяне ж не атрымалася, здавалася, што ўжо мяжа чалавечых магчымасьцяў... Так, цяпер крутыя палацы, інвэнтар сучасны, канькі-„клапы“, як іх называюць. Іншыя хуткасьці. І ўсё роўна прагрэс шалёны. З такімі тэмпамі неўзабаве і ў 33 сэкунды пачнуць укладацца».

У славутага канькабежца трое дзяцей і дзьве ўнучкі. Сын жыве і працуе ў ЗША, абедзьве дачкі з мамай у Менску, сам гаспадар наяжджае дадому паміж камандзіроўкамі. Спробы перасяліцца ў Санкт-Пецярбург аказаліся бясплённымі — радзіма паклікала назад.

 

Дарэчы, ніхто з дзяцей спартовым шляхам бацькі не пайшоў. Як жартуе Ігар Жалязоўскі, хапіла клопату з адным чэмпіёнам.



Дата стварэння навіны 24.01.2018

Возврат к списку