АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Мяне катавалі — я сябе агаварыў, але я не працую на КДБ"

"Мяне катавалі — я сябе агаварыў, але я не працую на КДБ"
04.01.2018
Грамадзянін Беларусі, якога ў чэрвені затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, запэўнівае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расіі.

Пра гэта ён напісаў у сваёй заяве ў амбасаду Беларусі ва Украіне, якая аказалася ў распараджэнні рэдакцыі TUT.BY

 

Затрыманы Юрый — мінчанін, яму 32 гады. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Чарнігаве. На наступным тыдні, як чакаюць беларускія дыпламаты, яму павінны прад'явіць абвінавачванне.

 

— Расследаванне справы завершана, зараз Юрый з адвакатам знаёмяцца з матэрыяламі справы. На наступным тыдні чакаецца прад'яўленне абвінаваўчага заключэння, — распавёў TUT.BY старшы саветнік, консул пасольства Беларусі ва Украіне Сяргей Бабоў. — Летам яго на два тыдні перавозілі ў Кіеў, але потым зноў вярнулі ў Чарнігаўскае СІЗА.

 

У сваёй заяве ў амбасаду затрыманы запэўнівае, што да яго падчас затрымання з боку супрацоўнікаў СБУ ўжываліся катаванні, пад якімі ён вымушаны быў узвесці паклёп на сябе. У заяве мужчына таксама падрабязна апісаў акалічнасці свайго затрымання. Прыводзім вытрымкі з дакумента.

 

Як піша Юрый, затрыманы ён быў, калі вяртаўся ў Беларусь: у момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі пагранпункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года прыблізна ў 16.30 супрацоўнікамі СБУ. Пасля затрымання яго адвялі ў адно з памяшканняў, дзе знаходзілася яшчэ некалькі супрацоўнікаў СБУ. Там, па словах затрыманага, яго утрымлівалі больш за чатыры гадзіны.

 «На працягу дадзенага часу да мяне ўжываўся вельмі моцны псіхалагічны гвалт і аказваўся моцны маральны ціск. Таксама ўжывалася адным з супрацоўнікаў СБУ фізічная сіла. (…) Мяне спрабавалі прымусіць агаварыць сябе — прызнацца ў здзяйсненні злачынства супраць Украіны, а менавіта ў шпіянажы, у тым, што я спрабаваў перадаць камусьці нейкія сакрэтныя звесткі. Аднак нічога падобнага я ніколі не здзяйсняў. Яны таксама казалі, што калі я не прызнаюся, то мяне надоўга «закрыюць», а калі «ўсё распавяду», то мяне вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Таксама казалі, што ў мяне ў тэлефоне ёсць сакрэтныя файлы, якія я вязу замежнай выведцы. Аднак у мяне гэтых файлаў не было, ніякага злачынства я не здзяйсняў, на разведку ніякай замежнай дзяржавы я не працаваў. Яны лічылі, што я працаваў на КДБ Беларусі ці ў Расеі. Я ўсё адмаўляў, бо не лічу сябе вінаватым. Я адмовіўся сябе агаворваць».

 

Пазней, як піша Юрый, яго пасадзілі ў машыну і прывезлі да нейкага ахоўнага аб'екта. Там, па словах затрыманага, супрацоўнікі СБУ выйшлі з машыны, а тры чалавекі ў вайсковай форме з аўтаматамі і ў масках, надзеўшы кайданкі і нацягнуўшы анучу на галаву, перасадзілі яго ў іншую машыну і павезлі ў невядомым кірунку. Па дарозе, як указаў у сваёй заяве мужчына, яго дапрошвалі, білі, пагражалі расправай.

 

«Мяне прывезлі ў нейкі лясны масіў. Вывалаклі за кайданкі з машыны, пры гэтым білі далонню па патыліцы. Потым падвялі да дрэва і прышпілілі да яго кайданкамі. Потым пачалі зноў дапытваць. (…) Усё гэта яны здымалі на тэлефон, казалі, каб я прасіў прабачэння ва Украіны і што праз мяне загінулі людзі. Паказвалі на тэлефоне цела абгарэлых украінскіх салдат і казалі, што я іх забіў. Аднойчы пры гэтым ткнулі ў вобласць шыі металічнай часткай зброі (руляй аўтамата). Працягвалася дадзенае злачынства — выбіванне паказанняў — прыкладна 45—60 хвілін».

 

Пасля гэтага, як сцвярджае мужчына, яго адвезлі ў ІЧУ Чарнігава. А праз тры дні вырашылі перавезці яго ў СІЗА СБУ ў Кіеве. Па дарозе туды, як ён сцвярджае, да яго зноў ужываліся катаванні, і, каб іх спыніць, ён вырашыў агаварыць сябе.

