АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць

Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць
19.12.2017
У сёмую гадавіну Плошчы-2010 журналіст-праваабаронца Юры Шпак-Рыжкаў, апошнім часам больш вядомы пад блогерскім псэўданімам Юрась Навіцкі, апублікаваў зборнік турэмных дзённікаў з малюнкамі і дадаткамі «Як гартавалась сталь: перазагрузка».

На здымку: Школьная экскурсія ў жодзінскую турму, апісаную аўтарам кніжкі. Фота ©Muzej Tatalitaryzmu j Salidarnaści, 2017.

 Размова з аўтарам пра яго новую кніжку, якая намініравалася  сёлета на прэмію Францішка Аляхновіча (адказы прыводзяцца на мове арыгіналу).

Цягам года 2010-2011 Юрась Навіцкі за валанцёрскую журналісцка-праваабарончую дзейнасць быў пазбаўлены прэміяльных і звольнены з фармулёўкай «за прагулы». Прагуламі дзяржаўны прафсаюз палічыў два дні працы Юрася сябрам выбарчай камісіі на выбарах Прэзыдэнта РБ-2010, калі той знайшоў у працы камісіі мноства парушэнняў і паведаміў пра іх назіральнікам і прадстаўнікам місіі АБСЕ, што выклікала вялікі розгалас у дзяржаўных і незалежных СМІ.  Ён быў аштрафаваны, адбыў на галадоўках тры арышты ў розных турмах, быў пастаўлены на ўлік і на год - пад надзор з невыездам.

 

Спадар Юрась, што натхніла вас на напісанне кніжкі?

 Сёлета мы з Тацянай Грачанікавай, маёй жонкай і каляжанкай, адзначаем 20-годдзе валянтэрскай журналісцка-праваабаронцай дзейнасьці. Менавіта 20 гадоў таму мы ўступілі ў шэраг праваабарончых арганізацыяў, агульнымі сходамі былі абраныя на кіраўнікоў суполак Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сталі карэспандэнтамі некалькіх СМІ. Гэная кніжка прысьвячаецца Тацяне і безь яе ніколі б не была напісаная. Кніжка складаецца зь некалькіх турэмных дзёньнікоў, аздобленых некалькімі сотнямі турэмных малюнкоў і фота, якія прайшлі праз турму пасьля сумнавядомых падзеяў Плошчы-2010.

 

Як даўно вы пачалі маляваць свае «пэйнт-рэпартажы»?

 

Першы – у 2000-ым, калі супрацоўнікі міліцыі і агенты ў цывільным зьдзейсьнілі напад на чальцоў Вольнага прафзьвязу, з мэтаю не дапусьціць іхнага ўдзелу ў першамайскай дэманстрацыі працоўных. Тады мне і рэдактару нашай газэты былі зламаныя камэры.  Супрацоўнікі ўнутраных ворганоў меліся адабраць у прафзьвязоўцоў транспаранты і сьцягі, маючыя рэгістрацыю Мін'юста. Адну са сцэнаў вы бачыце на першым малюнку. На другім – адзін з судоў над Нінай Багінскай (2013), калі міліцыянты і судзьдзя Мотыль забаранілі мне фатаграфаваць. А тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць, таму я і зрабіў гэны малюнок падчас судовага паседжаньня. Ілюстрацыі да рэпартажаў за 20 гадоў даводзілася рабіць вельмі часта.

 

Так атрымалася, што вы сталі заснавальнікам адразу двух новых жанраў, «турэмны пэйнт-рэпартаж» і «судовы пэйнт-рэпартаж».

 

Іх абодва можна, напэўна, аб'яднаць у адзін - «турэмны пэйнт-рэпортаж» ці «турэмны дзёньнік з малюнкамі». Гэна сапраўды новы жанр. Насамрэч, абсалютная большасьць так званых «турэмных дзёньнікоў», апублікаваных у СМІ і атрымаўшыя мноства розных узнагародаў, напісаныя былі праз многія дні, тыдні, месяцы і нават годы (нядаўні прыклад - «турэмны дзёньнік», напісаны праз шэсьць гадоў пасьля вызваленьня), а многія «турэмныя творы» - нават людзьмі, якія турмы і ня бачылі. Уявеце, якой бы была кніжка, калі б я, заўсёдны выдатнік па сачыненьнях (якія нават бралі на выставы), пісаў яго пасьля турмы -  «Граф Монтэ-Крыста»-б выйшаў. Сапраўдны турэмны дзёньнік – гэна твор, напісаны менавіта ў турэмнай каморы, таму ён вельмі сьціслы.

 

Вы атрымлівалі мастацкую адукацыю, вашы малюнкі атрымалі прызнаньне, выстаўляліся?

 

Я атрымліваў гістарычную, журналісцкую, праваабарончую адукацыі. На мастака не вучыўся, але мае малюнкі бралі на выставы яшчэ са школы, таксама маляваў ў школьных газэтах.

 

Вы напэўна, са школы былі камсамольскім актывістам?

 

Прафзьвязовым. У камсамол я ўступаць катэгарычна адмовіўся. Потым я маляваў для сябе, для газэтаў, дасылаў на «Свабоду» лісты, здымкі і малюнкі. Атрымліваў прызы і прымусіў, нарэшце, «Свабоду» наняць на працу мастака-карыкатурыстага. Мае малюнкі перамагалі ў шэрагу конкурсоў, напрыклад, кампаніі «Сыходзь!», у конкурсе ў межах прэміі імя Васіля Быкава (Быкаў таксама маляваў, дарэчы), пабывалі на васьмі выставах, у тым ліку, асабістых, двойчы ў Менску, Брусэлі, Малыне, Празе. Кіеве, Варшаве, Тбілісі. Сотні малюнкоў публіваваліся ў інтэрнэце, ладзіліся віртуальныя выставы. Турэмныя дзёньнікі з малюнкамі, напісаныя мовай Аляхновіча, якія я дасылаў на «Свабоду», натхнілі рэдакцыю заснаваць прэмію ў ягоны – і мой – гонар (Аляхновіч таксама крыху маляваў і напісаў адзін самых вядомых турэмных дзёньнікаў).

 

Але зараз вашы малюнкі неактуальныя, у інтэрнэце хапае фотарэпартажаў з турам.

 

Давайце-такі танчыць ад печкі. Менавіта пасьля публікацыяў у 2010-2012 маіх турэмных дзёньнікоў з малюнкамі і прафэсыйнымі апісаньнямі ўмоваў утрыманьня ў розных турмах, дзясяткоў скаргаў у надзорныя інстанцыі, у жодзінскую Т-8, у «Акрэсьціна», іншыя турмы паехалі, нарэшце, шматлікія дзяржаўныя камісіі, каб абвергнуць тыя факты, якія я апісваў. Пачалі ладзіцца цэлыя «эшэлоны» для СМІ, якія наперабой распавядалі, як добра насамрэч жывецца беларускім вязьням. Не будзь маіх дзёньнікоў, і дасюль-бы ні было ніводнай фоткі ў БелаПАНу ці ТУТБАЙ. Нарэшце зачынілі на рэмонт «акрэсьцінскую» катавальню. А «турэмныя экскурсыі» для школьнікоў, навучэнцоў і студэнтоў ладзяцца і па сёньня.

Фотарэпортажы карэспандэнтоў усё-ж-такі не турэмныя рэпартажы, тым больш, ня пэйнт. Розьніцаяк два берагі. І мае турэмныя дзёньнікі актуальнымі будуць заўжды, прычым яны выклікаюць нават прафэсыйную цікавасьць надзорных ворганоў і калегаў-праваабаронцоў. Хронікі заўжды больш цікавыя і актуальныя, як калятурэмная літаратура, часта высмактаная з пальца. Тым больш, што такога «Акрэсьціна», як я апісваў, больш ніхто пасьля рэмонту не пабачыць. Гэна сваеасаблівы літаратурна-праваабарончы помнік.

 

І апошняе пытанне: чаму назва кніжкі менавіта «Як гартавалась сталь: перазагрузка»? Вы гартаваліся турмой?

 

Мяне гартавалі ў 90-я. Было ўсяго: дзясяткі затрыманьняў, штрафоў, арыштоў, былі зьбіцьці й катаваньні. Вешалі на кайданкох, круцілі дротам «ластаўку», душылі брудным матрацам. Цяпер энкавэдэшнікі-кагэбістыя загартоўваюць моладзь, якая таксама ёсьць гэроем кніжкі. Вось загартуюць напоўную, і моладзь пераможа савецка-расейскіх тэрмінатароў. І стары кіборг Навіцкі спатрэбіцца яшчэ ня раз.

 

Інтэрв'ю падрыхтавала Марыля Міхальчык


Дата стварэння навіны 19.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку