АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Ганна Канапацкая: "Людзі прыйшлі выказацца. Але я была да гэтага гатовая"

Ганна Канапацкая: "Людзі прыйшлі выказацца. Але я была да гэтага гатовая"
22.12.2017
Увечары 21 снежня ў мінскай гімназіі №35 прайшла сустрэча дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай з выбаршчыкамі, на якой палітык планавала даць справаздачу за год сваё працы.

 «Дэпутат? А катэдж пабудаваў ужо за нашы грошы?» — як Канапацкая справаздачылася перад пенсіянерамі ў сябе на раёне, піша НН.

Народу, праўда, прыйшло не шмат. У актавай залі школы сабралося 19 чалавек, большасць — пенсіянеры.

 

«А з кім хоць сустрэча?» — пацікавіўся на ўваходзе адзін са сталых мужчынаў. Яму адказалі, што з Ганнай Канапацкай, ён, здаецца, застаўся задаволены.

 

«Я за ёй сачу, падабаецца яе пазіцыя. Яна ж за нас, іх там толькі двое такіх, а іншых-та колькі!» — сказаў мужчына. Адразу завязалася абмеркаванне уласных бедаў і сітуацыі ў краіне.

 

«Дааа, вось такая ў нас дэмакратыя!», — незадаволена махалі рукамі мужыкі.

 

Большасць аўдыторыі прыйшла не столькі выслухаць дэпутатку, колькі распавесці ёй пра свае праблемы. Двое сталых мужчынаў скардзіліся на аўтамабілістаў: ездзяць суцэльным патокам праз іх двор, побач з дзіцячай пляцоўкай, ДАІ не рэагуе.

 

Адзін мужчына набыў лядоўню ў жніўні 2014 года. Цяпер ён хоча сустрэцца з Лукашэнкам, бо, кажа, ёсць праблемы (але не кажа якія).

 

Дзве маладзейшыя жанчыны — маці і дачка — не могуць знайсці працу. Маці эканаміст-юрыст, дачка — эканаміст, але працаўладкавацца, кажуць, не атрымліваецца.

 

 «Чатыры месяцы таму прайшла аптымізацыя ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці. Ад таго часу я без працы, — распавяла Ганна, старэйшая жанчына. — А дачка не можа знайсці працу ўжо два гады».

Жанчына расказала, што біржа працы не мае сэнсу, як і сайты-агрэгатары вакансій. Праўда, яна прызналася, што не ўяўляе, як і чым ёй можа дапамагчы Канапацкая.

 

«У людзей завышаныя чаканні ад таго, што ў Палаце прадстаўнікоў апазіцыянер. Я адна, часам нас двое, а іх там - 110», — прызнала на пачатку свайго выступу і сама Канапацкая, сама таго не ведаючы, паўтарыўшы словы сваіх выбарцаў.

 

 Канапацкая паведаміла, што галоўная справа за год — прыпыненне Дэкрэта №3.

 

Таксама яна распавяла, што хоча заняцца пытаннем кампенсацый згубленых пры развале СССР грошай. Аўдыторыя ў адказ пачала абурацца, маўляў, пустая праца, зразумела ж, што нічога не атрымаецца.

 

Увогуле, аўдыторыя рэагавала актыўна. Заўважна, што людзям набалела і хочацца выказацца, гаварыць самім ім хацелася яўна больш, чым слухаць справаздачу Канапацкай. То падскокваў той самы «мужчына з лядоўняй» і цікавіўся, як яму трапіць да Лукашэнкі, то людзі незадаволена шумелі ў адказ пра навіны аб праекце новай зоны адпачынку. Хтосьці проста падышоў, уручыў Канапацкай паперку са сваёй бядой і сышоў.

У адказ на некаторыя пытанні Ганна Канапацкая тлумачыла — гэта не да яе, а да дэпутатаў мясцовых саветаў. І адразу прарэкламавала свайго памочніка, які ў гэтыя дэпутаты і будзе балатавацца.

 

«Ён дэпутат? А катэдж пабудаваў ужо за нашы грошы? — ажывілася адна з бабуляў. Даведаўшыся, што памочнік пакуль не дэпутат, ды і зарплату дэпутаты мясцовых саветаў не атрымліваюць, цікаўнасці да яго бабуля больш не праяўляла.

 

Далей — ізноў пытанні. Чаму даражэе камуналка? Дзе паглядзець, як вы галасуеце за заканапраекты? Што зрабіць, каб прынялі закон аб выгуле сабак? Як вы ставіцеся да Таццяны Караткевіч? Канапацкая цярпліва тлумачыла.

Скончылася сустрэча згодна з працоўным днём завуча школы — каля 20 гадзіны. Сама Канапацкая ацаніла мерапрыемства пазітыўна.

 

«Так, я заўважыла, што людзі прыйшлі выказацца. Але я была да гэтага гатовая. Так, некаторыя моманты, пра якія я хацела сказаць, я не паспела, але нічога страшнага. Гэта паказвае, што народ хоча гаварыць з уладай, вось толькі не мае такой магчымасці», — сказала Ганна Канапацкая.


Дата стварэння навіны 22.12.2017

Возврат к списку