АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Звольнены крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік: «Буду змагацца да апошняга — я нічога не парушыў»

Звольнены крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік: «Буду змагацца да апошняга — я нічога не парушыў»
11.01.2018
Цяпер міліцыянт працуе ў Маскве ў сфэры ахоўнай дзейнасьці.

Падпалкоўнік Ігар Вусік пасьля незаконнага, на ягоную думку, звальненьня з МУС за скаргі на начальства спрабаваў прабіцца на прыём да Лукашэнкі, але яго не прынялі. Таму ён далей судзіцца зь Міністэрствам унутраных спраў.

Мінскі гарадзкі суд прызначыў на 11 студзеня разгляд скаргі звольненага з Крычаўскага РАУС Ігара Вусіка. Былы міліцыянт заявіў аб немагчымасьці сваёй прысутнасьці на судовым працэсе — ён цяпер працуе ў Расіі. Ігар Вусік просіць не разглядаць касацыйную скаргу падчас яго адсутнасьці, бо, як ён напісаў у лісьце на імя старшыні Мінгарсуду, «з'явіліся новыя абставіны справы».

 

Свабода знайшла былога крычаўскага міліцыянта ў Маскве, дзе ён цяпер працуе ў сфэры ахоўнай дзейнасьці. 


«Буду змагацца да апошняга — я нічога не парушыў»

 

— Чаму вы настойваеце на пераносе судовага працэсу, не пагаджаецеся, каб разгляд касацыйнай скаргі адбыўся бяз вашай прысутнасьці? Пра якія новыя абставіны вы напісалі старшыні Менскага гарадзкога суду?

 

— Мяне звольнілі з органаў МУС 17 траўня 2017 года, а сем з паловай месяцаў я ня мог на рукі атрымаць копію свайго кантракту. Толькі калі я напісаў другую касацыйную скаргу, у канцы сьнежня мне даслалі копію. Другі аркуш кантракту папраўлены: у 2013 годзе, калі я падпісваў яго, у ім дакладна не было пункта «аб забароне распаўсюду ў сетцы інтэрнэт і СМІ інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы». Подпіс на другой старонцы дакладна ня мой, дата прастаўленая не маёй рукой. Да таго ж, паводле службовых абавязкаў я павінен быў штомесяц выступаць у СМІ. Так што я нічога не парушыў, наадварот, мы прыпынялі карупцыйныя дзеяньні з боку кіраўніцтва.

 

Я маю намер правесьці незалежную почырказнаўчую экспэртызу і абвінавачваю службовых асобаў МУС у злачынстве, зьвязаным з перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і незаконным звальненьнем. Буду змагацца да апошняга. У лістападзе было ўжо адно паседжаньне ў Менгарсудзе, а пастановы я дагэтуль не атрымаў. Гэта натуральна і чакана, бо суджуся я зь Міністэрствам унутраных спраў.

 

«Вельмі хачу, каб міністар Шуневіч прысутнічаў на судзе — мару яму ў вочы паглядзець»

 

— А як вы ацэньваеце вынікі праверкі, якую зрабіла Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаўскім РАУС пасьля вашай скаргі?

 

— Сьмеху варта. Начальнік Крычаўскай міліцыі і ягоны намесьнік як працавалі, так і працуюць. Гэта проста адпіска, укрывальніцтва. Бо калі б МУС прызнаў парушэньні, пасыпаліся б аналягічныя скаргі і зь іншых РАУСаў. Пасьля нас барысаўскія міліцыянты пачалі скардзіцца і таксама былі звольненыя.

