АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Патаемны этыкет беларускага карпаратыву

Патаемны этыкет беларускага карпаратыву
26.12.2017
Хочаш зразумець свае кар’ерныя перспектывы — схадзі на карпаратыў. Хочаш зразумець свае матрыяманіяльныя перспектывы — схадзі на карпаратыў.

 Хочаш неўзабаве звольніцца — адкажы на запрашэнне на карпаратыў словамі «я на карпаратывы не хаджу» (правіла не датычыць робатаў, якіх немагчыма звольніць таму, што яны найлепшыя ў сваёй справе). Хочаш напіцца да паўсмерці пры супрацоўніках і станцаваць на століку ў начальства — схадзі на карпаратыў. Будзь упэўнены, што гэта не сапсуе табе рэпутацыі і не трапіць у асабістую справу. Хочаш настукаць у рэпу таму, хто заняў месца на паркінгу, — дачакайся карпаратыву. Вы абавязкова пасябруеце пасля таго, як яго выпішуць са шпіталя, а цябе — з сутак.

 

Калі цябе не запрасілі на карпаратыў і на пытанне, дзе ён адбудзецца, буркнулі, што ў гэтым годзе на карпаратыў няма грошай, заводзь сабе акаўнт на «джобс.тут.бай»: неўзабаве ён табе спатрэбіцца, пра тваё звальненне будуць шаптацца на карпаратыве.

 

Той, хто не чытаў кнігу Міхаіла Бахціна пра карнавальную культуру Сярэднявечча, сэнсу нашых карпаратываў усё роўна не ўцяміць. Гэта там у іх, на Захадзе, ёсць працоўныя саветы, рэкрэацыйныя зоны і забарона адносін на месцы. У нас замест квітка на фітнес, псіхолага і праплачанай кава-машыны амаль паўсюдна — карпаратыў. Момант выструменьвання патаемнай цёмнай энергіі, што назапашвалася ўвесь год. Дыяблерыя і макабрычны танец у адным флаконе. Шанец падкалупнуць Караля тостам.

 

Калі вы — кітайскі прамысловы шпіён, якому трэба даведацца пра бухгалтэрыю і фінансавую дынаміку беларускай кампаніі-канкурэнта, прыкладзіце ўсе высілкі, каб трапіць на яе карпаратыў. Там для індыкацыі дынамікі трэба задаць толькі два пытанні: «Хто з запрошаных зорак сёння выступае?» і «Хто выступаў у мінулым годзе?». Нічога больш вам пра фінансы гэтай кампаніі ведаць не трэба: назавіце пачутыя імёны мінаку на вуліцы, і ён за пляшку піва «Аліварыя» растлумачыць вам, на колькі пунктаў узняўся ці ўпаў фінансавы баланс.

 

Карпаратыў непазбежна ўзнікае ў Беларусі там, дзе ёсць актыўнасць, звязаная з камерцыяй. Там, дзе праглядаюцца тры чалавекі, якія разам на выходных ездзяць з Берасця ў Беласток па пральны парашок і кілбасу для ўласных гаспадарак, ужо ёсць падстава для карпаратыву.

 

 

З карпаратываў пачынаецца гісторыя любога буйнога бізнесу тут: аднойчы, падлічыўшы сэканомленае, нашы героі з папярэдняга абзаца збяруцца ў берасцейскай «Карове», і ў той момант, калі трэцяя пляшка віскі ўжо выпітая, а ахова міліцыю пакуль не выклікала, вырашаць стварыць венчурны фонд і падтрымаць знаёмага кодзера. З раніцы яны моцна пра гэта пашкадуюць, але, калі кодзер добры, мы пра іх яшчэ пачытаем на dev.by.

 

І запомніце калі ласка, шаноўны кітайскі прамысловы шпіён. Калі сваёй агульнай формай карпаратыў нагадвае вяселле, з тамадой, «маладымі», «роднымі маладых» і гасцямі, значыць, рэальным уладальнікам кампаніі з’яўляецца ці то разведзены мужчына пасля 50-ці, ці то яшчэ не пабраная шлюбам дзяўчына да 30-ці. Шукайце «віноўнікаў таржаства» на тых месцах, куды скіруюцца позіркі ўсіх запрошаных пры агучванні тостаў. «Жаніх» ці «нявеста» мусіць з пераможным відам піць да дна. Вось ён, банкаўскі рахунак карпарацыі, у прыцемках.

 

Калі фармат карпаратыву — «выступ прыгоннага тэатра», з пераапранутымі супрацоўнікамі, якія змушана чытаюць вершыкі з бочкі, значыць, асноўная тут жанчына радзівілаўскага ўзросту, узгадаваная ранішнікамі сваіх унучкаў.

 

Алкаголю на такіх святах будзе меней, для таго, каб паціскацца ці пакурыць, прыгонныя будуць замыкацца ў прыбіральнях. Уладальніцу кампаніі вы беспамылкова вылічыце па тым, хто агучыць каманду «Дайце гэтаму хлопчыку мікрафон, хай спяе «У лясу радзілась ёлачка».

 

Трэці распаўсюджаны фармат нашага карпаратыву, паважаны кітайскі шпіёне, — тэлевізійны канцэрт зорак расійскай эстрады.

 

Па сцэне скачуць канферансье і запрошаныя людзі з тэлевізара (калі кампанія небагатая, імітаваць зорак расійскай эстрады мусяць людзі з беларускага тэлевізара). Яны існуюць як бы аўтаномна ад тостаў і безмежака ў зале, госці адчуваюць сябе кімсьці кшталту Ігара Крутога падчас запісу навагодняга эфіру ў Астанкіне. Усе п’юць шмат, бо ўпэўненыя, што ў камеру іх касыя лычы не трапяць. Ніхто не глядзіць на сцэну, бо на дзясятай хвіліне ўзнікае адчуванне, што ўсё тут усё роўна пакажуць па ТБ.

 

Ёсць яшчэ некалькі рэдкіх формаў навагодніх карнавалаў: напрыклад, стылізаванае пад народныя скокі беларускамоўнае свята. Пра гэта я нічога не скажу, бо на іх збіраюцца менш шаблонныя людзі і ты тут усё роўна нічога не зразумееш, паважаны шпіёне.

 

Запомні лепей некалькі законаў беларускіх карпаратываў:

 

З якога б напою хто ні пачынаў карпаратыў, заканчваюць усе ўсё роўна гарэлкай. У гэтым сэнсе больш за ўсё шкада маладых дзяўчат, якія думаюць, што ўвесь вечар будуць піць кабернэ савіньён, якога толькі чатыры пляшкі на трыста чалавек.

Самы смелы чалавек у кампаніі — той, хто першым заспяваў «Белы снег, шэры лёд» у караоке.

Калі наведнік карпаратыву спявае «падзялісь улыбкаю сваей» у караоке, гэта не заўсёды значыць, што ён любіць дзяцей. Магчыма, ён сам стаў дзіцем.

Калі чалавек курыць цыгарэту за цыгарэтай на ганку, а пасля карпаратыву ў офісе сцвярджае, што цыгарэт у яго няма, бо ён «не курыць», — гэта нармальна.

Сувязі, якія існавалі паміж людзьмі да першага іх сумеснага карпаратыву, нічога не значаць. Гэта правіла працуе і з (асабліва з) міжполавымі стасункамі.

Калі тост гавораць людзі, якія плацяць грошы астатнім, усе п’юць асабліва старанна. Але пасля пятага тосту ўсе п’юць старанна, хто б ні сказаў тост.

Маянэзу мусіць быць многа.

Калі пара цалуецца падчас павольнага танцу, а пры наступным танцы, не дачакаўшыся партнёра, адзін з іх пачынае пяшчоту з іншым чалавекам, гэта нармальна.

Калі пасля гэтага згублены чалавек знаходзіцца і пачынае бойку, гэта таксама нармальна.

Першымі з карпаратыву заўжды сыходзяць не самыя занятыя, а самыя жанатыя (замужнія).

Першымі ў таксоўкі заўсёды кладуцца не самыя высокапастаўленыя ці ўплывовыя, а самыя п’яныя.

Усё, што адбываецца на карпаратыве, застаецца на карпаратыве.

 

Віктар Марціновч, budzma.by


Дата стварэння навіны 26.12.2017

Возврат к списку