АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Чаму план будаўніцтва горада-спадарожніка Смалявічы не выкананы?

 Чаму план будаўніцтва горада-спадарожніка Смалявічы не выкананы?
03.01.2018
План уладаў праваліўся. У горадзе-спадарожніку Смалявічы – ані школаў, ані садкоў, ані працы.

Мінчукі з чаргі, што маюць патрэбу ў жытле, звяртаюцца з заявай, што жадаюць будавацца ў горадзе-спадарожніку Смалявічы, выбіраюць кватэру і ідуць у банк па крэдыт. Такую схему прапанавала Міністэрства архітэктуры.

 

«Правесці эксперымент, на базе Смалявіцкага раёну, і дазволіць каб жыхары Менску, якія маюць патрэбу ў жыллі, маглі па заяўным прынцыпе будаваць жыллё ў Смалявічах па-за чаргой, маючы чаргу ў Менску», – загадаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

 

Праграму будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў зацвердзілі 8 гадоў таму

Планавалася, што горад Смалявічы вырасце з 16 000 да 60 000. У 2016-ым годзе тут абяцалі пабудаваць больш за 200 тысяч квадратных метраў. Першы дом для менчукоў пачаў будавацца яшчэ ў 2012-ым, але далей справа не пайшла, паведамляе Белсат.

 

«Пакуль усё гэта засталося на паперы. Як і планы, якія тут былі па будаўніцтву школ, дамоў, пакуль, як самі бачыце, менавіта «менскі» дом толькі адзін, гэтыя два дамы Смалявічы будуюць», – даводзіць жыхар Смалявічаў Сяргей Ляўко.

 

У горадзе так і не стварылі 100 малых прадпрыемстваў

Не перанеслі вытворчасць і сталічныя заводы.

 

«З працай цяжкавата, усе ў асноўным ездзяць на Менск працаваць. Тут асабліва заробку не знойдзеш«.

 

«У Мінску за гэтыя грошы не пабудуеш жытло, гэта самы галоўны фактар, па якому мы сюды пераехалі. Сваё ёсць сваё. Але на адлегласці ад Мінску, але працаваць усё адно ездзім у Мінск».

 

Дом месціцца на ўскрайку Смалявічаў. Да бліжэйшай школы і чыгуначнай станцыі пешшу – хвілінаў сорак (2.7 км), да паліклінікі – больш за гадзіну. Без уласнага аўтамабіля цяжка дабрацца і да Мінску.

 

«Маршрутка каштуе Br 2,5. Таксама асабліва не наездзішся. Ходзяць пешшу да электрычкі, каб было танней. Раніцай транспарту да электрычкі асабліва няма».

 

– даводзяць мясцовыя.

 

У адзіным «мінскім» доме жывуць маладыя сем’і

«Ёсць праблемы з садочкам. Школа далёка, гэта самая, напэўна вялікая праблема».

 

«Казалі, у райвыканкаме, што, падаецца, ужо прафінансавалі, у верасні павінна была пачацца будаўніцтва, але яго як бы і няма. Школы менавіта! Калі будзе, мы не ведаем. Падаецца абяцалі садок яшчэ адзін, ну няма нічога!».

 

– скардзяцца тутэйшыя жыхары.

 

Паводле ж міністра архітэктуры, за 2017 год «планы па гарадах-спадарожніках выканалі, і перавыканалі».


фота НН, з адкрытых крыніц

Дата стварэння навіны 03.01.2018

Возврат к списку