АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Аляксандра Кузьміч: У беларусаў няма культуры адстойвання сваіх правоў

Аляксандра Кузьміч: У беларусаў няма культуры адстойвання сваіх правоў
11.01.2018
Пра ціск на студэнтаў у беларускіх ВНУ, а таксама пра тое, якім павінен быць універсітэт, мы пагутарылі з прадстаўніцай Задзіночання беларускіх студэнтаў Аляксандрай Кузьміч.

Калі вы пачынаеце змагацца за свае правы і выходзіць з ценю, гэта пераводзіць вас у групу рызыкі. 

 

 Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) займаецца абаронай правоў навучэнцаў беларускіх ВНУ і прасоўвае ідэю студэнцкага ўдзелу ва ўніверсітэцкім жыцці. Арганізацыя ладзіць асветніцкія мерапрыемствы, праводзіць маніторынгі парушэння правоў студэнтаў, падтрымлівае студэнцкую моладзь. Падчас сёлетніх сакавіцкіх пратэстаў ЗБС арганізавала збор касы ўзаемадапамогі для студэнцкіх актывістаў і актывістак, якім прысудзілі штрафы і пасадзілі на суткі. З’яўляючыся часткай Еўрапейскага саюза студэнтаў, сябры ЗБС распавядаюць еўрапейскай супольнасці пра тое, што адбываецца ў студэнцкім асяроддзі, і прасоўваюць у Беларусі каштоўнасці Балонскага працэсу.

 

— Падчас аднаго з апошніх абмеркаванняў праблем беларускай адукацыі вы сказалі, што студэнцтва ў Беларусі няма. Чаму так сталася, і што вы разумееце пад «студэнцтвам»?

 

— Я мела на ўвазе, што няма студэнцкага руху. Напрыклад, увесну ў Будапешце, калі зачынялі Еўрапейскі ўніверсітэт, пратэставаць супраць гэтага выходзілі не толькі студэнты, а шырокія масы людзей, неабыякавых да той сітуацыі. У Беларусі такога няма. У нас пратэсты, нават калі і ёсць, дык лакальныя. Але значна горш, што сітуацыі парушэнняў правоў студэнтаў увайшлі ў статус нормы. Падчас кожных выбараў студэнтаў прымушаюць датэрмінова галасаваць, а калі гэта выбары прэзідэнцкія, то іх яшчэ і просяць з’ехаць з інтэрнатаў у асноўны дзень галасавання — на выпадак, калі будуць нейкія масавыя пратэсты. Збольшага студэнты пагаджаюцца з гэтым. У беларусаў у прынцыпе няма культуры адстойвання сваіх правоў.

 

— Але ж тым, хто спрабуе гэта рабіць, пагражаюць санкцыямі, і мы ведаем шматлікія прыклады адлічэння студэнтаў з універсітэтаў за актыўнасць. Што рабіць, калі паўстае выбар паміж навучаннем і прынцыпамі?

 

— Ёсць такая прымаўка: калі народ паміж свабодай і хлебам выбірае хлеб, дык рана ці позна ў яго не будзе ні хлеба, ні свабоды. Гэта тое, што адбываецца і ў студэнцтве. Але заўжды можна паспрабаваць абараніцца. Трэба разумець, што калі цябе хочуць адлічыць, — гэта зробяць пры любым раскладзе, і тут не ўратуе ні выдатная вучоба, ні адсутнасць пропускаў, ні ўдзел ва ўніверсітэцкіх канцэртах. Але для большасці студэнтаў і студэнтак гэта не актуальна, таму трэба проста выконваць базавыя правілы бяспекі: не прагульваць пары, больш-менш старанна вучыцца, не спісваць на іспытах, а таксама адсочваць усё, што ў дачыненні да цябе робіць дэканат.

 

Нядаўна да мяне звярнуўся хлопец, які ўдзельнічаў у праграмах моладзевага абмену, і цяпер яго настойліва выклікаюць на размову ў КДБ. Для мяне гэта было адкрыццём, бо я думала, што такая практыка ўжо даўно «згубілася ў вяках».

 

 Аляксандра Кузьміч


— За што можна трапіць пад такую пільную ўвагу адміністрацыі ВНУ і органаў дзяржбяспекі?

 

— На самай справе, прычынай можа стаць што заўгодна — калі вы не падабаецеся свайму дэкану, паводзіце сябе дзёрзка альбо з’яўляецеся актывістам ці актывісткай нейкай арганізацыі. На журфаку напачатку года, калі толькі змяніўся рэктар і пачалося «навядзенне парадку», пад увагу траплялі ўсе, хто знаходзіліся і актыўна ставілі «лайкі» ў сацсетках у суполцы «Падслухана», а таксама хто збіраўся пайсці на традыцыйны сход першакурснікаў у бліжэйшым скверы. Студэнтам, якія хацелі туды пайсці, казалі, што на сход прыедзе атрад АМАПу. Калі глядзіш на гэтую сітуацыю з вышыні сваіх студэнцкіх гадоў, яна падаецца смешнай, але для першакурснікаў гэта было страшна, і, наколькі я ведаю, ніхто на тую сустрэчу не пайшоў.

 

Калі вы пачынаеце змагацца за свае правы і выходзіць з ценю, гэта пераводзіць вас у «групу рызыкі». Таму цяпер Задзіночанне беларускіх студэнтаў вядзе працу, каб чалавек не заставаўся адзін супраць універсітэту, і абараняе яго правы ад імя арганізацыі.

 

— Калі ўжо згадалі ўніверсітэт, чым з пункту гледжання студэнцтва ёсць сённяшнія беларускія ўніверсітэты, і ці магчыма для нашых ВНУ ўвогуле прымяняць такое азначэнне?

 

— Мы ўжо некалькі гадоў рэалізуем праект «Акадэмія студэнцкага лідарства», накіраваны на тое, каб студэнты маглі нешта змяніць да лепшага ў сваіх ВНУ. Але пасля паўгода працы ў праекце актыўныя людзі прыходзяць да эмацыйнага выгарання, таму што нашы ўніверсітэты — гэта непад’ёмныя махіны, якія адзін чалавек не можа зварушыць.

 

Увогуле, сапраўдных універсітэтаў у Беларусі няма. Ёсць назва, але, фактычна, гэта рэфармаваная школа. Тое, як павінен выглядаць універсітэт, прапісана ў Дарожнай карце Балонскага працэсу і «Вялікай хартыі ўніверсітэтаў» (Magna Charta Uneversitatum), да якой, дарэчы, нядаўна далучыўся БДУ. Цікавая сітуацыя: Белдзяржуніверсітэт у 2015 годзе стаў афіцыйнымі сябрамі Magna Charta, а з 2015 года да сённяшняга дня з яго адлічылі 10 студэнтаў за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пры тым, у Magna Charta гаворыцца пра акадэмічныя каштоўнасці і пра тое, што ўсе падзеі па-за межамі ўніверсітэта ніяк не павінны ўплываць. Універсітэты, якія заяўляюць пра сваю апалітычнасць — і з гэтай нагоды забараняюць студэнтам удзельнічаць у акцыях БНФ ці «Маладога фронту» — фактычна падтрымліваюць супрацьлеглую палітычную сілу. У кожным універсітэце ёсць аддзел «Белай Русі», якая пакуль што з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, але, па сутнасці, выконвае ролю партыі. Ва ўсіх універсітэтах вы знойдзеце БРСМ, і ў ніводным няма ЗБС — не таму, што нас мала ці нам лянота, а таму, што нас не пускаюць ва ўніверсітэты.

 

Я б хацела бачыць ва ўніверсітэтах адсутнасць цэнзуры і большую свабоду для студэнцтва. Пакуль — мне страшна пра гэта казаць — трэба проста змірыцца з тым, што ўніверсітэцкая адукацыя такая, якая ёсць, і калі вам яна не падабаецца, трэба ісці і даадукоўвацца.

 

 — Але што рабіць з неадпаведнасцю адукацыі сучасным патрабаванням рынка працы? І калі адмяніць размеркаванне выпускнікоў, ці змогуць яны знайсці сабе працоўнае месца пры досыць абмежаванай прапанове працадаўцаў?

 

— Размеркаванне не вырашае гэтага пытання, а маскіруе яго. Размеркаванне проста затыкае дзіркі. Ёсць методыкі, па якіх працуюць заходнія ўніверсітэты ва ўмовах рынкавай эканомікі, і ігнараваць гэтыя мадэлі — глупства. Заменай размеркавання мог бы стаць Цэнтр кар’еры, дзе збіраліся б прапановы ад працадаўцаў, рэзюме ад выпускнікоў. Таксама трэба наладзіць сувязь універсітэтаў з бізнесам. Напрыклад, я вучылася ў БДУіРы, там ёсць некалькі аўдыторый, зробленых Itransition, EPAM і іншымі ІТ-кампаніямі, дзе яны праводзяць курсы не толькі для студэнтаў універсітэта, а для ўсіх ахвотных. І калі б гэтыя кампаніі маглі казаць, якія кваліфікацыі спецыялістаў ім патрэбныя, а ўніверсітэт бы рыхтаваў такіх спецыялістаў — адукацыя была б рэлевантнай патрабаванням бізнесу.

 

— Як вядома, Беларусь не выканала большасць патрабаванняў Дарожнай карты, і ўвесну паўстане пытанне наконт далейшага лёсу нашай краіны ў Балонскім працэсе. Што б вы прапанавалі ў гэтай сітуацыі?

 

— Падчас апошняга з’езду Еўрапейскага саюза студэнтаў некалькі тыдняў таму была прынята рэзалюцыя за працяг Дарожнай карты да 2020 года, а таксама ў ёй змешчаны заклік да беларускага ўраду праводзіць больш глыбокія рэформы. І хоць непасрэдна гэтая рэзалюцыя не можа ні на што ўплываць, яна акрэслівае пазіцыю еўрапейскай студэнцкай супольнасці. Апроч таго, мы спрабуем атрымаць ліст падтрымкі ад польскага Міністэрства адукацыі, каб Польшча падняла гэтае пытанне (працягу Дарожнай карты. — аўт.) на Саміце міністраў адукацыі ў траўні 2018 года ў Парыжы. Бо пакуль увогуле не вядома, ці будзе яно ў павестцы дня.

 

Альтэрнатыва працягу Дарожнай карты — альбо выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу, альбо талераванне парушэнняў. Але цяпер у Беларусі ідзе заканамерны працэс рэфармавання адукацыі. Прынамсі, ёсць план рэформаў, ёсць удзел еўрапейцаў і грамадзянскай супольнасці ў гэтым. Была б воля Міністэрства адукацыі — яны б нас і блізка не падпусцілі, а так мы сустракаемся ўсе разам, калі ў Беларусь прыязджае Advisory group, бо абавязковы пункт падчас іх прыезду — сустрэча з грамадзянскай супольнасцю. Цяпер у нас ёсць поле, у якім можна дзейнічаць, а калі не будзе Дарожнай карты, яно знікне, і ў дзяржавы не будзе ніякіх падпісаных ёй абавязкаў.


Дата стварэння навіны 11.01.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку