АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

"У такім месцы лёгка атрымаць мастацкую паразу"

"У такім месцы лёгка атрымаць мастацкую паразу"
22.01.2018
У студзені 2018 года суд польскага горада Асвенціма абвінаваціў міжнародную суполку перформараў у апаганьванні мемарыяла Аўшвіц-Біркенаў і асудзіў на зняволенне беларусаў — ініцыятараў гэтай антываеннай акцыі.

 Перформанс адбыўся 24 сакавіка мінулага года. Падчас яго 12 чалавек ля брамы музея распрануліся, аголеныя прыкавалі адзін аднаго кайданкамі і зарэзалі ягня — як бязвінную ахвяру сучасных войнаў, паведамляе Еўрарадыё

 

Інтэрнэт супольнасць падзялілася на два лагеры — адны лічаць, што мастацтва нельга караць, іншыя — што "так ім і трэба". Разбіраемся ў сутнасці выказвання з культуролагам Максімам Жбанковым і літаратарам і перформерам Іллёй Сінам. 

  

Самыя мяккія меркаванні ў сеціве: "Адпусціце дурняў". Калі гэта галоўная мэта — яна дасягнута!


 Жбанкоў: Для мяне з'яўляецца вельмі сумнеўным сам факт мастацкага выказвання. Бо мастацкія выказванні перадусім мусяць выкарыстоўваць зразумелую мэтавай аўдыторыі мову, пэўную сістэму сімвалаў, мець уцямны мэседж і пэўную, адэкватную абставінам, у тым ліку і культурніцкім, а не толькі юрыдычным, стратэгію. Я не ўбачыў нічога з гэтага. Эфект атрымаўся абсалютна супрацьлеглым, чым было запланавана. Бо самыя мяккія меркаванні, якія я бачыў у сеціве: "Адпусціце дурняў". Калі гэта галоўная мэта — яна дасягнута!

 

Сін: У прававым рэчышчы мастацкай акцыяй можа быць выкшталцоны мастацкі твор і адначасова досвед добрага хуліганства. Гэта два паралельныя сусветы, якія ў прынцыпе, не перакрыжоўваюцца. З іншага боку, ці можна кваліфікаваць дадзеную мастацкую акцыю, якой бы яна ні была — добрай ці дрэннай, як акт апаганьвання мемарыяла? У мяне ўзнікае пытанне да фармулёўкі абвінавачвання.

 

 У такім месцы вельмі лёгка атрымаць мастацкую паразу

 

 Жбанкоў: У мяне выклікае пытанне само месца з вельмі моцнай гістарычнай аўрай. Яно мае сваю вельмі ўцямную празрыстую гісторыю. І калі ў яго робіцца інтэрвенцыя, няхай сабе і мастака, паўстае пэўнае скажэнне сэнсу, перакрыжаванне моваў. І з гэтага вельмі лёгка атрымаць мастацкую паразу. Бо атрымаецца не звышвыказванне, а мінус-выказванне. Як на мяне, гэтая мяжа апынулася вельмі хісткай. І дакладна — перакрочана яна ці не — не маглі сказаць ні самі аўтары перфомансу, ні тыя, хто гэта ўсё асудзіў. Сутнасці таго, што адбылося, не зразумелі не толькі тыя, хто ўпікае аўтараў, але і тыя, хто іх абараняе. Бо яны не патрабуюць грамадскай абароны і крыкаў: "Адпусціце хлопцаў".

 

Сін: Калі мастак малюе карціну, досыць недарэчна ставіць яму абвінавачанне ў выкарыстанні таго ці іншага колеру. Ён робіць тое, што хоча рабіць. Цяжка ўвогуле ацэньваць гэтую мастацкую акцыю па той простай прычыне, што ніхто яе не бачыў, нават відэазапісу няма ў інтэрнэце. Але гэта ўсё ж мастацкая акцыя. А вось юрыдычная рэакцыя на ўчынак — неадэкватная. Гэта абсалютна валюнтарысцкая фармулёўка на абвінавачванне — што такое апаганьванне? Гэта вельмі сур'ёзны прысуд за такую акцыю.

 

Я б ніколі нічога не рабіў у Аўшвіцы, бо для мяне гэта месца цішы, месца, дзе проста трэба маўчаць, месца, перанасычанае сэнсамі. І немагчыма туды нешта дадаць. Але нехта іншы палічыў, што мае зрабіць так. Мае права.

 

 "Людзі рабілі тое, што нават для іх з'яўляецца нечым празмерным"

Сін: Мастацкае і этычнае — трошкі розныя вымярэнні. Кожны сам вынаходзіць узаемадачыненні паміж імі. Як для мяне, безумоўна, этычнае мусіць прэваляваць над мастацкім. Але ў дадзеным выпадку відавочнае перасячэнне мяжы: людзі рабілі тое, што нават для іх з'яўляецца нечым празмерным. Мяркуючы па іх маніфестах, гэта было шчырае выказванне.

 

Жбанкоў: Але шчырасць не ёсць алібі. Бо тут галоўная тэма звязаная з тым месцам, дзе гэта адбылося. Ёсць сістэма грамадскіх канвенцыяў, звязаная менавіта з гэтай фабрыкай смерці, ёсць гісторыя вакол яе, ёсць сімвалічная вага. І вось менавіта гэта сімвалічная вага жудаснага месца абсалютна не сумяшчальная з тым, што прапанавала гэтая творчая суполка. То бок, вага гэтых выказванняў апынулася абсалютна несуразмернай, і ў выніку Аўшвіц з'еў перформараў.

 

 Калі б гэта было зроблена ў цэнтры Берліна — ніхто нічога б не заўважыў

Жбанкоў: Калі б гэта было зроблена ў цэнтры Берліна ці Варшавы — проста ніхто нічога б не заўважыў. А тут спрацоўвае аўра Аўшвіца.

 

Сін: Гэтая антываенная акцыя больш дарэчна выглядала б ля офіса НАТА.

 

Жбанкоў: Каб яна пэўным чынам закранала адказных за гэтыя войны. О’кей, звярніцеся да адрасата. А тут да каго быў зварот? Да экскурсантаў? Абслугі? Паліцыянтаў?

 

Сін: Магчыма, гэтая хіпоўская, як яе называюць, акцыя, апынулася не ў трэндзе тых ідэй, актуальных у сучасным мастацтве. Няма барацьбы з гамафобіяй, за фемінізм.




Дата стварэння навіны 22.01.2018

Возврат к списку

cashback