АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

“Дранько-Майсюк, табе патрэбна такая жонка, як я”

“Дранько-Майсюк, табе патрэбна такая жонка, як я”
30.12.2017
Напярэдадні Новага года героі "Народнай Волі" распавялі пра самыя яркія ўспаміны і гісторыі, звязаныя з гэтым святам.


— У мяне ёсць дзве навагоднія гісторыі, якія запалі ў памяць на ўсё жыццё. Першая – з самага дзяцінства. Было мне тады гадоў пяць, я яшчэ ў школу не хадзіў. Сям’я рыхтавалася да сустрэчы Новага года, і бацька прынёс у хату саломы, з якой выскачыла вавёрка.

 

Гэта я запомніў на ўсё жыццё. І доўга Новы год у мяне асацыяваўся з пахам саломы і вавёркай. Я думаў, што гэта сімвалы, вобразы гэтага свята. Хаця і слоў такіх тады, натуральна, не ведаў.

 

А другі выпадак, які цалкам перавярнуў маё жыццё, адбыўся напрыканцы сямідзесятых. Тады я вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Там і сустракаў Новы год, разам з Вольгай – дзяўчынай, якая стала маёй жонкай. Пад бой курантаў яна ўстала і сказала: “Дранько-Майсюк, табе патрэбна такая жонка, як я”.

 

Хаця, прызнаюся вам па-мужчынску, думак пра хуткае вяселле ў мяне тады і блізка не было. Я вучыўся на другім курсе, жыў у інтэрнаце. Прыгожы быў такі, малады. У мяне валасы былі – да неба, калі расчэсваўся – іскры з валос ляцелі. Жыццё было паэтычна-тусовачным – сустрэчы з багемай, паэзія, рэстараны…

 

Але, Вольга змагла пераканаць, што яна – тая, хто мне патрэбны. Яна, лічыце, выцягнула мяне з гэтага “багемнага туману”, дала зразумець, што сям’я – вышэй за багемныя сустрэчы, вышэй за паэзію. І за гэта я ёй усё жыццё ўдзячны.

 

У ЗАГС мы пайшлі не 1 студзеня, а так, тыдні праз два…

 

 

Леанід і Вольга неўзабаве пасля Новага года

 

Анатоль Лябедзька, палітык: “Пепсі-кола як сімвал свабоды”.

 

— Увогуле, у маім жыцці ўсе святы запамінальныя. А калі гаварыць пра нешта незвычайнае, то, канечне, на памяць прыходзіць новы 2011 год, які я сустракаў у “амерыканцы” – унутранай турме беларускага КДБ. Памятаю як сёння. У камеры са шматметровымі мурамі сядзела пяць чалавек.

 

На тым навагоднім стале маіх прадуктаў тады не было – я не мог парадаваць гэтым сукамернікаў, сустракалі Новы год, выкарыстоўваючы запасы правізіі маіх суседзяў па няшчасці. На святочным стале ў нашай камеры быў вялікі ананас і бутэлька “Пепсі-Колы”. Свята мы сустрэлі годна, праўда, потым цэлых два месяцы з ласункаў у нас былі толькі шкуркі ад сала.

 

Тасты за тым  навагоднім сталом былі вельмі кранальнымі. Усе мы святкавалі разам– і былы высокі чыноўнік, які сядзеў у той камеры, і бізнесовец, і два хлопцы, якія трапілі за краты за “наркату”. Фактычна кожны з нас гаварыў пра свабоду, укладаючы ў гэтае паняцце свой сэнс. Гэта было вельмі кранальна. І я тады шчыра думаў, што праз два-тры дні я ўжо буду дома – распавядаць родным пра свае навагоднія прыгоды.  Таму на сэрцы шчыміла, я ўяўляў сваіх родных, думаў пра іх – у мяне не было лістоў ад іх, я нічога не ведаў.

 

У маім жыцці, гэта было ў першы раз – падымаючы келіх “Пепсі-Колы”, я гаварыў пра свабоду.

 

Я жадаю чытачам “Народнай Волі” вясёлых і шчаслівых святаў. І калі нехта сабраўся адзначаць Новы год келіхам “пепсі”, то няхай гэта будзе на волі.

 

 

Анатоль Лябедзька у святочным настроі, фота belsat.eu

 

Алег Волчак, праваабаронца: “І тут у пакой уваходзіць яе муж…”

 

— Гэта быў мой першы “постармейскі” Новы год. Напярэдадні свята мы сустрэліся з сябрамі, з якімі некалі займаліся веславаннем, і сталі абдумваць праграму святкавання. Мужчынскі квартэт у выніку пастанавіў: свята без жанчын – банальная п’янка, таму вырашылі мы адправіцца сустракаць Новы год у жаночы інтэрнат да сваіх знаёмых дзяўчат.

 

 Клянуся, ніякіх грахоўных думак у галаве не было – проста вырашылі разбавіць мужчынскі калектыў дзяўчатамі. Прыйшлі. Дапамаглі дзяўчатам накрыць на стол, сустрэлі…

 

Альбо алкаголю хапіла, альбо рана было з’язджаць, карацей, застаўся я ў пакоі адной з дзяўчат…

 

А далей — як у анекдоце: “І тут у пакой уваходзіць яе муж…” Дзверы адчыніліся і да мяне падляцеў хлопец. Аказалася, чалавек, адпрацаваўшы ў другую змену, прыйшоў дамоў. А я, на яго думку, прачнуўся з чужой снягуркай. Пабачыўшы мяне, ён крыху занерваваўся, пачаліся разборкі і высвятленні адносінаў. Пасля пятай чаркі мне ўдалося даказаць, што я тут проста выспаўся. У літаральным сэнсе гэтага слова, бо і насамрэч у нас са “снягуркай” нічога не было.

 

Помню толькі, што звалі яе Людміла. І пасля той сумеснай сустрэчы Новага года мы больш не сустракаліся…

 




Дата стварэння навіны 30.12.2017

Возврат к списку

cashback