АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Магчымасць дапамагаць ёсць у кожнага

Магчымасць дапамагаць ёсць у кожнага
26.12.2017
Год таму Ігар Жабароўскі дапамог гераіні сюжэта Радыё Свабода, якая не магла даць рады рамонту ў сваёй кватэры.

Фота са старонкі краўдфандынгу дабрачыннага фонду «Геном», які дапамагае дзецям зь рэдкімі генэтычнымі нэрвова-цягліцавымі хваробамі.


 «Калі вам не хапае толькі грошай, каб зрабіць нешта добрае, зьвярніцеся да мяне», — праз тыдзень пасля сьмелага закліку на прэзэнтацыі падтрыманага ім беларускамоўнага выданьня мы размаўляем з IT-бізнэсоўцам Ігарам Жабароўскім. «Яшчэ ніхто не зьвяртаўся», — кажа ён. Ігар падчас інтэрвію моцна настойвае, каб ягонае імя не згадвалася, але патрэба распавесьці пра неабходнасьць падтрымліваць іншых урэшце пераважвае.

 

Чалавек, чыё імя рэгулярна зьяўляецца сярод спонсараў на краўдфандынгавых пляцоўках кажа, што магчымасьць дапамагаць ёсьць у кожнага.

 

— У які момант у вашым жыцьці вы зразумелі, што хочаце аддаваць грошы іншым людзям?

 

— Магчымасьць зьявілася ў мяне ня так даўно, можа гады тры-чатыры таму. Я займаюся сваёй справай і магу сабе дазволіць больш-менш значныя сумы ахвяраваць, дапамагаць. Але мы зь сябрамі яшчэ студэнтамі былі валянтэрамі, арганізоўвалі зборы рэчаў для дзіцячых дамоў. Было такое жаданьне заўсёды.

 

Ёсьць сувязь паміж тым, якія магчымасьці чалавеку даюцца, і тым, як ён іх выкарыстоўвае.

Калі мне кажуць «дзякуй», я заўсёды кажу: «Дзякуй Богу за тое, што ў мяне ёсьць гэтая магчымасьць». Мяркую, што ёсьць сувязь паміж тым, якія магчымасьці чалавеку даюцца, і тым, як ён іх выкарыстоўвае. Таму лічу сваім абавязкам падзяліцца з тым, у каго ёсьць нейкія цяжкасьці. Не абавязкова гэта праблемы — на лекаваньне ці нешта сацыяльнае падтрымаць. Гэта і вельмі добрыя культурныя ініцыятывы ці нешта зьвязанае з мастацтвам. Тым больш у нашай беларускай рэчаіснасьці, калі нацыянальная культура, мова знаходзяцца ў такім стане, што іх трэба падтрымліваць. На жаль, дзяржава ў гэтым у нейкай ступені не дапрацоўвае.

 

Мне шкада, што я сам у жыцьці вельмі рэдка карыстаюся роднай мовай. Але любоў да мовы мне прышчапілі яшчэ ў школе. Гісторыя Беларусі мяне заўсёды вельмі цікавіла. Я калі прыехаў у Менск у 2001- м годзе вучыцца на матэматыка, проста ўзахлёб цікавіўся гісторыяй Менску, сядзеў у архівах, музэях.

 

Беларускую мову і культуру я апошнім часам вызначыў для сябе як адзін з кірункаў, якому мне б хацелася дапамагаць. Гэта ня толькі літаратура, але і фільмы, напрыклад. Ёсьць у нас ініцыятыва па перакладзе фільмаў на беларускую мову — стараюся таксама ўдзельнічаць. Дапамагаю беларускім рэжысэрам, якія ня маюць фінансаваньня, якія робяць цікавыя рэчы.

 

Стараюся дапамагаць у розных кірунках. Ніколі не выбіраю спэцыяльна каму дапамагчы. Лічу, што ўсё невыпадкова. Калі нешта ў тваё жыцьцё ўвайшло, то напэўна ў гэтым ёсьць сэнс.

 

На жаль, я далёка ня ўсё ведаю. Ёсьць вельмі шмат цікавых праектаў, якія я ўжо бачу постфактум, калі праекты скончаныя і не сабралі патрэбных сродкаў для таго, каб быць рэалізаванымі. І гэта вельмі шкада.

​— Абіраючы, каму прапанаваць дапамогу, ці вы ацэньваеце, наколькі добра праект прадуманы, падрыхтаваны, якія ў яго шансы на паспяховую рэалізацыю?

 

Не ўзгадаю прыкладу, калі б я ўзважваў і вырашыў не дапамагчы. Ды я глыбока і не вывучаю праект. Што тычыцца беларускамоўных выданьняў, то абсалютна ўсяму, што я сустракаў, я дапамагаў. У нас недастаткова такой літаратуры.

 

А там ужо няхай чытач прагаласуе, цікава яму ці не. І калі яму будзе цікава, адпаведна будзе патрэба ў тым, каб працягваць праект. А што тычыцца сусьветнай літаратуры, то ўжо даўно чытач прагаласаваў і ўжо зразумела, што гэта цікава.

— Якіх праектаў вам, вашым дзецям, сям’і не хапае асабіста?

 

— Як бацька я сутыкаюся з недахопам якаснай сучаснай беларускай літаратуры. Што тычыцца беларускіх клясыкаў — гэта не праблема, але што да сусьветнай клясыкі, ці сучасных аўтараў дзіцячых — з гэтым ёсьць складанасьці.

 

У мяне старэйшаму сыну чатыры гады, дзьве дзяўчынкі па два гады — двайняты, і хлопчык вось толькі два тыдні таму нарадзіўся. Яшчэ маленькія дзеці, таму напэўна адчуваецца больш за ўсё недахоп мультфільмаў. Тое, што паказваецца па тэлебачаньні, розныя каналы дзіцячыя — дык гэта ня тое, што хацелася б дзецям паказваць.

 

Сям’я мяне падтрымлівае. Жонка — доктар па спэцыяльнасьці. Яна шмат рознай мастацкай літаратуры чытала. Я вось вельмі мала чытаў. Таму яна мне часта падказвае. Вось праект падтрымкі выданьня «Палёт над гняздом зязюлі» яна першая пабачыла і сказала, што, маўляў, вартая кніга, давай паўдзельнічаем. Нядаўна пабачыў на Талацэ праект «Казкі старога Адамкова» і падтрымаў.

 

У мяне трапяткое стаўленьне да беларускай культуры. Жонка таксама яго падзяляе. Я прынёс дахаты «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча. І хаця ў мяне самога мала часу, каб дзецям чытаць, але жонка гэта робіць безь мяне. Лічыць, што дзеці мусяць абавязкова дакранацца да беларускай культуры.

 

​— Якімі падтрыманымі праектамі вы ганарыцеся?

 

У пэўны момант сустрэў інфармацыю пра беларускую дзяўчыну на вазочку, якая паехала на конкурс і выіграла яго. Прачытаў артыкул нейкі і зразумеў зь яго, што грошай на тое, каб атрымаць асалоду ад гэтай паездкі, у яе не было. Ёй аплочвалі квіткі, напэўна пражываньне, і ўсё. Нават выйсьці ў горад, зайсьці ў кавярню... А мне захацелася, каб яна мела магчымасьць паўнавартасна, не залежна ад вынікаў конкурсу, адпачыць.

 

І вось я ганаруся, што я таксама маю дачыненьне да гэтага посьпеху. А гэта посьпех адназначна. Рады, што чалавек — малайчына і што ёсьць такія прыклады ў нас.

 

 

​— Часта людзі кажуць, што сорамна прасіць грошы, у тым ліку і праз краўдфандынг. Што вы думаеце пра такое меркаваньне?

 

— Я не лічу, што гэта сорамна. Калі ёсьць добры праект, а тым больш калі гэта сацыяльны праект, ці тычыцца падтрымкі мастацтва, культуры, тут зусім ня можа быць нейкага сораму.

 

Часам бывае нават наадварот, як мы бачым па разьвіцьці руху стартапаў. Пачыналася з таго, што ёсьць добрыя праекты і іх трэба падтрымаць. А цяпер ёсьць людзі, у якіх няма цікавага праекту, у якіх няма добрых ідэй, але якія бачаць, што ёсьць магчымасьць пад нейкі праект атрымаць грошы, і штучна пачынаюць прыдумляць. Часам з гэтага атрымліваюцца добрыя праекты. Але як правіла, калі гэты праект нарадзіўся не ўнутры, не ад душы, а толькі дзеля таго, каб атрымаць грошы, то нават калі ён стартуе і здавалася б добра атрымліваецца, я неяк слаба веру ў тое, што ён будзе доўгатэрміновы.

 

У нас насамрэч ня вельмі многа праектаў. Нават не даводзіцца выбіраць.

Часам пра гэта думаю, гляджу на праекты, спрабую для сябе зразумець, наколькі тыя людзі, якія гэтым займаюцца, глыбока хварэюць на гэтую тэму і наколькі гэта з душы. Чаму не баюся запрашаць, каб мне пісалі і прасілі пра падтрымку? Бо ў нас насамрэч ня вельмі многа праектаў. Нават не даводзіцца выбіраць.

 

На Social weekend я двойчы быў у журы. Сёлета заявіў праект на тэму «дапамога дзецям ці сем’ям, якія знаходзяцца ў складаных сацыяльных умовах». Туды ўмоўна заяўляецца 100 праектаў, і першы раз увогуле нікога не было на маю намінацыю. Сёлета напэўна з 15 фіналістаў быў адзін праект па гэтай тэме. І тое там прасілі 1 тысячу рублёў, хоць я заяўляў 10 тысяч рублёў.

 

То бок я кажу, што гатовы суму ахвяраваць на пэўныя мэты. Збор заявак ідзе некалькі месяцаў, і праекту няма. Напэўна тэма краўдфандынгу яшчэ недастаткова разьвітая ў Беларусі, бо насамрэч нават не даводзіцца выбіраць, каму дапамагчы.

​— Вам хтосьці дапамагаў у жыцьці?

 

— На жаль, не. Я стараюся жыць так, як калісьці мне хацелася, каб ставіліся да мяне. Я пачаў свой бізнэс амаль у 29 гадоў. У мяне простыя бацькі, ніколі не было ў маім жыцьці нечага надзвычайнага, але пашанцавала дабіцца поспеху ў сваёй справе абсалютна без чыёйсці дапамогі. Калі б мне нехта дапамагаў, магчыма, гэты посьпех прыйшоў бы нашмат раней.

 

Ёсьць прыклады, калі для мяне гэта мінімальная дапамога, а ў чалавека жыцьцё мяняецца.

Таму сёньня я стараюся дапамагаць ня толькі праз дабрачыннасьць, падтрымку культуры, мастацтва, але і тым людзям, зь якімі мяне жыцьцё сутыкае. Калі разумею, што магу. Ёсьць прыклады, калі для мяне гэта мінімальная дапамога, а ў чалавека жыцьцё мяняецца. Ён пачынае сваю маленькую справу, расьце ў гэтым.

 

Але ў маім жыцьці былі людзі, на якіх я раўняўся. Ім дзякуй за тое, што я могу карыстацца іх прыкладам.

 

—  Ваш бізнэс звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, і поспех беларуса ў гэтай сфэры ўжо лічыцца чымсьці само сабой зразумелым. А па-за IT ў Беларусі ёсць грошы на дабрачыннасьць?

 

— Я думаю, што працэнт людзей, якія адчуваюць у сабе жаданьне дапамагаць, аднолькавы ва ўсіх клясах — не залежна ад матэрыяльных магчымасьцяў, сфэры дзейнасьці, узросту. І гэты працэнт насамрэч вельмі маленькі. Гэта тыя людзі, якім ня трэба дадатковы стымул, а яны проста адчуваюць у сабе патрэбу.

 

Калі зьяўляецца сям’я, дзеці, то чалавек проста фізычна ня можа сабе дазволіць валянтэрыць.

Але ёсьць яшчэ большы працэнт тых людзей, якіх трэба да гэтага падвесці. Паказаць прыклад, што дапамагаць — гэта прыемна.

Я ўпэўнены, што калі б заробкі ў настаўнікаў былі б такія, як у праграмістаў, у дабрачыннасьці ўдзельнічала б столькі ж настаўнікаў.

Калі ў мяне не было фінансавай магчымасьці, я ўдзельнічаў у дабрачыннасьці, але ў мяне не было сям’і. Калі зьяўляецца сям’я, дзеці, то чалавек проста фізычна ня можа сабе дазволіць валянтэрыць, калі ён не закрывае базавыя патрэбы сваёй сям’і. А як правіла не закрывае, бо трэба аддаваць увесь час, каб проста выжываць.

 

Таму нават пра ўзровень разьвіцьця краіны можна меркаваць па тым, колькі людзей задзейнічана ў дапамозе іншым.

 

Чаму большасьць людзей нікому не дапамагае? Ніхто ж не спрачаецца з тым, што дапамагаць — гэта добра. Я задумаўся, як яны самі сябе апраўдваюць. Тэлевізар ты глядзіш, і там пішуць: адпраў смску, здымецца 1-2 рублі. Амаль кожны можа ахвяраваць, але большасьць не ахвяруе.

 

У маім жыцьці нават так склалася, што людзі, зь якімі я добра камунікаваў, якія мяне добра ведаюць, перакананыя, што ў мяне з гэтага ёсьць выгада. Я пытаюся: «Якая выгада, калі пра палову праектаў, якім я дапамагаю, ведаю толькі я?» І мне адказваюць — «узняць уласную самаацэнку. Самому сабе ў сваіх вачах паказацца лепшым, чым ты ёсьць». Мяркую, такія людзі разважаюць так: «Я самадастатковы чалавек, мне ні ад каго нічога ня трэба, таму я і не дапамагаю. Вось ты дапамагаеш, бо табе трэба самасьцвердзіцца. А мне ня трэба. Таму я не дапамагаю».

 

Цяпер думаю, што трэба дзейнічаць карпаратыўна.

Сутыкаючыся з такімі прыкладамі, мне ўсё менш хочацца, каб хтосьці ведаў пра маю дапамогу. Але ведаю, што трэба даваць прыклад. Я нават раней найбольш дапамагаў як фізычная асоба, а цяпер думаю, што трэба дзейнічаць карпаратыўна. Каб мае супрацоўнікі таксама адчувалі, што яны далучаныя да дапамогі.

 

Любы чалавек мае магчымасьць дапамагчы, нават матэрыяльна. 1 рубель ці 10 капеек рэшты закінуць у скрынку дабрачынную каля касы ў гіпэрмаркеце кожны можа. А кожны па капейцы — гэта ўжо істотна. Але не абвязкова матэрыяльна. Дапамагаць іншым у кожнага ёсьць магчымасьць.

па інф. радыё Свабода

The code has been copied to your clipb

Дата стварэння навіны 26.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку