АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Максім Жбанкоў: Аркестр ружовых акуляраў. Марціновіч і прага абдымашак

Максім Жбанкоў: Аркестр ружовых акуляраў. Марціновіч і прага абдымашак
09.01.2018
Свежы тэкст Віктара Марціновіча гучыць палымяным маніфестам нацыянальнага адзінства і татальнага братэрства перад выклікамі з Усходу і Захаду.

Калі ў барселонскім метро хтосьці гучна лепіць лухту на іспанскай, можна перажыць: чужое кіно, не кранае. Польскія слоўкі на Варшаве-Цэнтральнай валяць дваровым хіп-хопам, пераклічка рымскіх мяснікоў закручваецца опернай  партытурай. Проста слухай музыку мовы. Яна ўсё адно не пра цябе. З тутэйшым гонам інакш.

 

Ён непазбежны, як Каляды, і траўматычны, як Гедройц. Хапае за рукі. Кідаецца ў ногі. Блытае мовы. Мроіць уголас. Лекуе душы карагодамі і калумністыкай. Ён не “супраць”. Ён не “за”. Ён стаміўся трываць. І гатовы з усімі дамовіцца і ўсё ўсім дараваць. Ідэальны ўзор лёгкага публічнага партызанінгу: нібыта шчыра, але дыпламатычна. Нібыта праблемна, а насамрэч прыемна. Здаецца, “па-нашаму”, а па сутнасці – як з “Саўбелачкі”. Новы прагрэсіўны падыход? Як на мяне, наадварот: олдскульны канфармізм.

 

І адначасова – спробай пралічыць магчымыя версіі інтэлектуальных манеўраў у сітуацыі вычарпанасці папярэдніх сцэнароў палітычна-эстэтычнага супрацьстаяння. Дакладней, першае мусіць выглядаць як абгрунтаванне другога: барацьбе капец, абодва бакі не могуць перамагчы і не маюць свежых ідэяў. Трэба, браткі, кідаць дурное і разам будаваць светлую будучыню. Але спачатку “перастаць крыўдаваць” і аб’яднацца на глебе базавых нацыянальных каштоўнасцяў. Вось і культурная адліга наспела: вышыванкі, мова, Вольскі, symbal.by.

 

Што тут новага? Фактычна, нічога. Пра ўзаемную вычарпанасць рэсурсаў палітычнага супрацьстаяння прамаўлялася шмат кім (у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў) яшчэ з канца нулявых. Разнастайныя спробы “дыялогу” ўлады з пратэстнай культурай цягнуцца з тых жа часоў. Заклікі яднацца – згадайма хоць бы колішнія прапановы суполкі Уладзіміра Мацкевіча – маюць аналагічны тэрмін (не)спажывання. Новае тут – спозненае паглыбленне літаратара Марціновіча ў сітуацыю “смерці змагання”. Якое ён, як вопытны белетрыст, ператварае ў сторы пра ломку парадыгм і хуткі трыумф – калі дзве Беларусі (“датацыйная” і “нелегальная”) шчасліва сальюцца ў адну.

 

Цяжка сказаць, чаго тут болей – нацыянал-рамантызму, палітычнай гнуткасці ці прагматызму інтэлектуальнага gun for hire. У любым выпадку кейс Марціновіча (як кажуць у ЕГУ) выдатна ілюструе папулярныя хваробы памяркоўнай постсавецкай разумнасці. Якой цяжка зразумець, што:

 

Кропкавыя змены ў графіку культурных падзеяў (канцэрты Вольскага, Brutto і інш.) нельга лічыць глыбіннай трансфармацыяй дзяржаўнай культур-палітыкі. Тым больш – запрашэннем да сістэмнай партнёрскай працы. Аб тым, як дзяржава разумее сваю місію (і магчымае кола сваіх хаўруснікаў), красамоўна сведчыць найноўшы Кодэкс аб культуры.

Значную частку актуальнай культуры (ад незалежнага кіно да кавярняў) грувасткая і крэатыўна нулявая “датацыйная Беларусь” зусім не цікавіць. “Нелегалы” не патрабуюць “легалайзу”. Бо яны ніякія не “нелегалы” і даўно не змагаюцца (як, зрэшты, і “датацыйныя”). Такім чынам, Марціновічаў квазіленінскі падзел на “дзве культуры”, заточаныя пад спарахнелае палітычнае супрацьстаянне, страчвае сэнс: “аб’яднацца” няма каму і няма навошта.

Культуру будуюць не дамовы, а канфлікты. Разнастайнасць – натуральны рэсурс сучаснай культурнай дынамікі (калі вы толькі не Паўночная Карэя). Таму трэба не “дзве Беларусі” рабіць адной, а наадварот: будаваць беларускасць як адкрытую прастору з бязмежным дыяпазонам культурных міксаў ды рэміксаў.

Няма свабоднай культуры ў несвабодным грамадстве. Усе спробы культурных альянсаў з аўтарытарна-бюракратычнай сістэмай – кампрамісныя калабарацыі з невідавочным вынікам, спрэчным медыйным рэзанансам і непазбежнымі рэпутацыйнымі стратамі. Культура мяняе мазгі. Але не заменіць ратацыі ўлады і эканамічных рэформаў.

Гэта ўсё – “па панятках”, як для навуковага семінара. Што да асабістага, дык для мяне ў тэксце Віктара гучыць ціхая радасць чалавека, які – як яму падаецца – дачакаўся нарэшце той цудоўнай пары, калі за прынцыпы можна больш не змагацца. Калі ў прынцыпе неістотна, ці маеш ты тыя прынцыпы.

 

Дачакаўся. Гатовы любіць усіх. Не, ну яны ж ужо ўсё зразумелі! І мы ў адказ іх зразумеем.

 

Мір – рэальны ці прымроены – асалода канфарміста. Бо не трэба рабіць рэзкіх жэстаў, казаць жорстка і дзейнічаць насуперак, памятаць нязручнае. І нават хістацца больш не трэба – бо мы ж цяпер усе разам!

 

Ідэалісты. Махляры. Рамантыкі. Прайдзісветы. Цынікі. Навалач. Каты. Ахвяры. Хлусы. Барацьбіты. Брахуны. Паэты. Ціхары.

 

Мы – разам? Соры, ніколі. Побач – але не разам.

 

Закладнікі часу. Шалёная брыгада дзіўнага цягніка да беларускай Шамбалы: кожны ў свой бок. Кроў, пот, слёзы, сцягі з улёткамі, фаер-шоў ад зомбі-менеджменту, спевы, бойкі, бімбер ды зёлкавая гарбата.

 

Час абламаць канструктара “адной Беларусі”: ягонага адзінства не будзе. Нідзе і ніколі. Але будзе (і ўжо ёсць) іншае. Мазаіка сэнсаў. Адзінства непадобных ды спрэчных, адзінства няроўных ды нязгодных, адзінства канфліктных, варожых ды нестабільных. Нашая шматвектарная і шматкаляровая, шматканфесійная і полістылістычная краіна. Адвечны беларускі шлях.

budzma.by


Дата стварэння навіны 09.01.2018

Возврат к списку