АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Прапановы Панамарэнкі нечаканы для ўсіх

Прапановы Панамарэнкі нечаканы для ўсіх
17.01.2018
Нядаўна публіцыст Аляксандр Фядута выказаў думку аб стварэнні ў Беларусі Пантэону нацыянальнай славы. Яго прапанова выклікала кволае абмеркаванне і заціхла. Шкада. Ні гістарычная супольнасць, ні грамадства не аказаліся гатовыя да дыскусіі.

  Фядута, дарэчы, не першы, хто прапанаваў беларусам такі праект. Задоўга да яго гэтую ідэю агучыў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка.

 На здымку: Панамарэнка (у цэнтры) над генпланам Мінска.

 

Гэта адбылося 5 верасня 1944 на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б. Абмяркоўвалі пытанне «аб камісіі па складанні праекта рашэння аб бліжэйшых мерах па аднаўленні г. Мінска». Такія пасяджэнні праходзілі ледзьве не штотыдзень. Мінск ляжаў у друзе і партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі намагалася як мага хутчэй аднавіць разбураную сталіцу.

 

Панамарэнка расказаў, як яшчэ ў Маскве ён з брыгадай выдатных расійскіх архітэктараў спецыяльна ездзіў на «Вераб’ёўку», каб на месцы ўбачыць архітэктурную забудову Масквы з тым, каб гэты прыклад можна было перанесці і ў Мінск.

 

 Пералічваючы што неабходна пабудаваць у першую чаргу — аб’екты сацыяльнай сферы, жыллё, гасцініцы, стадыёны, тэатры — Панамарэнка нечакана для ўсіх прамовіў, што у ліку першачарговых у цэнтры Мінска неабходна пабудаваць і «музей-пантэон».

 

Не чакаючы рэакцыі на гэтую прапанову, Панамарэнка працягваў: «Ператварылі горад у могілкі, на любой плошчы пахаваныя генералы, афіцэры, забітыя за Мінск. Ёсць людзі пахаваныя па лясах — Заслонаў, Языкоў, Сільніцкі. Пабудаваць такі лёгкі і прыгожы будынак і ўсіх там пахаваць, магчыма, перавезці Даватара. Неабходна, каб у гэтым будынку было ўсе прыгожа». Першым апрытомнеў будучы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Цімох Гарбуноў, які і не падтрымаў, і не адкінуў ідэю Панцеляймона Кандратавіча: «Даватар у Крамлі». Панамарэнка імгненна адрэагаваў: «Гэта іншая справа. Янкі Купалы урну перанясем. Вось гэта ўключыць».

 

Музей-пантэон — гэта была не імправізацыя Панамарэнкі. Ён распавядаў прысутным, што ва Усесаюзным упраўленні па справах архітэктуры, у майстэрні вядомага архітэктара Мардвінава «для нас многа праектаў зроблена і робіцца …будынак музея-пантэона. Аднак я папрасіў іх брыгадай прыехаць сюды і прыехалі — Мардвінаў, Колі і іншыя. Вельмі сур’езная камісія. Яны склалі эскіз-ідэю аднаўлення цэнтральнай часткі Мінска».

 

Закрываючы пасяджэнне Панамарэнка падсумаваў: камісіі ў складзе Бударына, Казлова, Эйдзінава, Воінава, Ганенкі, Бельскага і Глебава падрыхтаваць у 5-дзённы тэрмін праект і праз тыдзень вярнуцца да яго канчатковага абмеркавання і прыняцця рашэння на бюро ЦК КП(б)Б.

 

 

 

Аднак перарвемся і вернемся ў 1942—43 г., каб зразумець, чаму Панцеляймон Панамарэнка, стопрацэнтны рускі, пачаў дбаць аб беларусах і прапанаваў ім стварыць ні больш ні менш нацыянальны музей-пантэон.

 

У жніўні 1942 г. Панамарэнка — Начальнік цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) і першы сакратар ЦК КП(б)Б — скіраваў на імя І. Сталіна дакладную запіску аб стварэнні дзвюх беларускіх армій, агульнай кольскасцю 154 тыс. чалавек. Кожная армія мусіла складацца з 6 стралковых дывізій.

 

Панамарэнка асабліва падкрэсліваў, што «палкам, якія ўваходзяць у дывізіі, прысвойваюцца назвы, звязаныя з гістарычнымі традыцыямі[…]. Брыгадам прысвойваюцца прозвішчы верных сыноў беларускага народа — Герояў Савецкага Саюза і традыцыйных герояў беларускага народа. Напрыклад, 1-я брыгада імя Кастуся Каліноўскага». (выдзелена мной. — АВ). У дывізіі прадугледжвалася стварэнне 3-х палкоў, колькасцю 10 370 чалавек.

 

Так, у дывізію імя Каліноўскага ўваходзілі Беластоцкі, Гродзенскі і Навагрудскі палкі. Кожная дывізія і полк павінны былі мець свае адрозненні формы — нагрудны знак, павязка, кант, колер шапкі. Акрамя гэтага, кожная дывізія павінна была мець сваю ўласную песню. У арміі прадугледжвалася стварэнне газеты «За свабодную Беларусь» на беларускай і рускай мовах.

 

Панамарэнка апеляваў да гістарычнага мінулага беларускага народа: «Асабліва павінны быць прадуманыя мерапрыемствы па выхаванні традыцый у кожным палку, у сувязі з прысвоенным яму прозвішчам. У Полацкім палку абавязкова павінна мець месца па асвятленню традыцый беларускага народа ў іх сумеснай вызвольнай барацьбе разам з рускім народам супраць іншаземных захопнікаў. На гэтых прыкладах павінен выхоўвацца полк».

 

У тым жа 1943-м Пятрусь Броўка напісаў свай вядомы верш:

 На Беларусі па вёсках ідуць пагалоскі

з’явіўся Кастусь Каліноўскі…

 

У 1943 імя Каліноўскага як аднаго з «народных правадыроў, кіраўнікоў паўстанняў у барацьбе за сваю годнасць, за свой гонар і свабоду» разам з прозвішчамі Налівайкі, Галоты, Крывашапкі, Гаркушы і Вашчылы згадваецца ў «Звароце воінаў-беларусаў да партызанаў і партызанак, да ўсяго беларускага народа». Шэраг партызанскіх брыгад і атрадаў у Беластоцкай, Баранавіцкай, Мінскай абласцях сталі насіць імя Каліноўскага, з’явілася і партызанская брыгада імя Каліноўскага, у літаратуры пачалі згадваць паўстанне, і асобу Каліноўскага як «народнага правадыра», «нацыянальнага героя».

 

Аднак праект Панамарэнкі аб стварэнні беларускіх армій невядома па якіх прычынах не здзейсніўся. Гэта тэма патрабуе і часу, і свайго даследчыка. Але тут мо галоўнае, што Панамарэнка «бачыў» Каліноўскага ў ролі нацыянальнага героя і, магчыма меркаваць, яго месца ў «музеі-пантэоне».

 

Пры канцы 1943-га частка Беларусі ўжо была вызваленая ад нямецкіх акупантаў. І напярэдадні Новага 1944 года Сталін звяртаецца з навагоднім віншаваннем да беларускага народа. І як звяртаецца: «…Ганарыся, беларус, бо першае званне Героя Савецкага Саюза сярод партызанаў атрымаў беларус Бумажкоў. Ганарыся, беларус: у шэрагах Чырвонай Арміі змагаецца 141 генерал-беларус, дзясяткі тысяч афіцэраў, сотні тысяч байцоў, 243 Героі Савецкага Саюза».

 

І зусім неверагоднае: «Ганарыся беларус: на сцягу тваіх дывізій залатымі літарамі напісана: «Вышэй сцяг беларускай нацыянальнасці». Неверагодна, бо цяпер ужо вядома, як Сталін ставіўся да нацыяналізму, а тут такі заклік — «Вышэй сцяг беларускай нацыянальнасці».

 

 На пачатку 1944 Панамарэнка яшчэ знаходзіўся ў Маскве і, можна меркаваць, удзельнічаў у падрыхтоўцы навагодняга віншавання. Ён рыхтаваў праект аб стварэнні дзвюх беларускіх армій, і звесткі аб беларусах — Героях Савецкага Саюза, сотнях генералаў-беларусаў у дзейнай арміі былі ў яго «на стале». З улікам навагодняга звароту Сталіна Панамарэнка і вырашыў прапанаваць саюзнаму кіраўніцтву праект аднаўлення Мінска, у якім прадугледжвалася будаўніцтва і музея-пантэона.

 

Аднак, праект застаўся на паперы. Ні праз тыдзень, ні праз гады ніхто не ўздымаў гэтага пытання. Можна толькі здагадвацца, што здарылася. Панамарэнка быў найвопытнейшым наменклатуршчыкам, «нутром» адчуваў настроі вышэйшага звяна. Мо хтосці з Крамля «параіў» яму не рабіць у Мінску таго, чаго не было і нават не планавалася ў Маскве…

 

Сакраментальнае пытанне, а ці павінен быць у сучаснай Беларусі музей-пантэон. Безумоўна, павінен. Кожная нацыя мае сваіх герояў і яны не павінны ляжаць на розных пагостах ды пагорках нашай ды іншых краін. Сталіца павінна мець свой музей-пантэон, дзе ў выбітных асобах і постацях беларускага народа «легла» б уся шматвекавая гісторыя нашай краіны. Зайдзіце на Кракаўскі Вавель і вы ўбачыце там ўсю гісторыю Польшчы ў асобах і постацях, якімі ганарыцца кожны паляк. Дадаць тут больш няма чаго.


Анатоль Вялікі, Наша ніва




Дата стварэння навіны 17.01.2018

Возврат к списку

cashback