 

Міністар Шуневіч нас не пачуў, хоць мы прад’явілі дыктафонныя запісы, як груба начальнік РАУС Станіслаў Чупрын з намі размаўляў, зьневажаў афіцэраў. Я лічу, што міністар паступіў подла, мяне звольніў незаконна, ён перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Я ж праўду напісаў, што начальнік нецэнзурна лаяўся, займаўся псаваньнем маёмасьці: ламаў крэслы, выбіваў дзьверы — ну хіба гэта адэкватны чалавек? Як Чупрын вымагаў частку прэмій з падначаленых. Мы чатыры разы пацьвярджалі факты перадачы грошай з прэміі, якія ішлі ў кішэню Чупрыну. Праўда, былыя калегі кажуць, што лаяцца Чупрын перастаў, іх менш сталі прыцягваць да звышурочнай працы. Але службовы транспарт у асабістых мэтах па-ранейшаму Чупрын выкарыстоўвае.

 

Так што буду ісьці да канца, буду змагацца да апошняга. Мне няма чаго губляць. Вельмі хачу, каб сам міністар прысутнічаў на судзе — мару яму ў вочы паглядзець. Спрабаваў прабіцца на прыём да Лукашэнкі — бессэнсоўна. Я не змагаўся з сыстэмай — я змагаўся з канкрэтнымі кіраўнікамі, якія зарваліся.

 

«Працую ў Маскве, сям’я мая пакуль жыве ў Крычаве»

 

І

— А як склалася ваша жыццё пасьля звальнення? Крычаў — горад маленькі, ці былі спробы ўладкавацца?

 

— Шчыра кажучы, усё склалася цудоўна. Крычаў давялося пакінуць, бо працаўладкавацца там у мяне не было магчымасьці. Уладкаваўся і жыву значна лепш, чым калі служыў у міліцыі. Калі пра мяне здымуць фільм, то ўсе астатнія міліцыянты кінуць службу (сьмяецца). Я праўда ні пра што не шкадую.

 

Падрабязнасьцяў расказваць ня буду, скажу толькі, што я працую у Маскве ў сфэры аховы (гэта не паліцыя, а менавіта ахоўная дзейнасьць). Жытло мне далі, плацяць прыстойна, так што ўсё нармальна. Адзін мой былы крычаўскі калега, якога таксама звольнілі, працуе разам са мной у Маскве. Яшчэ аднаго звольненага адразу ж забралі ў войска, бо яму пасьля навучальнай установы трэба было яшчэ год адпрацоўваць. Дык цягам тыдня хлопца «закрылі» ў арміі, служыць у Бабруйску — зьвязалі рукі, каб скаргаў не пісаў. Астатніх семярых, якія засталіся служыць, запалохваюць, каб з намі не кантактавалі.

 

— А дзе жыве ваша сям’я?

 

— Сям’я мая пакуль жыве ў Крычаве. Жонка ў дэкрэце, гадуе дваіх дзетак. А сын ад першага шлюбу жыве ў Магілёве, падчас зімовых канікул прыяжджаў да мяне ў Маскву. Я раз на месяц на тыдзень прыяжджаю дадому, ёсьць выходныя, ды ня так ужо далёка тая Масква ад Крычава.

 

***

 

У лютым 2017 году падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, які тады займаў пасаду начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС, і дзесяць ягоных падначаленых зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча са скаргай на сваё кіраўніцтва — начальніка РАУС Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку. У звароце сярод іншага гаварылася пра паборы, абразы і наўмысным стварэньні службовых цяжкасцяў.

 

Праверка, якую правяло Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаве, выявіла «парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржнікаў». Але ў выніку начальнік крычаўскай міліцыі Станіслаў Чупрын на сваёй пасадзе застаўся, а Ігар Вусік і трое ягоных калегаў у траўні 2017 году былі звольненыя з органаў унутраных спраў. Іх абвінавацілі ў публічным распаўсюдзе інфармацыі, якая дыскрэдытуе міліцыю.

 

Экс-міліцыянт Ігар Вусік звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Мінску з пазовам аб аднаўленьні на службе. 28 чэрвеня 2017 году суддзя Аляксандр Длужнеўскі адмовіў яму ў пазове. І цяпер Вусік спрабуе абскардзіць гэтае рашэньне ў больш высокай інстанцыі — у Мінскім гарадзкім судзе.


Дата стварэння навіны 11.01.2018

Возврат к списку