АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Абрады вігілійнай вячэры

Абрады вігілійнай вячэры
24.12.2017
Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова «вігілія» лацінскага паходжання і азначае чуванне.

З даўніх часоў у Касцёле існуе звычай: дзень перад вялікай урачыстасцю вернікі захоўваюць строгі пост і ўсю ноч чакаюць гэтага свята, молячыся разам.

Выключна рэлігійны характар мае і вігілійная вячэра ў сем’ях. Глыбокае перажыванне гэтага вечара яднае сем’і і застаецца найлепшым успамінам на ўсё жыццё. Варта перажыць гэты вечар найбольш духоўна, бо разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, адраджаемся духоўна мы самі...

У цэнтры памяшкання ўстанаўліваюцца (калі гэта магчыма) яселькі з Дзіцяткам Езусам. На стале рассцілаецца крыху сена – як напамін аб убостве бэтлеемскага грота, дзе Марыя паклала нованароджанага Хрыста на сена ў яслі. Стол засцілаецца белым абрусам. Можна ўпрыгожыць яго яловымі лапкамі са свечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатка і разгорнутая кніга Евангелля.

 

На стол падаюцца посныя стравы і безалкагольныя напоі. Калі загарыцца першая зорка на небе – сімвал Бэтлеемскай зоркі – сям’я збіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

 

1. Запальванне свечкі

 

Бацька ці маці запальвае свечку, гаворачы пры гэтым: «Святло Хрыста».

 

Усе адказваюць: «Дзякуй Богу».

 

Уводзіны:

Дзве тысячы гадоў таму назад на свет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні як безабароннае Дзіця. Аб гэтым нам гаворыць Евангелле. Стоячы, давайце паслухаем з верай словы Евангелля, якое апісвае гэтую самую радасную для ўсіх людзей падзею Нараджэння Божага Сына, Eзуса Хрыста.

 

2. Чытанне Евангелля

 

3 Евангелля паводле Лукі:

 

«Сталася ў тыя дні:

 

Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

 

Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.

 

Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

 

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.

 

І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

 

Хвала на вышынях Богу,

а на зямлі спакой

людзям добрай волі» (Лк 2, 1-14).

Можна заспяваць калядную песню.

 

3. Супольныя просьбы

 

Адзін з членаў сям’і чытае просьбы.

 

Божа, у гэтую ўрачыстую хвіліну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі Ты паслаў нам свайго Сына, Eзуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу.

 

— Дай нашай сям’і дар любові, згоды і супакою.

Цябе просім…

 

— У гэтую святую ноч адары супакоем нашых суседзяў, сяброў і знаёмых.

Цябе просім…

 

— Суцеш і ўмацуй Добрай Навіной усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных і галодных на ўсім свеце.

Цябе просім…

 

— Адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы нашых памерлых блізкіх і знаёмых (можна ўзгадаць імёны).

Цябе просім…

 

Усе моляцца: «Ойча наш...»

 

Xто-небудзь з сям’і:

 «Пане Езу Хрыстэ, які сённяшняй ноччу прыйшоў на свет, нарадзіўшыся ад Найсвяцейшай Марыі ў бэтлеемскім гроце, Ты прынёс супакой усяму свету і асвяціў сямейнае жыццё, застанься ў нашай сям’і і злучы яе Тваёй любоўю, а слова Тваё з усім багаццем няхай будзе ў нас, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн».

 

 4. Дзяленне аплаткай

 Галава сям’і пачынае дзяліцца аплаткай з наступнымі ці іншымі словамі:

 

«Цяпер у духу любові і прабачэння давайце падзелімся аплаткаю – хлебам любові, раскрываючы нашыя сэрцы на ўзаемную любоў. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, будуць заўсёды мець добрыя намеры і будуць шчаслівыя, здаровыя, сардэчныя і ўзрадаваныя».

 

Цяпер усе члены сям’і дзеляцца аплаткай, выказваючы пры гэтым пажаданні адзін аднаму, спажываюць вігілійную вячэру, а пасля, спяваючы калядныя спевы, чакаюць «пастэркі» – урачыстай святой Імшы.

па інф. catholic.by


Дата стварэння навіны 24.12.2017

Возврат к списку