АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!»

«Вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!»
11.01.2018
Сёлета сезон курсаў «Мова нанова» распачаўся з прэзентацыі книгі Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот».

«Беларускі партызан» даведаўся ў аўтара, хто з вядомых людзей трапляў у анекдатычныя гісторыі і як нараджаюцца анекдоты. 
 
— Раскажы, калі ласка, крыху пра кнігу: гэта зборнік анекдотаў, анекдатычных гісторый ці баек ад вядомых людзей?

— Гэта зборнік гістарычных анекдотаў, а галоўная ўмова гэтага жанру: каб героямі былі асобы, чые імёны практычна ўсім вядомыя. Так яно ў кнізе і ёсць, бо сярод яе герояў Алесь Адамовіч, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Пётр Машэраў, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Някляеў, Панцеляймон Панамарэнка, Пімен Панчанка, Міхась Чарняўскі і больш за тое — Барыс Пастарнак, Аляксандр Твардоўскі і нават Леанід Брэжнеў — усяго больш за сто асобаў.

— А як стваралась кніга?

— Пятнаццаць гадоў таму падчас знаёмства з прафесарам эстэтыкі, аўтарам трохтомнага выдання «ХХ стагоддзе ў паданнях і анекдотах» Юрыем Боравым я пацікавіўся, ці ведае шаноўны прафесар хоць бы адзін беларускі гістарычны анекдот. Юрый Барысавіч разгубіўся. Уласна кажучы, тады і ўзнікла думка збіраць гістарычныя анекдоты менавіта беларускай тэматыцы. Справа ў тым, што калі браць пад увагу прыклад нашых усходніх суседзяў, дык пачатак гэтага жанру трэба шукаць, мусіць, яшчэ ў дапушкінскай эпосе. Калі казаць пра сусветную традыцыю, то варта ўзгадаць яшчэ больш глыбокія вытокі, якія адносяцца да часоў Антычнасці. Што ж тычыцца беларускага досведу, то тут паўстаюць пытанні, на якія мне, шчыра кажучы, цяжка даць пэўны адказ. Адзіны вядомы мне прыклад падобнага кшталту — кніга «З дазволу караля і вялікага князя» Льва Казлова. Без гістарычных жа анекдотаў бытапісанне любой нацыі няпоўнае, бо гэта ў нечым альтэрнатыўная некананізаваная гісторыя, якой няма месца ў падручніках, але адмаўляць яе існаванне бессэнсоўна.

Першыя публікацыі з’явіліся тады ж, пятнаццаць гадоў таму, на старонках «Белорусской деловой газеты», дзе я ў той час працаваў. І спачатку, дый шмат гадоў пасля, збіраў гістарычныя анекдоты найперш ад непасрэдных удзельнікаў ці сведак тых ці іншых падзей: Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, дыктара тэлебачання Уладзіміра Шаліхіна, ад абодвух Уладзіміраў Арловых, пісьменніка і кінарэжысёра… Часам анекдатычныя гісторыі «ўсплывалі» непасрэдна падчас інтэрв’ю. Як, напрыклад, вось гэтая: былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, упершыню ўбачыўшы Святлану Алексіевіч, быў шчыра здзіўлены: «Гэта ты, такая маленькая, такі-ія кнігі напісала?!» Але пісьменніца знаходліва парыравала: «Ну, вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!» 

Ці, скажам, праводзілі мы неяк разам з Рыгорам Барадуліным Васіля Быкава да таксоўкі, і Васіль Уладзіміравіч раптам папрасіў сябра: «Толькі, Рыгор, не прадстаўляй мяне таксісту, бо мінулым разам ты так адрэкамендаваў, што я заплаціў удвая болей. — І дадаў цераз паўзу: 
— Здаецца, Стэйнбек сказаў, што страта невядомасці ўскладняе жыццё». Ну, чым не гістарычны анекдот?

— А які перыяд беларускай гісторыі можна назваць самым анекдатычным?

— Не вазьмуся адказаць на гэтае пытанне, бо хоць у кнізе ёсць гістарычныя анекдоты і пра Янку Купалу, Якуба Коласа, дзеда Талаша і Юдаля Пэна, але падобных гісторый не шмат, бо, як вядома, нельга «объять необъятное». Ведаю, што кнігу гістарычных анекдотаў 1920-х гадоў рыхтуе бліскучая даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец. У гэтым жанры працуе і яшчэ адзін наш славуты літаратуразнавец. Калі іх кнігі нарэшце выйдуць, тады, мяркую, можна было б падумаць пра стварэнне ўжо анталогіі беларускага гістарычнага анекдота, якая магла б распачацца раней прыгаданай кнігай Льва Казлова.

— А ці ёсць сярод вядомых беларусаў тыя, каго можна назваць кладзезем гістарычных анекдотаў?

