АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Нацыянальны аэрапорт Мінск павінен сустракаць на беларускай мове. Ва ўсіх сталіцах свету так робіцца

 Нацыянальны аэрапорт Мінск павінен сустракаць на беларускай мове. Ва ўсіх сталіцах свету так робіцца
31.12.2017
Распаўсюджваецца петыцыя з патрабаваннем выкарыстоўваць беларускую мову ў Нацыянальным аэрапорце.

«Нягледзячы на некалькі зваротаў грамадзян, кіраўніцтва РУП «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» па-ранейшаму адмаўляецца ўжываць дзяржаўную беларускую мову на інфармацыйных шыльдах і ў раскладзе рэйсаў», — гаворыцца ў петыцыі, што запушчаная на сайце Petitions.by.

 

«Нацыянальны аэрапорт «Мінск» з’яўляецца галоўнай паветранай брамай Рэспублікі Беларусь. Гэта знакавае месца, якое сустракае і праважае ў дарогу грамадзян Беларусі, па якім многія замежнікі робяць сваё першае ўражанне аб нашай краіне і яе культуры, — пішуць у петыцыі. — Важным аспектам працы аэрапорта з’яўляецца інфармаванне яго наведвальнікаў праз шыльды і электронныя табло. Пры гэтым на сённяшні дзень на інфармацыйных шыльдах Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», а таксама ў электронным раскладзе рэйсаў адсутнічае дзяржаўная беларуская мова, родная мова большасці жыхароў краіны».

 

Аўтары петыцыі пішуць: «У 2015—2016 годзе ініцыятыўная група грамадзян двойчы звярталася да кіраўніцтва РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» з прапановай змяшчаць на інфармацыйных шыльдах надпісы ў тым ліку і на беларускай мове.

 

На першы са зваротаў Адміністрацыя РУП адказала, што яна «прыкладае максімум намаганняў па пашырэнні тэхнiчных магчымасцяў i пошуку фінансавых сродкаў, якія б дазвалялі размяшчаць iнфарамацыю на трох i больш мовах». На другі зварот (дасланы 26 жніўня 2016 г.) быў атрыманы адказ, маўляў, даданне трэцяй мовы ў бліжэйшы час не плануецца.

 

Аднак увосень 2017 года ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» ў электронным раскладзе рэйсаў і ў шыльдах надпісы пачалі дублявацца на кітайскай мове, што сведчыць аб наяўнасці як тэхнічных, так і фінансавых магчымасцяў пашырыць спіс моваў на шыльдах і на табло.

  

Восенню 2017 года ў прэсе былі апублікаваныя вашыя каментары адносна ігнаравання Нацыцянальным аэрапортам моўных правоў жыхароў Беларусі. Маўляў, «інфармацыя на беларускай мове не перадаецца, каб яна не скажалася». Па-першае, гэта выказванне не падмацавана аніякімі вынікамі аб’ектыўных даследаванняў, якія б пацвярджалі наяўнасць скажэнняў.

 

Па-другое, айчынны і замежны досвед сведчаць аб шматгадовым паспяховым выкарыстанні некалькіх дзяржаўных моў у паведамленнях на транспарце. У якасці айчыннага прыкладу можна прывесці Мінскі метрапалітэн. У міжнародным аэрапорце сталіцы Канады «Мак-Дональд — Карцье» пісьмовыя паведамеленні (у тым ліку і інтэрнэт-старонка) зробленыя на дзвюх дзяржаўных мовах краіны: англійскай і французскай.

 

Вы таксама адзначаце, што «руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта адна з моў, якія прынятыя ў свеце як міжнародныя. Але, па-першае, беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь, а айчыннае заканадаўства не ўтрымлівае палажэнняў, якія б давалі мовам, якія вы называеце «прынятымі у свеце як міжнародныя», перавагі над дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў петыцыі.

 

«У адмове кіраўніцтва РУП Нацыянальны аэрапорт «Мінск» выкарыстоўваць беларускую мову на шыльдах і ў раскладзе рэйсаў прасочваецца супярэчнасць з дзяржаўнай палітыкай ў сферы культуры, якая разглядае беларускую мову як каштоўнасць. У пазіцыі кіраўніцтва РУП адносна беларускай мовы не заўважаецца належнай павагі да нацыянальнай мовы беларускага народа.

 

Мы прапануем вам у найбліжэйшы ліквідаваць супярэчнасці стаўлення РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» палажэнням айчыннага заканадаўства.

 

Мы просім вас змясціць на ўсіх інфармацыйных шыльдах, а таксама на электронных і іншых табло адпаведныя тэксты на беларускай мове і зрабіць беларускамоўную версію інтэрнэт-старонкі вашага прадпрыемства», — гаворыцца ў петыцыі.

па інф. НН 


Дата стварэння навіны 31.12.2017

Возврат к списку