АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Што і каго мяняць у краіне?

Што і каго мяняць у краіне?
05.01.2018
Штогод, пачынаючы з 2006 года міжнародная група экспертаў, якая працуе на базе аўтарытэтнага даследчага інстытута “Легатум” з сядзібай у Лондане, публікуе так званы “міжнародны рэйтынг паспяховасці".

Зусім нядаўна быў апублікаваны такі рэйтынг за 2017 год, у якім вызначан адпаведная ацэнка для 148 дзяржаў свету і, асобна, для Ганконга – кітайскага рэгіёна, які мае асобную сістэму адміністрацыі. Гэтая ацэнка зроблена паводле дзевяці агульнапрызнаных крытэрыяў – такіх як: якасць эканомікі, умовы вядзення бізнесу, эфектыўнасць кіравання і адміністрацыі, стан адукацыі, аховы здароўя, агульнай бяспекі і асабістых правоў грамадзян, а таксама клопат аб прыродным асяроддзі.

 

Звернемся да агульнага, “усярэдненага” рэйтынга паводле вышэйзгаданых дзевяці індэксаў. Якая карціна назіраецца тут? Першыя дзесяць месцаў у свеце займаюць наступныя краіны: Нарвегія, Новая Зеландыя, Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя, Нідэрланды, Данія, Канада, Аўстралія і Вялікабрытанія. Нашы найбліжэйшыя суседзі займаюць наступныя месцы: 27-е ў Эстоніі, 32-е ў Польшчы, 37-е ў Латвіі, 41-е ў Літвы, 98-е ў Малдовы, 101-е ў Расіі, 112-е ва Украіны. Наш партнёр па “Еўразійскім Саюзе” Казахстан знаходзіцца на 72-й пазіцыі, Кыргызстан – на 82-й.

 

Натуральна, што беларускаму чытачу было б цікава даведацца, як выглядае ў гэтым рэйтынгу наша Беларусь. Нашай краіне там адведзена ў цэлым 95-е месца, якое складаецца з наступных паказчыкаў:

 

Якасць эканомікі – 42-е месца;

Умовы вядзення бізнесу– 98-е месца;

Эфектыўнасць кіравання і адміністрацыі – 134-е месца;

Адукацыя– 43-е месца;

Ахова здароўя– 86-е месца;

Агульная бяспека– 52-е месца;

Асабістыя свабоды– 133-е месца;

Сацыяльны капітал– 129-е месца;

Клопат аб прыродным асяроддзі– 97-е месца.

Паўтараю: у згаданым рэйтынгу самым нізкім месцам магло быць 149-е.

 

У каментарах да беларускага рэйтынгу падаецца, што ў параўнанні з 2006 годам наша краіна паднялася на дзве прыступкі.

 

Калі ацаніць паказчыкі рэйтынга паводле асобных пазіцый, нават неабазнанаму чалавеку кідаецца ў вочы наступнае:

 

сфера адукацыі (нягледзячы на няспынныя намаганні аднаго палітыка яе “палепшыць”) і бяспекі ў чыстым выглядзе – не найгоршыя і ў цэлым у свеце, і сярод нашых бліжэйшых суседзяў. Што праўда, адукацыйную галіну складана разглядаць у адрыве ад паказчыка сацыяльнага капіталу, а паказчык агульнай бяспекі – адрываць ад ступені гарантавання асабістых свабод нашых грамадзян.

 

Але пры зусім не бліскучых індэксах у такіх галінах, як ахова здароўя, клопат аб прыродным асяроддзі, у вочы кідаецца адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў у сферы якасці кіравання і адміністрацыі. Міжнародныя эксперты – на якіх, відавочна, не ўплываюць анібеларускія дзяржаўныя СМІ, ані “падкопы беларускай апазіцыі”– вынеслі вельмі суровы прысуд таму, якім чынам вось ужо 23 гады запар кіруе беларускай дзяржавай яе нязменны рэжым. Ніжэй за нас у гэтым рэйтынгу знаходзяцца толькі такія краіны, як Камерун, Ірак, Ангола, Маўрытанія, Судан, Свазіленд, Бурундзі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Чад, Дэмакратычная Рэспубліка Конга (са сталіцай у Кіншасе), Афганістан, Лівія, Венесуэла, Конга (са сталіцай у Бразавілі) ды Емен. Усе нашы бліжэйшыя (і не-бліжэйшыя!) суседзі стаяць вышэй – больш (Германія, Аўстрыя, Славенія, Чэхія, Эстонія, Польшча, Латвія, Літва) або менш (Малдова, Расія, Украіна) значна!

 

Якім чынам Беларусі зрабіць сур’ёзныя крокі наверх? Што і каго тут трэба мяняць найперш? Высновы хай зробяць самі чытачы…

 

Лявон Баршчэўскі, Народная Воля, фота з адкрытых крыніц


Дата стварэння навіны 05.01.2018

Возврат к списку