АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Беларускае кіраўніцтва займае ўсё больш пранезалежніцкую пазыцыю»

«Беларускае кіраўніцтва займае ўсё больш пранезалежніцкую пазыцыю»
20.12.2017
Навошта беларускім уладам спатрэбілася блякаваць папулярны інтэрнэт-сайт? Як на працэс рэгнумаўцаў адрэагуе Масква? На шэраг пытанняў адказвае палітоляг Максім Руст.

«Беларускае кіраўніцтва займае ўсё больш пранезалежніцкую пазыцыю»

У гэтым годзе ў беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі адбыўся істотны паварот – зазначае палітоляг Максім Руст.

Мінулыя 7 дзён прынеслі цікавыя падзеі ў сфэры культурнай палітыкі й СМІ. У Мінску пачаўся працэс над аўтарамі расійскага інфармагенцтва Regnum. Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт «Беларускі партызан», а дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк запрапанаваў выкладаць усе гуманітарныя прадметы ў школах толькі па-беларуску. Як на працэс рэгнумаўцаў адрэагуе Масква? Заявы Ігара Марзалюка – гэта звычайны піяр ці сведчанне новага дзяржаўнага курсу? 


Справа рэгнумаўцаў: прысуд будзе, але ня жорсткі

 18 снежня ў Мінску пачаўся суд над аўтарамі пракрамлёўскага інфармагенцтва Regnum. На лаве падсудных апынуліся грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Усіх траіх абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці, а Паўлаўца й Шыптэнку – яшчэ і ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў турмы. У СІЗА яны правялі больш за год. Які, на вашую думку, будзе прысуд? І як на яго адрэагуе Расея?

 

Максім Руст: Вельмі вымоўны, перадусім, час, калі пачаўся працэс – рэгнумаўцаў затрымалі яшчэ год таму, а працэс пачаўся толькі цяпер. Я лічу, што гэта мог быць сыгнал Маскве, такі адказ на магчымасьць новай інфармацыйнай вайны. «Справа рэгнумаўцаў» можа стаць «Cправай патрыётаў», толькі наадварот. Прысуд будзе, але не на 12 гадоў. Пакаранне будзе больш мяккае. І я думаю, што галоўным будзе менавіта абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а не распальваньне варожасьці. Тое, што Масква выкарыстае любы прысуд у сваёй прапагандзе, не выклікае сумневу. Але я думаю, што прагучаць стандартныя штампы «Беларусь рэпрэсуе братоў» і г. д. Больш кардынальных і жорсткіх крокаў Расія ня зробіць.

 

Блакіроўка «Партызана»: Мінінфарм хацеў выслужыцца?

 

14 снежня Міністэрства інфармацыі заблякавала папулярны грамадзка-палітычны сайт «Беларускі партызан». Праз тры дні сайт стаў зноў даступны беларускім чытачам, але дзеля гэтага яму спатрэбілася зьмяніць міжнародную даменную зону *.org на беларускую – *.by Навошта ўлады заблякавалі сайт, калі ніякіх сацыяльных пратэстаў у краіне не прадбачыцца і прычынаў асьцерагацца інтэрнэт-рэсурсу ва ўладаў няма?

 

Максім Руст: Тут класычнае дзеяньне па інэрцыі – нібыта хочам спадабацца Захаду й паказаць, як мы адкрываемся і праводзім лібэралізацыю, а тут такі касяк з «Партызанам». Мне падаецца гэта праява непрафэсіяналізму і прыслужлівасьці некаторых чыноўнікаў. Аднак улады цудоўна ведаюць, што такія крокі толькі ўзбудзяць цікавасьць да заблякаванага рэсурсу, таму справу вельмі хутка сьцішылі. Я таксама не выключаю, Мінінфарм вырашыў такім чынам адказаць на апошнія заклікі, якія Лукашэнка зрабіў падчас сустрэчы з навукоўцамі – абараняць дзяржаву на фронце інфармацыйнай вайны. Магчыма, чыноўнікі проста хацелі спадабацца прэзыдэнту й паказаць сябе абаронцамі стабільнасьці й дзяржаўнага ладу, а выйшла як заўсёды.

 

«Беларускай мовай у Расіі цікавяцца зусім не адукацыйныя ўстановы»

 

У Расіі зацікавіліся беларускай мовай. 13 снежня Цэнтар беларускай мовы адчыніўся ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава. Перакладчыцкую групу плянуюць адкрыць у Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Гэтыя падзеі – нагода для радасьці ці трывогі? Навошта расейскія дзяржаўныя ўстановы менавіта цяпер адчулі неабходнасьць у вывучэньні беларускай мовы, калі раней без яе абыходзіліся?

 

Максім Руст: Я думаю, усе трэнды беларускасьці ў Расіі цудоўна ведаюць, але займаюцца гэтым натуральна не адукацыйныя ўстановы. Таму цяжка адназначна сказаць, ці гэта нагода для радасьці ці трывогі. Добра тое, што беларуская мова пашырае поле сваёй прысутнасьці нават у Маскве. І нават калі матывацыя ў адкрыцьці такіх пляцовак выключна палітычная, гэта для Беларусі не так істотна. Важна тое, што з беларускай мовай і беларускасьцю робіцца ў самой Беларусі, а не ў Расіі.

 

Заявы Марзалюка – гэта хутчэй піяр, а не праграма дзеяньняў

 

Беларусь павінна паступова «перайсьці да вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў ва ўсіх школах на роднай беларускай мове, а дакладныя навукі вывучаць на расейскай мове». Акрамя таго, варта задумацца над дадатковым вывучэньнем на высокім узроўні «трэцяй эўрапейскай мовы». З такімі прапановамі 13 снежня зьвярнуўся да ўдзельнікаў З'езду навукоўцаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Ці будуць рэалізаваныя яго прапановы і калі?

 

Максім Руст: Ня будуць. Такія заявы проста ўпісваюцца ў трэнд зьменаў у беларускай ідэалёгіі, якую хочуць з «братэрскай» зрабіць больш «незалежніцкай». І рост гэтага трэнду мы назіралі на працягу ўсяго 2017 году. Сама заява Марзалюка таксама мець нават нэгатыўныя наступствы для беларускай мовы. Дэпутат паўтарае стэрэатып пра тое, што для дакладных дысцыплінаў беларуская мова не прыстасаваная. Але калі казаць пра магчымасьць рэалізацыі прапановаў дэпутата, то ў цяперашняй сытуацыі – і моўнай, і сытуацыі ў адукацыі – яны нерэальныя для ажыцьцяўленьня.

 

Размаўляў Аляксандар Папко,radyjo.net


Дата стварэння навіны 20.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку