АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

"Беларуская" дывізія пяхоты Войска Польскага першая сустрэла фашыстаў у 1939 годзе

"Беларуская" дывізія пяхоты Войска Польскага першая сустрэла фашыстаў у 1939 годзе
20.12.2017
У міжнародным выдавецтве "Edipresse Polska" убачыла свет праца, прысвечаная гісторыі 20-й "беларускай" дывізіі пяхоты Войска Польскага. Ігар Мельнікаў выдаў кнігу.

Ворагі называлі гэтую дывізію “жалезнай”, а польскае камандаванне неафіцыйна называла яе “беларускай”. “Мы, беларусы, павінны ганарыцца, што менавіта нашыя суайчыннікі былі аднымі з тых, хто яшчэ ў верасні 1939 года сказаў Гітлеру “Не”, — адзначае гісторык.

 

Што прыкметна: кніга выдадзена на польскай мове і выйшла ў серыі “Вялікая кніга польскай пяхоты”.

 

“Для мяне была справай гонару зрабіць гэтую кнігу, — кажа Ігар Мельнікаў. — Канешне, гэта выклік, пісаць на замежнай мове, але я валодаю ангельскай, нямецкай і польскай мовамі і актыўна карыстаюся імі падчас сваіх гістарычных даследаванняў. Лічу, што гісторык, які займаецца Другой сусветнай, абавязаны ведаць усе тры мовы.


  Першыя дзве я вывучыў ва ўніверсітэце, польскую пачаў вучыць яшчэ ў школе”

 

— У кнізе ідзе гутарка пра 78 полк слуцкіх стральцоў, 79 полк слонімскіх стральцоў імя Льва Сапегі, 80 полк навагрудскіх стральцоў, — расказвае аўтар. – Як вядома, у міжваенны час 20-я пяхотная дывізія польскага войска дыслакавалася ў раёне Баранавічы–Слонім і ў выпадку вайны з Савецкім Саюзам павінна была змагацца ў ДАКах Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка.

 

Аднак ў 1939 годзе абарончыя планы прыйшлося перагледзець і падчас прыхаванай мабілізацыі ў сакавіку баранавіцкая дывізія была перакінута пад Млаву. За некалькі месяцаў жаўнеры дывізіі паспелі пабудаваць доўгатэрміновыя палявыя ўмацаванні. Раніцай 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. “Беларуская” дывізія адной з першых сустрэла ворага. Па планах нямецкага камандавання, падраздзяленні вермахта павінны былі імгненна прабіцца праз Млаўскі абарончы ўчастак і выйсці да польскай сталіцы. Аднак “палешукі” трымалі нацыстаў пад Млавай на працягу трох дзён. Значная частка жаўнераў дывізіі ў тых баях загінула, аднак “палешукі” да канца засталіся вернымі прысязе.

 

У кнізе “20 дывізія пяхоты” змешчана вялікая колькасць не вядомых у Беларусі здымкаў і матэрыялаў, узятых з польскіх архіваў, збораў польскіх даследчыкаў, а таксама прыватнага архіва Ігара Мельнікава.

 

Варта таксама адзначыць, што даследчык апрацаваў вялікую колькасць гістарычных матэрыялаў, знойдзеных у беларускіх і замежных архівах. Так, напрыклад, была сабрана падрабязная інфармацыя аб біяграфіі ўсіх трох камандзіраў узгаданых палкоў. Асаблівую цікавасць ўяўляюць факты з жыцця камандзіра 79-га пяхотнага палка, палкоўніка Канстанціна Забароўскага, які ў сярэдзіне 1930-х гадоў з’яўляўся вайсковым аташэ Амбасады Польшчы ў Маскве. Падчас бітвы пад Млавай ён праявіў сябе як выдатны, дасведчаны афіцэр і стратэг.

Нельга не заўважыць, што толькі ў гэтым годзе з-пад пяра гісторыка Ігара Мельнікава выйшлі адразу тры грунтоўныя працы – «Забытыя героі» пра беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса і Першай паветрана-дэсантнай брыгады, «Адысея палешука» — успаміны беларускага андэрсаўца і кніга-альбом “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941 гг.”, якая расказвае пра міжваенную савецка-польскую мяжу непадалёк ад беларускай сталіцы. І вось зараз чацвёртая — “20 дывізія пяхоты”.

 

Як атрымліваецца так хутка рабіць такую скрупулёзную працу?

 

— Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, і мы за імі павінны паспяваць, —— кажа Ігар Мелінікаў. — Я лічу, што праца гісторыка — вельмі адказная. Ён шукае факты, матэрыялы, а потым даносіць іх да грамадства. Я навучыўся гэта рабіць не толькі праўдзіва, але і цікава. Так, каб гэта было зразумела і доктару навук, і слесару. Тут таксама ролю адыгрывае і ўменне працаваць з гістарычнымі матэрыяламі.

 

Дарэчы, у студзені 2018 года прэзентацыя кнігі “20 дывізія пяхоты”. (“20 dywizja piechoty”) адбудзецца ў Мінску. 


Вольга Грынявіцкая, НВ




Дата стварэння навіны 20.12.2017

Возврат к списку

cashback