АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

У Каліфорніі дазволена 28 грамаў, у Беларусі за 26 грамаў — 5 гадоў калоніі. Ці гатовая Беларусь да "легалайзу"?

У Каліфорніі дазволена 28 грамаў, у Беларусі за 26 грамаў — 5 гадоў калоніі. Ці гатовая Беларусь да "легалайзу"?
05.01.2018
Паліць "траўку" у Беларусі не забаронена. Але крыміналка пры гэтым забяспечаная.

Каліфорнія стала самым буйным штатам ЗША, у якім легалізаванае захоўванне i вырошчванне марыхуаны. Жыхары "Залатога штата", якім споўніўся 21 год, цяпер маюць права захоўваць да адной унцыі (28 грамаў) канабісу або вырошчваць да шасці кустоў канапель. Інакш кажучы, пэўныя абмежаванні захаваліся, але шараговым аматарам "траўкі" яны замінаць не будуць.

 

Па плошчы Каліфорнія ўдвая большая за Беларусь, там жыве ў чатыры разы больш людзей. У іх "легалайз", а ў нас што? Разбіраемся ў пытанні з дапамогай прафесіяналаў.

 

У Каліфорніі дазволена 28 грамаў, у Беларусі за 26 грамаў — 5 гадоў калоніі

Параўнанне "дазволенай" вагі марыхуаны ў Каліфорніі і ў Беларусі выглядае наступным чынам: там — 28 грамаў, тут — 0 грамаў.

 

"У Беларусі няма такога, каб адказнасць [за захоўванне марыхуаны] залежала ад вагі, гэта я вам магу сказаць дакладна", — адказвае на пытанне Еўрарадыё начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі, палкоўнік Канстанцін Шалькевіч.

 

Памятаеце акцёра Купалаўскага тэатра Арцёма Бародзіча? У канца 2015 года аператыўнікі знайшлі ў яго кватэры 26 грамаў марыхуаны. Гэта нават крыху менш, чым у сённяшняй Каліфорніі можна захоўваць, у прынцыпе не баючыся за сваю свабоду. Але справа была ў Беларусі, і на мяжы зімы і вясны 2016 года Бародзіча асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 

Любая вага азначае тэрмін

З пункту гледжання беларускага закона, не важна, 1 грам або 26 грамаў марыхуаны знайшлі ў чалавека. У абодвух выпадках дзейнічае артыкул 328 Крымінальнага кодэкса: "Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў". У гэтым артыкуле КК сабраныя прыкметы большасці злачынстваў, звязаных з абаротам наркотыкаў.

 

Ёсць яшчэ такое паняцце, як буйны памер. У Беларусі ён вызначаецца пастановай Савета міністраў ад 24 лістапада 2000 года №1785 "Аб зацвярджэнні Пераліку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, выяўляных у незаконным абароце, з іх колькаснымі ацэнкамі". У выпадку з гераінам і какаінам "буйным памерам" лічыцца ўжо 1 грам рэчыва, у выпадку з гашышам — 25 грамаў. У выпадку з марыхуанай — 100 грамаў высушанай і 1 кг нявысушанай "траўкі".

 

Калі памер буйны, уступае ў сілу частка 3 артыкула 328 КК, якая прадугледжвае больш суровыя пакаранні, чым першыя дзве часткі артыкула. Так ці інакш, аматары "забіць касячок" павінны зыходзіць з таго, што любая колькасць марыхуаны, знойдзенай пры іх, у Беларусі азначае тэрмін.

 

Але ёсць выключэнні

Крыніца, блізкая да беларускага наркакантролю, на ўмовах ананімнасці распавяла Еўрарадыё, што выключэнні здараюцца. Але вельмі рэдка: "Просты прыклад. Ля дзвярэй вагона вас папрасілі перадаць пасылку ў іншы горад. Вам сказалі, што там лекі, а аказалася — наркотыкі. У крымінальным праве ёсць такое паняцце "суб'ектыўны бок". Па сутнасці, гэта ўсвядомленне чалавекам таго, што ён робіць. Па артыкуле 328 караць чалавека можна толькі тады, калі ён разумее, што мае справу з наркотыкамі".

 

З падобнага выпадку пачынаецца серыял "Бангкок Хілтан": бойфрэнд просіць гераіню Ніколь Кідман прайсці мытню з чамаданам, у падвойным дне якога паліцыя Тайланда знаходзіць буйную партыю наркотыкаў. Дзяўчыну прыгаворваюць да смяротнага пакарання, бо даказаць, што яна не ведала пра схаваныя наркотыкі, практычна немагчыма.

 

Ёсць і яшчэ адно выключэнне. Хутчэй за ўсё, крымінальная справа не будзе распачатая і ў выпадку, калі колькасць наркатычнага рэчыва апынецца занядбана малым.

 

"Напрыклад, знайшлі ў чалавека піпетку, а там нагар. Гэта значыць, яна не забітая, каб папаліць, а там у нагары засталіся тысячныя долі грама. Па такіх фактах справу не узбудзяць, — працягвае крыніца. — У прынцыпе, доза павінна быць дастатковая для ўжывання, але ўсё вельмі суб'ектыўна. Сёння нешта пракатвае, а заўтра ўжо пракатваць не будзе. Таму больш правільна будзе сказаць, што мінімальнага памеру няма".

 

"Пакуль у руках трымаў — захоўваў"

Артыкул 328 КК тычыцца "незаконнага вырабу, перапрацоўкі, набыцця, захоўвання, перавозкі ці перасылкі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў". Нескладана заўважыць, што ўжыванне марыхуаны (як і любога іншага наркотыку) тут не згаданае наогул.

 

У Беларусі пануе такі ж лібералізм, як у Каліфорніі? Як кажуць, ёсць адзін нюанс: на практыцы "спажыць", нічога не парушыўшы, немагчыма. "Так, само ужыванне не караецца. Але калі ужыў, значыць, набыў. Пакуль у руках трымаў — захоўваў. А, цалкам магчыма, і перавёз", — працягвае крыніца Еўрарадыё.

 

За кожнае з гэтых дзеянняў радавому аматару "траўкі" свеціць пакаранне па частцы 1 артыкула 328: абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

  

Каб "запхнуць" намер на збыт, вагаў са слядамі наркотыку не дастаткова

На судзе акцёр Арцём Бародзіч настойваў, што купіў "траўку" для сябе і дзяліцца з некім не збіраўся. Але суддзя Аляксандр Рудэнка прыслухаўся да довадаў следства і пастанавіў, што Бародзіч захоўваў марыхуану з мэтай распаўсюджвання.

 

Калег акцёра прысуд абурыў. Што значыць ,"з мэтай"? Арцёма Бародзіча пакаралі за тое, чаго ён не рабіў, а толькі збіраўся?

 

У частцы 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса гаворка сапраўды вядзецца не толькі пра незаконны збыт наркотыкаў, але і пра іх абарот "з мэтай збыту". У зводках сустракаецца яшчэ адна фармулёўка: "маючы намер на збыт". Але як можна даказаць намер?

 

"Гэтая заява дзейнічае ў выпадках, калі ведаюць, хто барыга, але, напрыклад, чалавек, якому ён збыў, пачынае яго выгароджваць, — распавядае наша крыніца. — Або ён збыў, але пакупніка не злавілі. Ён мог паспець збыць, а мог не паспець, але іншымі аператыўнымі мерапрыемствамі выразна даказваецца, што чалавек наркотыкі збывае. Бо і тэлефонныя размовы, і перапіскі можна потым падняць. Гэта і ёсць следства".

 

Ствараецца ўражанне, што "запхаць" намер на збыт можна каму заўгодна. Але, па словах крыніцы Еўрарадыё, каб прад'явіць чалавеку такое абвінавачванне, патрэбныя важкія падставы. Напрыклад, у яго павінна знайсціся марыхуана, расфасаваная па пакеціках для продажу. Проста кухонных вагаў са слядамі наркотыку будзе не дастаткова — любы адвакат заявіць у судзе, што яны былі патрэбныя, каб праверыць, ці не абвесіў чалавека яго пастаўшчык.

 

Ці гатовая Беларусь да "легалайзу"?

Суразмоўца Еўрарадыё перакананы, што няма — маўляў, у цяперашняй сітуацыі, з цяперашняй "культурай спажывання" гэта прывядзе да катастрофы.

 

МУС у цэлым прытрымліваецца той жа пазіцыі. "На дадзеным этапе пытанне легалізацыі канопляў (марыхуаны) не ёсць актуальным і апраўданым з пункту гледжання бяспекі здароўя насельніцтва", — адказаў на петыцыю аб "легалайзе" палкоўнік Генадзь Казакевіч, які ўзначальвае беларускі наркакантроль.

 

Але так думаюць не ўсе. На парламенцкіх выбарах 2016 года кандыдат ад АГП Павел Стэфановіч пабудаваў сваю кампанію на ідэі "легалайзу". "Самы пазітыўны эфект легалізацыі марыхуаны — калі адны людзі за "траўку" перастануць трапляць у турму, а іншыя не будуць атручвацца спайсамі", — сцвярджаў Стэфановіч. Зрэшты, у Палату прадстаўнікоў ён не прайшоў.

 

Па статыстыцы МУС, за першыя 9 месяцаў 2017 года зарэгістраваны 3941 выпадак незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Толькі 2013 з іх, гэта значыць крыху больш за палову, — з мэтай збыту.


Дата стварэння навіны 05.01.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку