АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі сітуацыя з правамі чалавека ў 2017 годзе значна пагоршылася

У Беларусі сітуацыя з правамі чалавека ў 2017 годзе значна пагоршылася
15.01.2018
Летась, у 2017 годзе, у Беларусі назіралася значнае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека, адзначаецца ў аналітычным аглядзе, які падрыхтаваў паводле вынікаў года закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна".

На здымку: Мінск, 25 сакавіка 2017 года

Праваабаронцы нагадваюць, што са жніўня 2015 года ўлады выкарыстоўвалі тактыку "мяккіх практык", пазбягаючы затрыманняў грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі.

 

"Хваля акцый пратэсту грамадзян, якая пракацілася па многіх гарадах краіны супраць прымянення дэкрэта № 3, была ўспрынятая ўладамі як сур'ёзная пагроза дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, што прывяло да пачатку рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, актывістаў і лідараў апазіцыі, незалежных журналістаў і праваабаронцаў", — гаворыцца ў аглядзе.

 

Усяго ў сакавіку тыя ці іншыя формы рэпрэсій зведалі больш за 900 чалавек, у тым ліку удзельнікі акцыі 25 сакавіка ў Мінску.

 

На працягу 2017 года зафіксаваныя больш за 600 выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з рэалізацыяй права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, больш як у 250 выпадках суддзі прызначалі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

 

Праваабаронцы адзначаюць, што ў 2017 годзе ўлады "актыўна практыкавалі палітычна матываваны крымінальны пераслед". Паводле іх звестак, гэты від рэпрэсій ўжываўся ў дачыненні да 40 грамадзян, 35 з іх былі затрыманыя 21—24 сакавіка і ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА па справе аб "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў". Пазней 16 з іх было выстаўленае дадатковае абвінавачанне на падставе арт. 287 Крымінальнага кодэкса (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання), піша Новы час

 

Агляд паказвае, што да гэтага часу не спыненая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, распачатая згодна з ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

 

"На працягу года былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі пераследу журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці, — гаворыцца ў аглядзе. — Паводле інфармацыі БАЖ, на працягу года былі зафіксаваныя 69 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ".

 

Праваабаронцы адзначаюць, што да канца года з-пад варты былі вызваленыя практычна ўсе фігуранты раней распачатых палітычна матываваных крымінальных спраў. Большасць гэтых спраў былі спыненыя. На думку аўтараў агляду, гэта "сведчыць аб тым, што знешнепалітычныя і геапалітычныя фактары працягвалі рабіць істотны ўплыў на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне, у тым ліку і на сітуацыю з правамі чалавека". "Нягледзячы на пагаршэнне агульнай сітуацыі ў краіне ў перыяд вясновых падзей, улады працягвалі прыкладаць намаганні, скіраваныя на працяг дыялогу і нармалізацыю адносін з краінамі Захаду (ЕС і ЗША)", — гаворыцца ў дакуменце.

 

Між тым, падкрэслівае "Вясна", у месцах пазбаўлення волі працягваюць заставацца двое палітвязняў — Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка. (Варта адзначыць, што Жамчужнага прызнаюць палітвязнем толькі беларускія праваабаронцы, Паліенку прызнала палітвязнем і "Міжнародная амністыя".)

 

Нягледзячы на працяг дыялогу з ЕС і Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы па праблеме смяротнага пакарання і заклікі да ўвядзення мараторыя, у 2017 годзе Беларусь працягнула выкарыстоўваць гэты від пакарання. Былі вынесеныя тры новыя смяротныя прысуды, адзін — прыведзены ў выкананне, гаворыцца ў аглядзе.

 

"Такім чынам, — канстатуюць яго аўтары, — сістэмных змен у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў на заканадаўчым узроўні на працягу 2017 года не адбылося, а шырока анансаваныя ўладамі змены ў закон "Аб масавых мерапрыемствах" не змянілі абмежавальнай сутнасці гэтага закона і практыкі яго прымянення. Таксама не былі імплементаваныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб змене выбарчага заканадаўства".


Дата стварэння навіны 15.01.2018

Возврат к списку