АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Беларускамоўны святар Віктар Перагудаў атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне»

Беларускамоўны святар Віктар Перагудаў  атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне»
04.01.2018
Адразу пасля Новага года Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэмію «За духоўнае адраджэнне», якая ўручаецца на праваслаўнае Раство. Сёлета яе ўладальнікамі сталі тры арганізацыі і два чалавекі.


Віктар Перагудаў. Фота з сацыяльных сетак.

 

Найбольш адметна, што адным з лаўрэатаў стаў протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у мястэчку Івянец Валожынскага раёна.

 

Айцу Віктару 60 гадоў, ён родам з Валожына. Святарствуе ўжо больш за 20 гадоў. Па першай адукацыі — мастак. Гэта адбілася на ягонай далейшай дзейнасці: ужо два разы ў Івянцы ён робіць з Саюзам мастакоў пленэр «Святасць зямлі беларускай».

 

Віктар Перагудаў размаўляе ў жыцці на беларускай мове, таксама на ёй служыць у царкве, праводзіць нядзельную школку, размаўляе з вернікамі.

 

У Івянцы айцец Перагудаў пабудаваў царкву ў гонар Еўфрасінні Полацкай, а таксама крыптавую царкву у гонар святога Міны, епіскапа Полацкага. Стварыў дом міласэрнасьці «Вікторыя» ў вёсцы Пральнікі, дзе апякуецца дзецьмі-інвалідамі з Івянецкага дому-інтэрната.

 

Айцец Віктар мае сталыя сувязі з беларускай дыяспарай. Напрыклад, адзін з найбольш значных дзеячаў эміграцыі Янка Запруднік, наведваючы Беларусь, штораз прыязджае ў івянецкую царкву, дапамагаў пры будаўніцтве і грашовымі сродкамі, і малітвай.

 

Віктар Перагудаў звяртаўся да мітрапаліта Філарэта, каб ён узнагародзіў Запрудніка. У выніку Запруднік быў узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага ад БПЦ.

 

Цяпер айцец Перагудаў жыве ў Ракаве. Мае дзвюх дачок.

 

Яшчэ адну прэмію атрымаў муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч. У 2016 у Мінску у тым ліку намаганнямі Шабановіча была адкрытая мячэць.

 

Таксама прэміяй «За духоўнае адраджэнне» адзначаныя «Беларускі саюз жанчын», калектыў Нацыянальнай бібліятэкі за працу па факсімільным выданні спадчыны Францішка Скарыны і калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, піша НН.


Дата стварэння навіны 04.01.2018

Возврат к списку