 

«Калі ўжо стала зусім невыносна, я вымушаны быў сябе свядома агаворваць і прызнацца ў здзяйсненні злачынства, якога ніколі не здзяйсняў, на хаду прыдумаў рэчы, якіх ніколі не было і падзеі, якія ніколі не адбываліся. Далей яны пачалі даваць мне падказкі, з якімі я згаджаўся. Потым усё здымалі на тэлефон. Відэа дублявалася некалькі разоў, таму што я запінаўся. Потым мне сказалі, каб я ўсё гэта пацвердзіў следчаму, а калі гэтага не зраблю, то яны зноў са мной «пагутараць», — піша Юрый.

 

Па словах затрыманага, за ўвесь перыяд яго ўтрымання ў СІЗА СБУ ў Кіеве, да следчага яго выклікалі толькі аднойчы — 22 чэрвеня. На допыце, як паказаў у сваёй заяве Юрый, супрацоўнікі СБУ прапаноўвалі яму агаварыць другога грамадзяніна Беларусі — невядомага яму Аляксандра Пальчэўскага. Прапаноўвалася сказаць, што ён на яго працаваў, што ўсе звесткі збіраў па яго просьбе і перадаваў яму. Наўзамен яму нібыта абяцалі зняць усе абвінавачанні.

 

«Я не стаў гэтага рабіць. Я не здзяйсняў ніякага злачынства ў дачыненні да ўкраінскай дзяржавы, не з'яўляюся шпіёнам, не працую ні на беларускую выведку, ні на якую іншую. У матэрыялах крымінальнай справы, а менавіта ў паказаннях супрацоўнікаў СБУ даецца інфармацыя аб тым, што я яшчэ працую на Расійскую Федэрацыю. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Лічу крымінальная справу сфабрыкаванай і сфальшаванай», — піша Юрый.

 

«Гэта адкрытая правакацыя, арганізаваная ўкраінскімі спецслужбамі ў дачыненні да Расеі і Беларусі»

Бацькі Юрыя жывуць у Мінску. Маці затрыманага Ірына пра тое, што сын знаходзіцца ў СІЗА, даведалася ў пачатку чэрвеня, калі ён патэлефанаваў з ўкраінскага нумара сябрам сям'і і расказаў пра гэта.

 

— У пачатку чэрвеня сын паехаў у Чарнігаў, каб уладкавацца на працу ў лагістычную кампанію, якую яму параілі ўкраінскія сябры. А потым патэлефанаваў і расказаў, што затрыманы, — кажа Ірына.

 

Жанчына звярнулася ў МЗС Беларусі і пасольства Беларусі ва Украіне. Але беларускага консула ва Украіне да Юрыя не пускалі на працягу двух тыдняў, а сама жанчына змагла прыехаць у Кіеў, куды затрыманага перавезлі з Чарнігава, толькі ў пачатку ліпеня. Затрыманы паведаміў маці, што на мяжы яго затрымалі невядомыя людзі, катавалі і шляхам шантажу спрабавалі атрымаць прызнанні ў шпіянажы.

 

— Сваё дзіця я не пазнала, гэта быў запалоханы звярок, нашпігаваны псіхатропамі. Менавіта пасля катаванняў і актыўнага псіхалагічнага прэсінгу мой сын, баючыся за сваё жыццё, быў вымушаны даць паказанні, — кажа Ірына.

 

Жанчына распавядае, што ў Юрыя ёсць сур'ёзныя праблемы са здароўем, ён інвалід, і яна баіцца, што стан сына мог сур'ёзна пагоршыцца. Яна ўпэўненая, што шпіянажам сын не займаўся, усе паказанні даваў пад ціскам.

 

— У СІЗА на допыце яго прасілі пацвердзіць зробленыя ім «прызнанні» і задавалі правакацыйныя пытанні: напрыклад, ці будзе ён прасіць палітычнага прытулку ва Украіне пасля таго, як усе даведаюцца, што ён актыўна супрацоўнічае са следствам. Але сын катэгарычна адмовіўся прызнаваць сваю віну, — кажа Ірына. — Мой сын любіў Украіну, заўсёды добра адгукаўся пра людзей адтуль. Цяпер я разумею, што «сяброў», якія вадзілі яго за нос і абяцалі працу ў лагістычнай кампаніі, яму «далі». Гэта адкрытая правакацыя, арганізаваная ўкраінскімі спецслужбамі ў дачыненні да Расеі і Беларусі, дзе майму сыну адведзена роля «стрэлачніка».

 

На афіцыйны запыт з просьбай аб каментары СБУ Украіны пакуль не адказала.

 



Дата стварэння навіны 04.01.2018

Возврат к списку