АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч пабывалі на асабістым прыёме ў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова

Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч пабывалі на асабістым прыёме ў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова
18.01.2018
Падрабязнасці сустрэчы, якая адбылася ў Навагрудку.

Фото с сайта Belvpo.com

Пра што гаварылі апазіцыйныя лідары з Міністрам Раўковым?

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч пабывалі на асабістым прыёме ў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова.

 Ці згодна Міністэрства абароны пашырыць грамадскі кантроль над сітуацыяй у казармах, каб выкараніць дзедаўшчыну з беларускага войска? Ці будуць размешчаны ў нашай краіне новыя вайсковыя базы іншых дзяржаў? Ці застаўся расійскі вайсковы кантынгент на тэрыторыі Беларусі пасля вучэнняў “Захад-2017”? І ці будзе перайменавана Сувораўская ваенная вучэльня?

 

Адказы на гэтыя пытанні апазіцыйныя палітыкі пачулі з вуснаў дзеючага міністра абароны.

 

— Сустрэча мінстра Раўкова з прадстаўнікамі грамадскасці адбылася ў Навагрудку, — кажа Анатоль Лябедзька. Выконваючы працэдуру, мы, як і належыць, папярэдне на яе запісаліся. Літаральна ўчора мне патэлефанавалі і паведамілі: ваша чарга на прыём да міністра – за нумарам пяць. Паколькі міністр плануе прымаць грамадзян цягам гадзіны, на вас у яго можа папросту не хапіць часу. Але гэта нас з Юрасём Губарэвічам не спыніла – нягледзячы на цьмяную перспектыву жыўцом паразмаўляць з міністрам, мы ў Навагрудак усё ж такі паехалі.

 

Адзначу, што напярэдадні сустрэчы ў нас ніхто не прасіў выкласці на паперы тыя пытанні, якія мы хочам узняць на прыёме ў Раўкова, што давала надзею на тое, што дыялог атрымаецца, што называецца “непрычосаным”.

 

Так у рэшце рэшт і атрымалася. Раўкоў прымаў грамадзян у будынку Навагрудскага райвыканкама. Перад тым, як трапіць да яго ў кабінет, нас ветліва, але  настойліва папрасілі здаць асабістыя рэчы і мабільныя тэлефоны. Так што сэлфі з міністрам зрабіць не атрымалася.

 

— Колькі працягнулася сустрэча? Якія пытанні на ёй былі ўзняты?

 

— Мы размаўлялі з Раўковым прыкладна 30-35 хвілін. Першае ўражанне, якое ў мяне склалася адразу пасля таго, як Андрэй Раўкоў нас пабачыў, дык гэта тое, што міністр выглядаў крыху заціснутым, чакаючы ад нас з Губарэвічам нейкай правакацыі. Можа ён чакаў, што мы, быццам тыя актывісткі “Фемен” скінем верхнюю вопратку і пакажам майкі з лозунгам: “Раўкова – у адстаўку!” Але мы людзі выхаваныя, усё прайшло цывілізавана. Усё прайшло нават вышэй за нашыя чаканні. Адбылася сапраўдная дыскусія.

 

Да сустрэчы з міністрам абароны ў нас было падрыхтавана чатыры блокі пытанняў. Першае: я нагадаў міністру, што ў Беларусі дзейнічае грамадская пляцоўка “Еўрапейскі дыялог”. Адным з пытанняў, якое там абмяркоўвалася, было пытанне рэгіянальнай бяспекі. Гэта пытанне не толькі Мінабароны, гэта пытанне, якое тычыцца ўсіх грамадзян Беларусі. Зразумела, клікалі мы туды і роднае Міністэрства абароны, аднак яно сваіх прадстаўнікоў туды не прыслала. Я запрасіў Раўкова да ўдзелу ў будучай дыскусіі, якая адбудзецца вясной. Міністр выказаў гатоўнасць свайго ведамства прыняць удзел у падобнай дыскусіі.

 

Другі блок пытанняў, які я адрасаваў Андрэю Раўкову, тычыліся дзедаўшчыны ў беларускім войску. І гэта не толькі з-за жудаснага выпадку ў Пячах, які здарыўся з Аляксандрам Коржычам, на гэтую праблему трэба глядзець шырэй. Я прапанаваў міністру сесці за стол і правесці перамовы аб тым, як змяніць дзеючае беларускае заканадаўства ў лепшы бок. Я прапанаваў унесці ў Закон аб вайсковай службе некалькі змен. Першае: кантроль за ўмовамі праходжання вайсковай службы для грамадства павінен быць больш празрысты. Мы за тое, каб больш шырокі доступ у казармы мелі прадстаўнікі грамадскасці, бацькі і  журналісты. Я таксама прывёў у прыклад досвед, які ёсць у літоўскім войску – там салдат абсалютна спакойна адпускаюць штотыдня на выходныя дамоў. Гэта, безумоўна, змяншае верагоднасць праяўлення дзедаўшчыны ў войску.

 

Для таго, каб змены былі прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, іх павінна падтрымаць профільнае ведамства. Таму я засяродзіў увагу Раўкова на тое, што нам бы нядрэнна было весці падрыхтоўку гэтых змен разам, праз дыялог. Заўважу, што ніводная з высунутых намі прапаноў адрынута не была. Гэта можа сведчыць пра тое, што Мінабароны да супрацоўніцтва гатова.

 

А вось што па выніках сустрэчы з Андрэем Раўковым распавёў старшыня руха “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

 

— Найперш мяне цікавіла тое, ці ёсць нейкая абгрунтаваная неабходнасць ці планы па дадатковым размяшчэнні ў Беларусі вайсковых баз і вайсковага кантынгенту іншых дзяржаў. На што міністр адказаў, што на сённяшні дзень у краіне ёсць два такіх аб’екты —  Вілейка і Ганцавічы, якія маюць карысць для беларускай абароны. Неабходнасці і планаў па размяшчэнні дадатковых вайсковых аб’ектаў і вайсковай тэхнікі іншых дзяржаў у Беларусі няма.

 

Акрамя таго, міністр Раўкоў назваў “фэйкам” інфармацыю пра тое, што ў Беларусі застаўся расійскі вайсковы кантынгент, які прымаў удзел у вайсковых вучэннях “Захад-2017”.

 

Таксама я звярнуў увагу міністра на праблему патрыятычнага выхавання ў беларускім войску. Нагадаў міністру пра тое, што гады тры таму рух “За свабоду” разаслаў па вайсковых навучальных установах краіны плакаты з выявай вядомых беларускіх палкаводцаў – асобаў, якія дасягнулі поспехаў у вайсковай сферы – з часоў ВКЛ па сённяшнія дні. Гэтым мы прадэманстравалі, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя поўная перамогаў і менавіта на гэтым трэба рабіць акцэнт у навучальных праграмах. Прыйшоў час адмовіцца ад вайсковай спадчыны СССР.

 

Акрамя таго я сказаў міністру, што ў беларускім грамадстве ёсць меркаванне аб тым, каб нарэшце перайменаваць сувораўскую вучэльню, назваўшы яе, напрыклад, у гонар Касцюшкі ці Астрожскага. Але, гэта бадай адзіная прапанова, на якую я не атрымаў яснага адказу.

 

Як нас запэўнілі, акрамя вусных адказаў, мы павінны атрымаць яшчэ  і пісьмовыя варыянты з пазіцыяй мінабароны па пытаннях, якія мы закранулі. Так што – пачакаем, піша Народная воля.


Дата стварэння навіны 18.01.2018

Возврат к списку