АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Зісер: «Беларускім фірмам няма неабходнасьці міграваць у Літву або Эстонію»

Зісер: «Беларускім фірмам няма неабходнасьці міграваць у Літву або Эстонію»
23.12.2017
Ён лічыць, што падпісаны сёньня Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» стане рэвалюцыйным крокам для ўсёй галіны.

Паводле экспэрта, беларускім кампутарным фірмам цяпер няма неабходнасьці міграваць у Літву альбо Эстонію, бо ўсе ўмовы ёсьць у Беларусі. Ён прагназуе, што неўзабаве і айцішнікі будуць ўплываць на ўладу і палітыку, паведамляе радыё Свабода.

 

 ​«У дэкрэце рэалізавана большая частка чаканняў ІТ-супольнасці»

— У гэты момант, калі мы з вамі запісваем інтэрвію, праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, на якой прысутнічае каля трохсот чалавек. Але вас там няма. Чаму?

 

— Мяне туды ніхто не запрашаў, шчыра кажучы.

 

— Вы ўжо бачылі асноўныя палажэньні доўгачаканага дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які 22 сьнежня афіцыйна падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Як бы вы яго ў цэлым ацанілі? Гэта тое, чаго вы чакалі? Што гэты дакумэнт нясе эканоміцы краіны?

 

— Я вельмі чакаў гэтага дэкрэту. Ягонае прыняцьцё заняло надта шмат часу. Яшчэ ў верасьні я прадказаў, што ён будзе падпісаны ў апошні працоўны дзень году. Як бачыце, памыліўся на цэлых 5 дзён. Думаю, паўгода можна было не губляць.

 

Але добра, што ён увогуле падпісаны, і, наколькі я разумею, падпісаны ў першапачатковым выглядзе. То бок ніхто на яго не замахнуўся, не абкарнаў, не нівэляваў, і гэта вельмі добра.

 

Дэкрэт рэвалюцыйны для ІТ-галіны, рэалізаваная большасьць чаканьняў ІТ-супольнасьці. Прыкметна, што ён рыхтаваўся групай юрыстаў паводле заявак ІТ-супольнасьці. Таму ён атрымаўся цэласны, кампактны, там няма нічога лішняга і ёсьць усё неабходнае. Ён канцэптуальна цэласны.

 

— Гэта ваша агульная стратэгічная ацэнка. А што канкрэтна вы б назвалі галоўным пазытыўным чыньнікам у прыняцьці гэтага дэкрэту, што можа прывесьці да станоўчых і патрэбных зьменаў у беларускай эканоміцы?

 

— Самае галоўнае, што ў параўнаньні з ПВТшным дэкрэтам 2005 году разам з аўтсорсінгам узаконена «прадуктавае праграмаваньне». Нарэшце фірмам, якія гэта робяць, можна будзе працаваць легальна, а не празь нейкія пасярэднія структуры на Захадзе.

 

Крытыкі ПВТ увесь час кажуць, што «стымулюем продаж мазгоў за мяжу». Па-першае, гэта ўжо даўно ня так. Нашы «прадуктавыя кампаніі» цяпер атрымалі магчымасьць працаваць бязь «фірмаў-пракладак», легальна. Дэкрэт будзе стымуляваць іхні рост, таму што будучыня не ў аўтсорсінгу, мы моцныя сваімі мазгамі.

 

Ініцыятары новых ільготаў для ІТ-сфэры кажуць, што менавіта гэтая галіна стане лякаматывам усёй беларускай эканомікі. А крытыкі — што яна становіцца прывілеяванай сфэрай, «дзяржавай у дзяржаве», якая працуе выключна на сябе і ня мае станоўчага эфэкту ў маштабах усёй краіны.

 

— У эканоміцы любой краіны ёсьць вядучыя галіны. Ужо сёньня беларускія праграмісты трацяць грошы на будаўніцтва жыльля, набыцьцё ўласнасьці, беларускіх прадуктаў харчаваньня, плацяць за дзіцячыя садочкі, палепшаную мэдыцыну і гэтак далей. Гэтыя грошы застаюцца ў краіне і падымаюць іншыя сфэры эканомікі, галоўным чынам сфэру паслугаў. Таму нельга казаць, што гэта нешта ізаляванае, гэта ўплывае на ўсю эканоміку.


«Беларускім фірмам няма неабходнасьці міграваць у Літву або Эстонію»

— Аргумэнт, які прыводзяць многія, у тым ліку, напрыклад, эканаміст Сяргей Чалы — калі ІТ-сфэра такая прагрэсіўная і пасьпяховая, як сьцьвярджаецца, чаму яна ўвесь час патрабуе нейкіх ільготаў ад дзяржавы? Microsoft ці Apple не патрабавалі ад дзяржавы падтрымкі, і бяз гэтага вырваліся ў лідэры рынку. Чаму наша ІТ-сфэра ўвесь час патрабуе ўмоваў значна лепшых, чым у іншых?

 

— Microsoft ці Apple адпачатку разьвіваліся ў лепшых умовах. Іхнія ўмовы супастаўныя з тымі, якія ёсьць цяпер у ПВТ. У ПВТ, вядома, шыкоўныя, ільготныя, «шакалядныя» ўмовы. Але амэрыканскія ўмовы не параўнаць з тымі, якія існуюць у Беларусі для іншых галінаў.

 

Дарэчы, Сяргей Чалы цалкам справядліва запытваецца, чаму гэтыя льготы ўведзеныя толькі для ПВТ, а не для ўсіх. Тут я зь ім салідарны. Але я ўпэўнены, што для ўсіх галінаў такі дэкрэт бы не прайшоў, яго б завярнулі. Таму добра, што ён прайшоў хаця б для ІТ-галіны, і потым можна будзе гэты досьвед распаўсюдзіць на іншыя галіны, хаця б часткова.

 

— А што такога новага прапануе гэты дэкрэт, каб беларусы маглі вырвацца ў лідэры на гэтым вельмі канкурэнтным рынку? Як вы казалі, беларусы дагэтуль пераважна займаліся аўтсорсінгам. Ці ёсьць падставы меркаваць, што пасьля прыняцьця дэкрэту будзе зроблены скачок наперад, каб дагнаць тую ж Эстонію, Ізраіль, Індыю?

 

— Даганяць Эстонію ці Літву нам ня трэба, мы даўно наперадзе, па-мойму. Але пакуль вельмі многія беларускія фірмы працуюць у Вільні, бо там адпачатку былі нармальныя ўмовы для праграмаваньня прадуктаў. Цяпер тыя фірмы, якія там працуюць, могуць спакойна вяртацца працаваць дадому, у Беларусь. А новым фірмам няма неабходнасьці міграваць у Літву або Эстонію, бо цяпер усе ўмовы ёсьць тут.

 

Беларускія прыкладаньні агульнавядомыя ў сьвеце, імі карыстаюцца. Цяпер гэты бізнэс зможа легальна разьвівацца ў Беларусі. Дагэтуль цалкам легальна, цалкам «па-беламу» гэта было фактычна немагчыма.

 

— Адна з ацэнак гэтага дэкрэту — улады хочуць працягваць курс на аўтарытарную дзяржаву, але на гэты раз у пэўным саюзе з ІT-бізнэсам. То бок людзі, які ня ўвойдуць у сьпіс абраных, да «новага жыцьця» ня будуць дапушчаныя. Хіба можна казаць, што гэты дэкрэт спрыяе фармаваньню нейкага шырокага слою «сярэдняй клясы»?

 

— Уласна кажучы, а што такое ІТ-супольнасьць? Гэта і ёсьць сярэдняя кляса. Так, праграмісты часта абыякавыя да палітыкі. Але рана ці позна яны задумваюцца, і, у прынцыпе, гэта добра для фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.

 

Ці можна чакаць, што за гэтым крокам пойдуць далейшыя па пераўтварэньнях у беларускай эканоміцы? То бок улада пабачыла добрыя вынікі — і вырашыць, што гэтыя мэтады можна скарыстаць і ў іншых сфэрах? Ці ІТ-сфэра застанецца такім асобным востравам?

 

— Цяжка сказаць. Бо ўсе гэтыя перамены адбываюцца вельмі павольна, паўзком, зь вяртаньнямі назад. Але будзем спадзявацца на лепшае.

 

— Я зноў спрабую ацаніць усе пазытыўныя і нэгатыўныя бакі. Магчыма, сярод станоўчага можна адзначыць, што паступова расьце ўплыў новых людзей, ІТшнікаў, — на ўладу і ўвогуле сытуацыю ў краіне. Можа, разам з ростам іхняга ўплыву можна канстатаваць і зьмяншэньне ўплыву «чырвоных дырэктараў» і нават сілавікоў?

 

— Тут я вельмі з вамі згодны, гэта вельмі станоўчы чыньнік у сэнсе палітыкі. Мяняецца арыентацыя дзяржавы зь мінулага на будучыню. Калі дагэтуль наша дзяржава была накіраваная ў мінулае, — то гэты дэкрэт сымбалізуе пачатак развароту ў будучыню.



Дата стварэння навіны 23.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку