АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Пракурор запатрабаваў для аўтараў Regnum па 5 год турмы з адтэрміноўкай

Пракурор запатрабаваў для аўтараў Regnum па 5 год турмы з адтэрміноўкай
22.01.2018
Пракурор Аляксандар Кароль запатрабаваў пакараць Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку 5 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. Калі прысуд будзе такім («з адтэрміноўкай»), абвінавачаныя ня трапяць за краты, калі ня будуць парушаць вызначаны ім рэжым.

 Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Мінск, 18 снежня 2017 году

 

У Мінскім гарадзкім судзе 22 студзеня праходзяць спрэчкі бакоў па «справе Regnum», у якой Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці і (Паўлаўца і Шыптэнку) ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за публікацыі на расейскіх рэсурсах, у тым ліку на сайце Regnum.

 

Пракурор прасіў суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачаных.

 

Пракурор Аляксандр Кароль мяркуе, што спэцыялісты, якія ўдзельнічалі ў экспэртызе артыкулаў падсудных, далі паказаньні, якія не супярэчаць заключэньню — працэдура праводзілася законна, лічыць пракурор. Ён канстатуе, што экспэрты былі кваліфікаваныя і добра падрыхтаваныя, у тым ліку праходзілі навучаньне ў Расеі.

 

Як мяркуе пракурор Кароль, на судовым сьледзтве было даказана, што падсудныя атрымлівалі грошы за свае артыкулы, вялі перамовы з працадаўцамі аб аплаце, запазычанасьці па аплаце, узгаднялі іншыя фінансавыя пытаньні.

 

Паводле пракурора, экспэрты абгрунтавана засьведчылі, што артыкулы падсудных узбуджалі нацыянальную варожасьць.

 

«Важны момант: адзначана экспэртамі, што нельга распаліць варожасьць толькі адной фразай, для гэтага патрэбна ўлічваць увесь тэкст і сытуацыю», — дадаў пракурор.


Сяргей Шыптэнка, паводле пракурора, перасылаў артыкулы пад рознымі псэўданімамі, якія часам мяняў. Прыналежнасьць яго да гэтых псэўданімаў даказана сьледзтвам, заявіў пракурор і спаслаўся на матэрыялы з электроннай пошты падсуднага. У матэрыялах Шыптэнкі, як і ў іншых падсудных, таксама знойдзеныя прыкметы злачынства па распальваньні варожасьці да беларусаў, сьцьвярджае пракурор:

 

«Пры гэтым аўтар не прапановаў уступіць ў дыскусію, а паведамляў свае думкі як нібыта агульнапрынятыя факты».

 

Артыкулы падсудных, мяркуе ён, былі скіраваная на ўзбуджэньне варожасьці ня толькі паміж беларусамі і рускімі, але і супраць прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету».

 

Пракурор заўважыў, што Дзмітрыю Алімкіну не інкрымінаваныя ягоныя артыкулы, дзе аўтар крытыкуе беларускую ўладу, а толькі тыя, дзе ёсьць прыкметы распальваньня варожасьці паводле нацыянальнасьці.

 

Разам з тым, пракурор палічыў важным увесьці некаторыя карэктаваньні абвінавачаньня Алімкіна. У тым ліку ён адмовіўся ад згадваньня ў абвінавачаньні прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету», бо, паводле экспэртаў, гэта не ёсьць прыкметай нацыянальнасьці.

 

У Юрыя Паўлаўца, паводле пракурора, не даказаная вялікая сума грашовых пераводаў з-за мяжы і таму адмовіўся ад часткі абвінавачаньня — аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Гэтак сама пракурор вырашыў адмовіцца ад такога абвінавачаньня і на адрас Шыптэнкі.

 

Раней суд адмовіў адвакатам абвінавачаных у паўторнай экспэртызе іхных тэкстаў, а таксама паўторна адмовіўся выклікаць у якасьці сьведкі Лілію Ананіч – былую міністарку інфармацыі, пры якой пачалася «справа Regnum».

 

Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку абвінавачваюць у «распальваньні нацыянальнай варожасьці групай асобаў» (ч.3 арт. 130 КК РБ), за што ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 год, Паўлаўца і Шыптэнку таксама абвінавачваюць у «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» (ч.1 арт. 233 КК РБ), за што пагражае штраф, абмежаваньне волі на тэрмін да двух год ці пазбаўленьне волі да трох год. Мужчыны былі затрыманыя больш за год таму — яшчэ ў сьнежні 2016 году.

 

Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу.

па інф. радыё Свабода


Дата стварэння навіны 22.01.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку