АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Вырашаны далейшы лёс стварэння музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша

Вырашаны далейшы лёс стварэння музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша
19.01.2018
У выніку пасяджэння было прынятае рашэнне аб стварэнні рабочай групы па зборы экспанатаў для будучага музея і складанні іх апісання. Мясцовыя ўлады ініцыявалі зрабіць на сайце Бабруйскага райвыканкама віртуальную старонку, прысвечаную славутаму земляку.

Вось ужо трэці год «Звязда» звяртаецца да тэмы стварэння музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна (першы артыкул, прысвечаны гэтай тэме, выйшаў у кастрычніку 2015 года). За гэты час быў адкрыты разліковы рахунак пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама (публікацыя ад 4.03.2016 года), а некалькі месяцаў таму пачала працаваць назіральная рада (артыкул ад 2.09.2017 года). Днямі адбылося другое пасяджэнне гэтай рады, дзе абмяркоўваліся пытанні рэалізацыі праекта. Сітуацыя, мякка кажучы, складаная.


Што перашкаджае зрабіць музей з «аптэкі»?

Пытанне, як той казаў, на засыпку. Аптэка, калі хто яшчэ не ў курсе, аўтэнтычны будынак у пасёлку Глуша Бабруйскага раёна, дзе пэўны час жыла сям'я Адамовічаў, дзе знаходзілася партызанскае падполле, дзе адбываліся падзеі, апісаныя ў дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»). Менавіта на рэканструкцыю гэтага будынка пад музей і збіраюцца грошы. Сорамна прызнацца, але за мінулы год, юбілейны, дарэчы, для Алеся Адамовіча, сума на дабрачынным рахунку, дзе акумулююцца сродкі на будучы музей, не павялічылася. На сёння гэта 11 850 рублёў. Грошай недастаткова, але, улічваючы, што іх болей не становіцца, трэба вырашаць, што з імі рабіць. Гэта пытанне і было галоўным на парадку дня назіральнага савета, пасяджэнне якога адбылося ў Бабруйскім райвыканкаме. Нагадаем, яго ўзначальвае намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко. У складзе камісіі прадстаўнікі абласной і раённай улады, музейныя работнікі, гісторыкі, журналісты — усяго адзінаццаць чалавек. На гэты раз прысутнічалі восем.

 

Таццяна Варанко прапанавала некалькі варыянтаў вырашэння пытання. Першы — не адкладаючы справу надоўга, аб'явіць электронныя таргі і накіраваць грошы на выраб адпаведнай дакументацыі. «Хто заявіцца на гэтыя сродкі, невядома, бо грошай недастаткова», — адзначыла пры гэтым старшыня назіральнага савета. Другі варыянт, які яна прапанавала, — арганізаваць музей у Глушанскім сельскім Доме культуры, а сам будынак аптэкі разглядаць як экспанат гэтага музея. «Захаваць вонкавую аўтэнтычнасць будынка, уключыць яго ў экскурсійную праграму, а на сабраныя грошы зрабіць яго кансервацыю». Трэці варыянт — перадаць будынак, дзе плануецца зрабіць музей, якой-небудзь грамадскай арганізацыі. Ёй правесці належныя работы будзе танней, чым дзяржструктуры.

 

Будынак як экспанат

 

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі плюсы і мінусы ўсіх варыянтаў. А заадно прааналізавалі, на чым можна сэканоміць. Будынак пад музей мае паважаны ўзрост і ўжо каля 20 гадоў пустуе. Спецыялісты візуальна ацэньваюць яго знос на 70—80%. Але дакладную лічбу можа даць толькі праектна-каштарысная дакументацыя. Знайсці ахвотных зрабіць яе, умоўна кажучы, за шэсць тысяч долараў складана, але, дапускаюць спецыялісты, магчыма. «Ёсць невялікія праектныя арганізацыі, якія маюць сертыфікацыю на трэцюю ступень адказнасці. І гэты будынак якраз для іх», — удакладняе старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. На яго думку, дакументацыю трэба рабіць нават пры цяперашнім, на жаль, не вельмі спрыяльным становішчы з ахвяраваннямі.


 Бо, аргументуе ён, без гэтага нельга будзе разлічваць на далейшую дапамогу з боку спонсараў і прэтэндаваць на міжнародныя гранты. З ім згодны і дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч. Але, заўважаюць спецыялісты, паслугі праектантаў будуць таннейшыя, калі раённыя ўлады спачатку распрацуюць тэхзаданне. Яшчэ адна закавыка ў тым, што для таго, каб аб'явіць тэндар, райвыканкам павінен вызначыцца са статусам будынка. Пакуль гэта былая аптэка і статус музея райвыканкам не можа яму надаць. Па-першае, няма крыніцы фінансавання з бюджэту, па-другое, стварэнне музея адразу разглядалася як справа дабрачынная — за спонсарскія сродкі. Ускладняе сітуацыю і тое, што разліковы рахунак мэтанакіраваны — «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей Алеся Адамовіча». Інакш кажучы, рэканструкцыя «былой аптэкі» там не прадугледжана. І такіх юрыдычных тонкасцяў, якія марудзяць працэс, хапае.

 

З варыянтам, каб будынак часова зрабіць не музеем, а толькі яго экспанатам, таксама ёсць пытанні. Па словах Таццяны Варанко, зрабіць рамонт «экспаната» ў адрозненне ад «музея» можна і без праектна-каштарыснай дакументацыі. «І сабраных грошай на гэта хапіла б», — кажа яна. Але гэта значыць, што ад музейных экспазіцый у самім будынку давядзецца адмовіцца. Дзмітрый Яцкевіч лічыць, што лепей будынку былой аптэкі надаць статус філіяла раённага музея, а пакуль будзе ісці яго рамонт, зрабіць часовую экспазіцыю ў сельскім Доме культуры — для падтрымання цікавасці да асобы Адамовіча і захавання памяці аб ім. Спецыяліст занепакоены тым, што «закансерваваны» будынак былой аптэкі захаваць не атрымаецца. «Любая кансервацыя драўлянай пабудовы прыводзіць да таго, што яна будзе паступова разбурацца», — падкрэсліў ён.

 

Варыянт з перадачай будынка нейкай грамадскай арганізацыі ўдзельнікі пасяджэння палічылі перспектыўным. Да таго ж, згодна з пунктам 5 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2012 года № 294 «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю», маёмасць, якая выкарыстоўваецца малаэфектыўна, можна перадаваць бязвыплатна. Раённыя ўлады нагадваюць, што з будынкам арганізацыя атрымае і сабраныя грошы на яго рэканструкцыю. Так што ахвотныя зрабіць добрую справу могуць звяртацца.

 

За­ха­ваць дом бу­дзе праб­ле­ма­тыч­на (фота 2015 го­да).

 

У выніку пасяджэння было прынятае рашэнне аб стварэнні рабочай групы па зборы экспанатаў для будучага музея і складанні іх апісання. Мясцовыя ўлады ініцыявалі зрабіць на сайце Бабруйскага райвыканкама віртуальную старонку, прысвечаную славутаму земляку. Там жа можна будзе прасачыць за зборам экспанатаў для будучага музея і нават паўдзельнічаць у гэтай справе.

 

— Праблем у нас шмат. Мы сутыкнуліся з тым, што для рэалізацыі праекта трэба зрабіць шмат крокаў, якія павінны быць дакладна вывераны і аформлены заканадаўча, — падвёў вынікі сустрэчы Дзмітрый Яцкевіч. — Мы аказаліся крыху не гатовыя для вырашэння некаторых пытанняў, у першую чаргу юрыдычна-прававых, і тут нам сапраўды часам не хапае падрыхтаванасці. Кожная сітуацыя асаблівая, і цяжка знайсці нейкія агульныя падыходы. Але галоўнае, што ёсць паразуменне. Мы прыйшлі да шэрагу рашэнняў і будзем спрабаваць іх рэалізаваць. Кожны наш крок, як па захаванні гэтага аб'екта, так і па ўвекавечанні памяці Алеся Адамовіча, мае вялікую карысць і плён. На сённяшні дзень мы прыйшлі да думкі, што перадача ва ўласнасць гэтага будынка грамадскай арганізацыі магла б паскорыць працэс. Можа, нехта з мясцовых прадпрымальнікаў мае ў Глушы ці ў ваколіцах аграсядзібу і гатовы падключыцца да справы? Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для ўтрымання такіх вось аб'ектаў культуры і гісторыі. Таму што гэта наша памяць, наша будучыня.

 

Нэлі Зігуля 

 

Увага! З 4 ліпеня 2017 года адбылося змяненне нумароў рахункаў і банкаўскага ідэнтыфікацыйнага кода (БІК) банка. У сувязі з гэтым разліковы рахунак, на які можна пералічваць ахвяраванні для музея Алеся Адамовіча, выглядае так:

 

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

 

р/с BY84АКВВ36421292723267100000

 

у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

 

Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова. Падтрымаем добрую ініцыятыву!


Дата стварэння навіны 19.01.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку