АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Што не так з бульбай у краіне бульбы?

 Што не так з бульбай у краіне бульбы?
20.01.2018
Як шырока вядома, нашая краіна Беларусь у замежнікаў асацыюецца з бульбай, а саміх беларусаў называюць бульбашамі. Відавочна, што гэта не з дарма.

У некаторыя гады па валавому збору мы трапляем у дзесятку сярод усіх краін свету, а па вытворчасці і спажыванні на душу насельніцтва знаходзімся ў лідэрах. Ёсьць тут нагода для гонару, ці ўсё ж такі не зусім? Давайце разбярэмся.

 

Па-першае, вядома, што высокія паказчыкі спажывання бульбы на душу насельніцтва характэрны для бедных краінаў з невысокім узроўнем жыцця. Жыхары багатых краін аддаюць перавагу іншым прадуктам, такім як мяса, рыба, розная іншая садавіна і гародніна, у іх ёсць для гэтага магчымасці. Масавае паяданне бульбы – гэта ў беларусаў не столькі праяўленне любові, колькі – аптымізацыя свайго рацыёну пад свае ж заробкі.

 

А спецыялісты дыетолагі кажуць, што спажыванне занадта вялікай колькасці бульбы – гэта не зусім добра, бо яна утрымлівае каларыйныя вугляводы. Такім чынам можна ўпэўненна сказаць, што высокае спажыванне на душу насельніцтва нашага ўлюбёнага прадукта – гэта не самая лепшая характэрыстыка нашай краіны і ўзроўня жыцця ў ёй.

 

Па-другое, каля 80 адсоткаў вытворчасці ўсіх клубняў у краіне прыпадае не на сельгаспрадпрыемствы ў выглядзе калгасаў, якімі так любіць хваліцца наша дзяржава, а на асабістыя дапаможныя гаспадаркі вяскоўцаў, гэта прызнае і афіцыйная статыстыка. Пры гэтым і доля фермераў у агульнай вытворчасці зусім невялікая.

 

Толькі ўявіце сабе: у нас так шмат кажуць пра развіццё і падтрымку сельскай гаспадаркі, вялізныя грошы выдзяляюць на субсідаванне стратных дзяржаўных сяльгаспрадпрыемстваў, а наш галоўны нацыянальны прадукт, з якім мы асацыюемся па ўсім свеце ў большасці сваёй вырошчваецца вяскоўцамі ў вольны ад асноўнай працы час! Гэта пры тым, што часцей за ўсё гэтыя вяскоўцы самі працуюць у сумнавядомых калгасах. Відавочна, што масавая з’ява, звязаная з вырочшваннем бульбы амаль кожнай сям’ёй ў вёсцы выклікана не жаданнем проста заняць, змарнаваць вольны час, а менавіта мізэрнымі заробкамі і жаданнем хоць як-небуць паправіць сваё матэрыяльнае становішча.

 

Па ўсім свеце грамадства прыйшло да таго, што найбольш правільна, эфектыўна і прыбыткова ў розных галінах эканомікі – гэта спецыялізацыя на нейкай адной справе. Але не ў нас. Калі ты слесар ці вадзіцель у калгасе – табе, адпрацаваўшы ўвесь дзень, увечары ці на выходных трэба спяшацца і на надзел з бульбай, каб яго даглядзець. Бо купляць яе, галоўную страву, у таго, хто займаецца гэтым прафесійна твае заробкі не дазволяць. А калі пашанцуе і клубень уродзіць – то лішкі можна прадаць хоць за нейкія грошы.

 

Аднак што гэта за жыццё, калі трэба і на рабоце працаваць, і шмат чаго яшчэ вырошчваць у астатні час каб пражыць і прахарчавацца? Чаму нельга нармальна пражыць толькі з аднаго заробку, ці з адной справы як у многіх краінах? Гэта пытанні, на якія складана знайсці адказ.

 

Заканамерна паўстаюць і іншыя пытанні: навошта патрэбны дзяржпрадпрыемствы з усёю падтрымкаю для іх, калі ўсё роўна валавы збор такога значнага прадукта як бульба залежыць ад таго, ці знойдзе вясковец сілы, жаданне і магчымасці пасля асноўнай працы? Чаму калгасы зусім дрэнна спраўляюцца з вырошваннем гэтай расліны? Адметна, што ў іх увогуле амаль не атрымліваюцца тыя напрамкі, якія патрабуюць элементу ручной працы, дзе нельга ўсе цалкам аўтаматызаваць, дзе ёсць вялікая верагоднасць страт.

 

Таму дзяржава такі напрамак як бульбаводства ў сваіх прапагандыстскіх СМІ так не асвятляе, як тыя ж збожжавыя. Тут не атрымліваецца зрабіць і паказаць нават імітацыю нармальна дзеючай сельскай гаспадаркі ў выгляде калгасаў. Нічога нават падобнага няма ў развітых і цывілізаваных краінах, якія знаходзяцца на захадзе, зусім побач з намі. Там прыватныя фермерскія гаспадаркі спраўлябцца на выдатна з усімі напрамкамі сельскай гаспадаркі.

 

З нашай бульбай мабыць нешта не так? А можа са ўсёй сельскай гаспадаркай і эканомікай, піша ucpb.org

Дата стварэння навіны 20.01.2018

Возврат к списку