АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Каля 82% сусветнага багацця дасталося 1% насельніцтва Зямлі

Каля 82% сусветнага багацця дасталося 1% насельніцтва Зямлі
22.01.2018
Міжнародная арганізацыя Oxfam апублікавала чарговы даклад аб маёмасным расслаенні ў свеце. З яго вынікае, што босы карпарацый сталі яшчэ багацейшымі, а рабочыя і сяляне збяднелі.

У традыцыйнай справаздачы арганізацыі Oxfam, прымеркаванай да старту міжнароднага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе, паказваецца, што багацце найбольш заможных людзей планеты за год вырасла, і цяпер усяго 1% насельніцтва Зямлі валодае 82% усіх багаццяў. Маёмасць 3,7 мільярда жыхароў планеты пры гэтым засталася нязменнай, паведамляе "Радыё Свабода".

 

У Oxfam паказваюць, што супольнае багацце мільярдэраў з 2010 года павялічылася на 13%. Іх багацце павялічвалася ў шэсць разоў хутчэй, чым заробкі звычайных рабочых і службоўцаў па ўсёй планеце.

 

Аўтары дакладу тлумачаць, што самыя заможныя жыхары планеты разбагацелі ў тым ліку за кошт пагаршэння ўмоваў працы для рабочых і службоўцаў. Адначасова з уразаннем правоў працоўных расце ўплыў буйнога бізнесу на прыняцце дзяржаўных рашэнняў, а таксама павялічваюцца выплаты асноўным акцыянерам.

 

«Павелічэнне колькасці мільярдэраў азначае не рост эканомікі, а наадварот, правал сістэмы. Тыя, хто шые вопратку, збірае тэлефоны, вырошчвае ежу, эксплуатуюцца дзеля стварэння бесперапыннага патоку танных тавараў і павелічэння прыбытку буйных карпарацыяў», — заявіў выканаўчы дырэктар Oxfam Віні Бьяніма.

 

Пры гэтым Бьяніма распавёў, што эксплуатацыю зазнаюць як жыхары краінаў, якія развіваюцца, так і рабочыя ў ЗША. Напрыклад, у Віетнаме жанчыны, якія працуюць на швейных фабрыках, месяцамі не бачаць сваіх дзяцей, а жанчыны, якія працуюць на птушкагадоўчых прадпрыемствах Злучаных Штатаў, вымушаныя прыходзіць на працу ў памперсах, таму што падчас змены ім забараняюць хадзіць у прыбіральню.


 Ілюстрацыйнае фота. Пратэстоўцы ў масках, якія паказваюць лідараў краінаў G7, падчас дэманстрацыі, арганізаванай Oxfam на Сіцыліі, Італія. 25 траўня 2017 году

 

У сярэдзіне студзеня 2017 году Oxfam апублікавала даклад, з якога вынікае, што капіталы васьмі найбагацейшых жыхароў планеты і 50% чалавецтва зраўняліся.

 

Паводле падлікаў экспертаў Oxfam, сукупнае «багацце» 3,6 мільярдаў самых бедных людзей свету складала прыкладна 426 мільярдаў долараў — у сярэднім па 118 долараў на кожнага. Тыя ж 426 млрд долараў былі ў васьмі найбагацейшых людзей свету — Біла Гейтса (75 млрд долараў), Амансіё Артэгі (67 млрд долараў), Уорэна Бафэта (60,8 млрд долараў), Карласа Сліма (50 млрд долараў), Джэфа Безаса (45,2 млрд долараў), Марка Цукерберга (44,6 млрд долараў), Лары Элісана (43,6 млрд долараў) і Майкла Блумберга (40 млрд долараў).

 

Oxfam — міжнародная канфедэрацыя 20 недзяржаўных арганізацыяў, якія працуюць з партнёрамі ў больш чым 90 краінах, была створаная ў 1942 годзе і выступае ў абарону людзей, якія апынуліся па-за рысай беднасці і якія сталі ахвярамі гендэрнай няроўнасці. Штогод яна публікуе даклады з прапановамі па паляпшэнні жыцця людзей на ўсёй планеце.


Дата стварэння навіны 22.01.2018

Возврат к списку