АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Штраф за пахаванне

Штраф за пахаванне
21.12.2017
Ушанавальніка ахвяраў віцебскіх Курапат аштрафавалі за незаконнае пахаваньне парэшткаў.

Суддзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прызнаў сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава вінаватым паводле артыкула 23.43 КаАП РБ («Парушэньне заканадаўства аб пахаваньні») і пастанавіў пакараць штрафам памерам 5 базавых велічынь (115 рублёў).

 

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складала кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага райвыканкаму Кацярына Воінава паводле заявы старшыні Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніда Дубіны, паведаляе Свабода.

 

Старшыні сельвыканкаму ўжо даўно вядома, што на падведамаснай яму тэрыторыі — у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле — з 2014 году знаходзяць чалавечыя парэшткі.

 

Ужо двойчы ў гэтых мясьцінах працаваў адмысловы 52-гі пошукавы батальён, які зьбіраў парэшткі і артэфакты, каб высьветліць, да якога часу належыць невядомае пахаваньне.

 

Паводле сьведчаньняў мясцовых старажылаў, у 1937–38 гадах якраз у гэтым лесе адбываліся сталінскія расстрэлы, аднак улады адмаўляюцца гэта прызнаваць.

 

Прадстаўнік мясцовай адміністрацыі Леанід Дубіна засьведчыў у судзе, што натрапіў у інтэрнэце на публікацыю пра пахаваньне чалавечых парэшткаў, ініцыяванае спадаром Дзяржаўцавым. Старшыня сельвыканкаму кажа, што выехаў на месца і ўбачыў сымбалічныя магілы. Таксама да матэрыялаў справы быў далучаны відэаролік, дзе відаць, што чалавечыя парэшткі складаюць у труну ды закопваюць.

 

 На думку спадара Дубіны, стваральнік ініцыятывы па ўшанаваньні памяці віцебскіх ахвяраў сталінізму парушыў заканадаўства аб пахаваньні, бо пахаваў парэшткі ў неналежным месцы.

 

Адкрывальнікам віцебскіх Курапатаў адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятывы

Дзяржаўцаў: «Вырашылі пахаваць, каб было па-людзку»

Ян Дзяржаўцаў перакананы ў адваротным. Ён лічыць, што зрабіў справядлівую і годную справу.

 

«Мы зь сябрамі падбіралі па лесе чалавечыя косткі ўжо пасьля таго, як адтуль зьехалі пошукавікі. Яны працавалі неахайна, сабралі ня ўсё, парэшткі дагэтуль можна знайсьці літаральна пад нагамі. І мы вырашылі пахаваць усе знойдзеныя косткі ў труне, каб было па-людзку», — кажа заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты».

 

Тое, што парэшткі пахавалі ў лесе, дзе гэтыя людзі загінулі, спадар Дзяржаўцаў таксама лічыць адзіна правільным выбарам.

 

Актывіст ужо некалькі разоў прапаноўваў надаць гэтай тэрыторыі статус мэмарыяльнай і належным чынам ушанаваць памяць ахвяраў. Але ідэя не знаходзіць падтрымкі ва ўладаў.

 

Спадар Дзяржаўцаў зьбіраецца абскардзіць судовае рашэньне.

 На ягоную думку, суд некалькі разоў парушыў ягоныя правы, у тым ліку права карыстацца паслугамі перакладчыка і адваката. Ян Дзяржаўцаў заключыў дамову зь менскай адвакаткай Галінай Пархімчык, але яна хадайнічала аб пераносе працэсу на іншы дзень, бо была занятая. Суд Віцебскага раёну праігнараваў гэтую акалічнасьць, і Ян Дзяржаўцаў быў вымушаны бараніцца самастойна.




Дата стварэння навіны 21.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку