АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Актывістка Галіна Лагацкая: «Жудасней, чым турма!»

Актывістка Галіна Лагацкая: «Жудасней, чым турма!»
15.01.2018
Больш за два тыдні яе пратрымалі ў псіхіятрычным шпіталі, перад гэтым забралі маёмасць. Ці можна лічыць гэты выпадак выключэннем, ці мае месца пачатак мэтанакіраванага ціску супраць нязручных апанентаў улады.

Удзельніца антыдармаедскіх пратэстаў у Менску, актывістка Галіна Лагацкая, новы год сустракала ў Рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках. А перад гэтым, у выніку нясплочаных штрафаў, у жанчыны сканфіскавалі маёмасць.

 

«Судовыя выканальнікі давялі мяне да таго, што я трапіла ў Навінкі. Яны парушылі ўсё, што толькі можна. У першую чаргу – інструкцыю аб выканаўчым вядзенні. Я іх прасіла не парушаць, папярэджвала», – распавядае Галіна Лагацкая.

 

Паводле Галіны Лагацкай, дзеянні судовых выканальнікаў давялі яе да напісання перадсмяротнай запіскі. Пасля гэтага, пагражаючы доўгімі судамі, лекары «Навінак» вымусілі яе падпісаць згоду на добраахвотнае лячэнне. У псіхіятрычным шпіталі актывістцы лекі ўводзілі гвалтам, калі тая спрабавала не піць пігулак.

 

«Я ў шоку: там горш, чым турма! Там жудасней, чым турма: ты бязвольны. Чалавечая годнасць? Няма там ніякай чалавечай годнасці! Калі ў турме ты яшчэ можаш папрасіць паперку і напісаць скаргу ці выклікаць хуткую дапамогу, калі табе дрэнна, то там робяць усё, каб… Як самнамбула! Гэта жудасна, гэта вельмі жудасны стан!» – кажа яна.

 

Галіна Лагацкая ўпэўненая, што ў Беларусі адраджаецца гэтак званая карная псіхіятрыя – калі нязручных апанентаў улады змяшчаюць у варʼятню. А помсціць жанчыне ёсць за што: яна вяла актыўную грамадскую дзейнасць, адстойвала правы ды ўдзельнічала ў пратэстах. Праваабаронцы мяркуюць, што, вяртаючыся да карнае псіхіятрыі, улады Беларусі спрабуюць дыскрэдытаваць актывістаў.

 

«Улада сёння выбрала проста лёгкі шлях змагацца з іншадумствам менавіта праз гэтыя псіхіятрычныя аддзяленні. Я мяркую, што мы ведаем далёка не ўсё. Я ведаю, што ў рэгіёнах вялікую колькасць простых людзей «запіхваюць» туды папросту. І гэта трэба вывучаць, даследаваць, праводзіць маніторынг. А гэтая ж інфармацыя ўся закрытая», – адзначае праваабаронца Алег Воўчак.

 

На думку кіраўніка праваабарончага цэнтру, мэта ўладаў – не дапусціць арганізаванасці грамадства.

 

Што ж да Лагацкай, то Алег Волчак упэўнены: яе адносна хуткае вызваленне залежала ў першую чаргу ад актыўнасці праваабаронцаў. Маўляў, дапамаглі скаргі на імя міністра аховы здароўя і генеральнага пракурора.

 

«Калі б мы гэтага не зрабілі (я ведаю з вопыту палітзняволенага Лапіцкага, які таксама быў у псіханеўралагічным дыспансеры), яе б мінімум паўгода трымалі. Гэта мінімум! І не было б ніякай гарантыі, што яе потым бы адпусцілі», – адзначае Воўчак.

 

А вось хто і як спрычыніўся да змяшчэння Галіны Лагацкай у псіхіятрычны шпіталь, Алег Волчак яшчэ мае намер высветліць. І далей працягваць абараняць правы суграмадзянаў, якія пацярпелі ад дзеянняў улады. Галоўны ж ягоны пасыл – не баяцца, бо менавіта тады ўлада самая трымціць ад страху.


па інф. Белсат

Дата стварэння навіны 15.01.2018

Возврат к списку