АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Прэм’ер Кабякоў бачыць пастку не там

Прэм’ер Кабякоў бачыць пастку не там
11.01.2018
Беларускі ўрад мяркуе сёлета забяспечыць рост эканомікі на 3,5%.


Гэта пацвердзіў у інтэрв’ю на тэлеканале “Беларусь 1” прэм’ер Андрэй Кабякоў. Але падаецца, што ўлады занадта высока паставілі планку.
Не, на добры лад нам трэба расці яшчэ хутчэй, каб даганяць перадавыя краіны, аднак тут пытанне, ці маецца на сёння рэсурс дзеля рэалізацыі такіх амбіцыйных планаў.
Ва ўсякім разе, адмыслоўцы Сусветнага банка ў свежым дакладзе спрагназавалі, што ў 2018 годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырасце толькі на 2,1%. Досвед паказвае, што міжнародныя эксперты, над якімі не вісіць пуга загадаў Аляксандра Лукашэнкі (кроў з носу выканаць пяцігодку!), у падобных прагнозах бліжэйшыя да ісціны.
Прычым Сусветны банк падкрэслівае, што нізкія тэмпы росту нашай экономікі абумоўлены (увага!) яе структурнымі недахопамі, а сам рост у значнай ступені ёсць наступствам спрыяльнай знешнеэканамічнай кан’юнктуры.
Прасцей кажучы, фокус не ў тым, што ўлады зрабілі добры апгрэйд эканамічнай мадэлі, а найперш у тым, што банальна падаражалі нафтапрадукты, калій і яшчэ некаторыя тавары нашага экспарту. Карацей, пашэнціла, фартуна ўсміхнулася.

Але ж фартуна — рэч эфемерная. Нафта ды іншая сыравіна зноў могуць патаннець — і тады капец нават сціпламу росту. Бо ад нафтавага праклёну, сыравіннай залежнасці наша эканоміка так і не пазбавілася. І самае галоўнае — няма структурных рэформаў, якія зрабілі б яе болей канкурэнтаздольнай ды меней уразлівай да знешніх шокаў.

Аднак пра гэта прэм’ер Кабякоў не кажа, затое абмалёўвае во якую небяспеку: “Мы — эканоміка, што развіваецца. І адна з праблем, што атрымліваюць такія эканомікі, — гэта пастка сярэдняга даходу, калі грамадзяне, эканамічныя ўлады пачынаюць быць задаволеныя сваімі вынікамі і меркаваць, што яны дасягнулі мяжы мараў. Гэтага быць не павінна”.

Такое ўражанне, што наш урад існуе ў нейкай паралельнай рэальнасці. Краіна — адна з найбяднейшых у Еўропе, мільёны беларусаў ледзьве сточваюць канцы з канцамі, у рэгіёнах нават 500 рублёў лічыцца вельмі добрым заробкам. А кіраўнік ўраду пераймаецца, каб суайчыннікі не адчулі сябе на мяжы мараў, на сёмым небе.

Зрэшты, калі без іроніі, то эканамісты сапраўды аперуюць такім паняццем, як пастка сярэдняга даходу. Але, па-першае, крытэрыі размытыя, і таму вялікае пытанне, ці дарасла ўвогуле Беларусь да такой праблемы. Як мяркуе эксперт Беларускага эканамічнага даследчыцка-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук, “у нашым выпадку гэта пакуль што неактуальна”.

У гутарцы са мной эканаміст зазначыў, што праблема закранае сёння некаторыя краіны Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы, напрыклад Польшчу, Чэхію, але ж у Беларусі ўзровень дабрабыту прыкметна ніжэйшы. Спробы апраўдаць нізкія тэмпы росту нашай эканомікі пасткай сярэдняга даходу эканаміст іранічна называе “белетрыстыкай”.

Па-другое ж, сутнасць праблемы не ў тым, што, вось, народ затлусцеў і не хоча як след працаваць, а ў тым, што эканоміка страчвае канкурэнтаздольнасць. Ужо немагчыма вырабляць тавар настолькі танны, як у найбяднейшых краінах, і разам з тым — не забяспечваецца такая прадукцыйнасць ды якасць, як у развітых краінах. Іначай кажучы, гаворка ідзе пра неэфектыўнасць эканамічнай мадэлі.

І дарэчы, калі вы, панове ўрадоўцы, так баяцеся той пасткі, дык не трэба штучна наганяць заробкі, як гэта раз-пораз робіцца ў Беларусі.

Згадаем: у 2010 годзе ўсімі праўдамі і няпраўдамі (болей — няпраўдамі, друкаваннем пустых грошай) заробкі наганялі да 500 долараў у эквіваленце, але налета яны ляснуліся праз дзве дэвальвацыі ды гіперінфляцыю. Потым пад ціскам прэзідэнта вертыкаль зноў напампавала заробкі — і зноў яны ляснуліся ў 2014-м. Аднак, нягледзячы на сумны досвед, летась чарговы раз працавала адміністрацыйная пуга, заробкі наганяліся да тысячы рублёў (фактычна да тых жа 500 долараў).

Карацей, раз за разам мы бачым, што рэй вядуць папулізм ды валюнтарызм. Пры гэтым ігнаруецца эканамічны закон, згодна з якім рост заробкаў мусіць ісці следам за ростам прадукцыйнасці працы. У выніку — нарастанне дысбалансаў, абвалы.

Калі ж вяртацца да пасткі сярэдняга даходу, то, паводле Змітра Крука, “сутнасць праблемы — у тым, наколькі краіна гатова да інавацый”.

Няцяжка зрабіць выснову, што гатоўнасць да інавацый залежыць найперш не ад простых рабацяг і нават не ад кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў, а менавіта ад улад. Яны мусяць стварыць спрыяльную рамку.

Эканаміст Кірыл Руды (былы памочнік прэзідэнта Беларусі, а цяпер пасол у Кітаі) у адной са сваіх кніг таксама разважае, як пазбегнуць пасткі сярэдняга даходу ў Беларусі. На думку аўтара, патрэбны сістэмныя захады што да рэалізацыі эканамічных рэформаў як на макра-, так і на мікраўзроўні.

Вось яно, ключавое слова: рэформы. Але ва ўрадзе, здаецца, пабойваюцца нават яго вымаўляць, бо раней гэта выклікала раздражненне афіцыйнага лідара.

Праўда, часы мяняюцца. І летась тое-сёе было зроблена — падпісаны пакет рашэнняў, скіраваных на разняволенне бізнесу, развіццё ІТ-сектара. Аднак цяжка пазбавіцца ад уражання, што за кошт асобных перадавых кластараў улады разлічваюць і надалей падтрымліваць вялізны дзяржсектар, які прагна патрабуе фінансавых уліванняў, але застаецца збольшага неэфектыўным. Іначай кажучы, ствараецца нейкі гібрыд касмічнага карабля з паравозам.

Зноў жа: эксклюзіўныя ўмовы даюцца асобным сектарам, гэтым разам — Парку высокіх тэхналогій. Між тым даўно наспеў час стварыць празрыстыя рынкавыя правілы для ўсёй эканомікі.

Але тут праблема відавочна ўпіраецца ў спецыфіку палітычнага рэжыму. Рабіць структурныя рэформы кіроўныя вярхі банальна баяцца, бо гэта, з іх гледзішча, можа зменшыць трываласць адбудаванай сістэмы. А раптам вырасце беспрацоўе, пачнуцца хваляванні і г.д. Акрамя таго, з ростам бізнес-праслойкі і сярэдняга класа ў грамадстве стане мацнець запыт на палітычныя пераўтварэнні, самастойны парламент, незалежны суд.

Натуральна, цяперашнім уладным вярхам страшна запускаць такія далёка ідучыя працэсы. Бо калі ў краіне ўзнікне рэальны падзел улад, палітычная канкурэнцыя, пачнецца дынамічная трансфармацыя ва ўсіх сферах, то кадры старой загартоўкі апынуцца не пры справах, акажуцца непатрэбнымі.

Вось дзе галоўны тормаз, вось дзе самая небяспечная пастка для Беларусі — у страху высокага начальства, якое не хоча страчваць крэслы, перад сапраўднымі пераменамі. Калі нешта і робіцца, то “праз не хачу”, са скрыпам, з велізарным спазненнем і нярэдка паводле прынцыпу “крок наперад, два крокі назад”.

Аляксандр Класкоўскі, Народная воля

Дата стварэння навіны 11.01.2018

Возврат к списку