— Шмат вясёлых гісторый пра Купалу, Коласа і Бядулю ведаў яўрэйскі паэт Рыгор Рэлес, які быў асабіста знаёмы з класікамі і пра многае паспеў расказаць Глебу Лабадзенку. Вось толькі адна гісторыя, вядомая ў запісе Глеба: яўрэйскі паэт Майсей Тэйф быў суседам Купалы, які меў шыкоўны сад. Аднойчы Тэйф не стрымаўся — узлез на плот і пачаў рваць суседавы яблыкі. Купала, заўважыўшы тое, падышоў ціхенька і стаў казытаць Майсею пяты. Той саскочыў з плота і, пачырванеўшы, апусціў галаву. «Кожны паэт павінен мець не толькі свае вершы, але і свае яблыкі», — зазначыў Купала, пасля чаго пачаставаў садавіной збянтэжанага суседа.

Бліскучы апавядальнік — кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, ягоныя аповеды пра кампазітара Яўгена Глебава ці, напрыклад, пра Уладзіміра Караткевіча можна слухаць бясконца. Артыстычна, «у асобах» расказваў Генадзь Бураўкін, ён нават мог паўтараць чужыя галасы, напрыклад, таго ж Івана Пятровіча Шамякіна. Нязменна вясёлыя, а часам і філасафічныя гісторыі можна і сёння пачуць ад Уладзіміра Някляева ці Уладзіміра Арлова, гэтым разам ужо пісьменніка. Шмат вясёлых старонак ёсць і ў кнізе Адама Мальдзіса «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Партрэт пісьменніка і чалавека». Але, канешне, проста неверагодным кладзезем гістарычных анекдотаў быў Рыгор Барадулін. Магу тут прыгадаць хоць бы адну з тых гісторый, якую любіў паўтараць дзядзька Рыгор. Так, калі ў Караткевіча дома паставілі тэлефон, то далі нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Таму дома ў Караткевіча ў першыя дні бесперапынна раздаваліся тэлефонныя званкі:

— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…

— Фама Фаміч, чакаем машыну…

Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка, што нумар перададзены іншаму абаненту, але паступова гаспадар пачаў закіпаць. Пакуль аднойчы позняй ноччу зноў не патрывожылі:

— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?

— Так! — зароў Караткевіч. — Абавязкова разгружаць!

Пасля таго тэлефанаванні, дзённыя і начныя, спыніліся, ніхто больш не пытаўся Фаму Фаміча.

— А які, на твой погляд, самы смешны анекдот у кнізе?

— Ох, іх, па-мойму, шмат. Прывяду, напрыклад, такі запіс зноў жа Рыгора Барадуліна:

«У Петруся Броўкі быў брат, які таксама жыў у Мінску. Іншы раз, калі куды выязджаў Броўка з сям’ёй, прасіў брата прыглядзець за лецішчам. Пакарміць ката й маленькага сабачку. (І прымаўка казала: маленькі сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцілкавічы да Броўкавай пляменніцы дый скардзіцца ёй на сваю долю:

— Яны мяне за парабка маюць. Я ж у іх скаціну гляджу…»

Ці мая любімая гісторыя з някляеўскіх «Знакаў прыпынку». Так, калі Уладзімір Някляеў рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Мінск», ён абавязаны быў прысутнічаць на так званых здачах спектакляў Міністэрству культуры. Тым разам здавалася опера «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Сяргея Пракоф’ева. Акцёр, што выконваў ролю Аляксея Мярэсьева, поўз па сцэне і спяваў: «О, колькі дзён паўзу я — ні кроплі ў роце не было…» Тут жа ўступаў хор: «Гангрэна! Гангрэна! Яму адрэжуць ногі!..» Някляеў, не вытрываўшы, зарагатаў. Ужо падчас абмеркавання інструктар аддзела культуры ЦК КПБ з прозвішчам Парватаў спытаў, што ён, Някляеў, убачыў смешнага ў гераічным творы? А нейкая дама з Міністэрства культуры абурылася: «Чалавеку ногі адразаюць, а яму смешна!..» Спектакль прынялі. Ідэалагічным патрабаванням ён адпавядаў цалкам.

— А які самы не вясёлы?

— Мо пра тое, як Сталін памяняў ордэры на арышты Купалы і Коласа на ордэны для іх. 

Ці вось такі: 

Гродна пачатку 1970-х; ва ўладных структурах перакананы, што менавіта пісьменнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн моцна ўплываюць на Васіля Быкава, і таму абодвух «нейтралізуюць»: Карпюк ужо некалькі месяцаў застаецца без працы, да таго ж на яго заведзена крымінальная справа за нібыта супрацоўніцтва з нацыстамі; Клейну прапанавана ўдзельнічаць у кампаніі па выкрыцці сіянізму — ён павінен выступіць з адкрытым лістом, які асуджаў бы Ізраіль. Параіўшыся з сям’ёй (бо родныя найперш адчулі б наступствы такога ўчынку), Клейн адказаў адмовай. У выніку ён звольнены з выкладчыцкай працы і незаконна пазбаўлены вучонай ступені і звання, яго артыкулы больш не друкуюць, а былыя калегі перабягаюць на іншы бок вуліцы, каб, крый божа, не павітацца. Клейн мае намер з’ехаць у Ленінград, аднак другі сакратар Гродзенскага абкама партыі Фамічоў не раіць гэтага рабіць: калі нават гісторык і працаўладкуецца, усё роўна будзе званок з Гродна, і яго неадкладна звольняць.

— Навошта вы ўмешваецеся? — спытаўся Клейн у сакратара абкама. — Я не пазбаўлены волі, нават не даваў падпіску аб нявыездзе. А паколькі ўсё ў мяне ўжо адабралі, значыць, я вам тут больш не патрэбны.

— Не, вы патрэбны: вы будзеце маячыць на гродзенскіх вуліцах, як цень. Каб усе бачылі, які лёс напаткае таго, хто пойдзе супраць нас.

Трэба сказаць, што гістарычны анекдот — гэта не абавязкова смешна: тут, як і ў жыцці, камічнае суседнічае з трагічным.

— А твой найлюбімейшы гістарычны анекдот?

— Відаць, усё ж гэты — Уладзіміра Някляева пра Уладзіміра Караткевіча:


Залатыя жалуды

Пачатак 1970-х. Да Рыгора Барадуліна па справах будучай кнігі завітвае малады паэт Уладзімір Някляеў, але і гаспадар, і яго госці ўжо спяць. Не спіцца аднаму Караткевічу, які, седзячы ў ваннай, некуды «тэлефануе» (мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было):

— «Хуткая»… «Хуткая»… Гэта «хуткая»? Я болей не магу з гэтымі п’янтосамі жыць! Забярыце мяне адсюль! Зратуйце…

— Уладзімір Сямёнавіч, я — «хуткая дапамога», — кажа Някляеў.

— А на табе крыж ёсць?

— Няма на мне крыжа.

— Дык якая ж ты «хуткая дапамога»?

— Без крыжа, але «хуткая»… Ці ў вас ёсць хутчэйшая за «хуткую»?..

Ужо сеўшы ў таксоўку, Караткевіч загадаў:

— Паедзем дахаты!

Аднак недзе пасярод дарогі перадумаў:

— Не. А чаго гэта дахаты? Паедзем да мяне на лецішча!

І паехалі, хоць дзе было тое лецішча?.. Па дарозе Караткевіч распавядаў:

— Мы зараз прыедзем, у мяне там такое лецішча! Ты не ведаеш, якое лецішча! Не ведаеш, які там цуд! Нават не ўяўляеш, як там прыўкрасна! А самае наўпрыкраснае там тое, што гарой пад вокны насыпаліся з дубоў залатыя жалуды!

«Так тваю растак, — думае Някляеў, — можа, жалуды і насыпаліся, але ж вясна!» І асцярожна заўважае:

— Пара ж года нібыта…

Караткевіч у адказ:

— Дык яшчэ ў тым годзе насыпаліся. І такія жалуды, што медзянеюць і медзянеюць! Нічога ім не робіцца…

Даехаўшы да Каралішчавічаў, Караткевіч раптам кажа:

— Не, далей! Там налева! Бач мне, хітры знайшоўся!

У выніку заехалі ў лес і пайшлі шукаць тое лецішча. Шукалі так: Караткевіч падыходзіў да якога-небудзь дрэва і казаў:

— Недзе тут. Чакай… Вось гэтая сасна, а за ёй…

Ну, а пасля вунь за тым клёнам, за тым касагорам…

«І ў чым заключаўся ўвесь фокус, — распавядаў Някляеў. — Ён не тое, што дурыў мяне — ён сапраўды шукаў сваё лецішча, якое стаіць сярод дубоў, пад вокнамі якога высяцца горы залатых жалудоў! Ён ужо ўвесь быў у гэтым толькі што прыдуманым ім сюжэце. Не вырываць жа Караткевіча з яго! Таму і хадзіў я ды гукаў: “А можа, на гэты бок?.. Можа, на той?..”».

Пошукі лецішча працягваліся больш за гадзіну, пакуль таксіст не вытрымаў і не сказаў усё, што ён пра пісьменнікаў думае. Толькі тады павярнулі дадому.

— Нічога, іншым разам знойдзем, — супакоіў Някляева Уладзімір Сямёнавіч.



Дата стварэння навіны 11.01.2018

Возврат к списку