АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Герой года — беларуская мова

Герой года — беларуская мова
19.12.2017
Асабістае меркаванне Віктара Марціновіча. Герояў не можа быць многа на гранітным пастаменце пераможцы.

 Называць кіраўніка Нацыянальнага банка Паўла Калаўра «чалавекам 2017 года» за тое, што ён вярнуў давер да беларускага рубля, — тое самае, што ўзнагароджваць галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сягоння» Паўла Якубовіча за захаванне Курапат. Унёсак у абодвух выпадках праглядаецца, але ні першы, ні другі — не галоўныя. У першым выпадку Кабякоў, Мацюшэўскі, Снапкоў ці нават Лукашэнка выглядалі б больш натуральна. Самай сумленнай была б узнагарода ўсіх, хто рашэнне рыхтаваў, прымаў і нёс адказнасць, друкае budzma.by

Але герой — гэта не толькі перамога, але і самота. Герояў не можа быць многа на гранітным пастаменце пераможцы.

 І калі вылучаць толькі аднаго трыумфатара, перавага якога была б неаспрэчнай, трывалай і не пакідала б пачуцця горычы, я б рызыкнуў назваць такім суб’ектам беларускую мову. Якая наблізілася ўшчыльную да мяжы, за якой стаіць поўны легалайз.

  

Прыкметаў гэтага да халеры, і нядаўняя прапанова Ігара Марзалюка выкладаць па-беларуску гуманітарныя дысцыпліны — толькі адна з іх. Не так даўно я натрапіў на смешную перадачу на дзяржаўным тэлеканале, дзе вядучыя, з цяжкасцю змагаючыся з беларускімі націскамі, прапанавалі гледачам патлумачыць сэнс беларускіх прыказак, такіх як «не ўсё кату масленіца» і «без труда не выцягнеш і рыбку з пруда».

 

Калі ў мінулым годзе мы радаваліся, пабачыўшы рэдкую беларускамоўную рэкламу Samsung ці сіцілайт «Маё першае слова — «каханне», то цяпер родная гаворка сталася камунікатыўным мэйнстрымам, кшталту чорна-белай моды ў партрэтным фота сярэдзіны нулявых. Зазірніце, калі ласка, на сайт БРСМ, і паглядзіце там стужку навінаў. Я не рабіў кантэнт-аналізу, але рускую мову тут хутка давядзецца вышукваць. Мова вяртаецца ў парламент.

 

Вяртанне мовы — рэч нашмат больш фундаментальная, чым мінулагодняя легалізацыя вышыванкі.

 

Вышыванка — толькі фрагмент глыбы, якая завецца Беларуссю. Сімвалізуючы ў першую чаргу [вельмі важную для нас] сялянскую культуру, яна не з’ядноўвае так, як гэта робіць мова. Мова — і для сялян, і для магнатаў, якія некалі сялян прыгняталі, і для горада, і для вёскі. Да таго ж вышыванку можна вярнуць, а потым забраць, і ніхто асабліва змены сімволікі дзяржаўных святаў не заўважыць. А вось аднойчы даўшы мову, з ратоў і галоваў яе хутка не выскубеш. Мова адраджаецца павольней, але і затрымліваецца ўчэпіста, бы дзядоўнікавы бадзякі.

 

Зразумела, што беларусізацыя Беларусі — вынік працы канкрэтных людзей: тых, хто арганізоўваў моўныя курсы, падвышаў цікаўнасць да роднай літаратуры, вырабляў мабільныя праграмы і зазываў на кінапаказы. І я ўжо чую параўнанне гэтага (якога па ліку!) няпэўнага адраджэння мовы са стабілізацыяй беларускага рубля. Маўляў, проста кан’юнктура склалася так, што «вярхам» мова спатрэбілася, каб адасобіцца ад рускага царства. Але ў гэтым сутнасць любой палітыкі: ёсць энтузіясты, якія робяць тое, у што вераць, не азіраючыся на перспектывы; ёсць political entrepreneurs, якія рыхтуюць рашэнні, ёсць, нарэшце, акно магчымасцяў, якое заўсёды адкрываецца на непрацяглы час. І калі няма тых, хто ладзіў моўныя курсы, вырабляў мабільныя праграмы, выдаваў кнігі і зазываў на кінапаказы, палітычная плынь ідзе ў іншым кірунку. І замест абмеркавання гуманітарных курсаў ва ўніверсітэтах па-беларуску размаўлялі б мы пра шляхі выхавання рускамоўных студэнтаў, якія былі б патрыётамі нашага краю.

 

І так, усё напісанае вышэй не скасоўвае тэзаў, выкладзеных у маім нядаўнім артыкуле пра мадэрнізацыю беларускай нацыянальнай ідэі. Бо поруч з моўным легалайзам крочаць праблемы, якія пакуль незразумела як вырашыць.

 

Так, з мовай болей не змагаюцца, яе хочуць вярнуць ва ўніверсітэты, у тэлевізар і парламент, але абсалютная большасць беларусаў застаецца рускадумнай. Афіцыянт у кавярні можа прыгожа і без акцэнту павітацца з вамі, але калі вы запытаецеся, з якіх кампанентаў складаецца крамбамбуля ён, спатыкнецца аб «мажывельнік», і калі ў ягоным Андроідзе не ўсталяваны «Скарнік», пра «ядловец» не ўспомніць.

 

Палову стагоддзя таму задача была б значна прасцейшай: трэба было, каб большасць, здольная паразумецца па-беларуску, прывучыла да роднай гаворкі меншасць — тых, хто не паходзіў з вёскі, тых, хто пераехаў з іншых саюзных рэспублік, і да т. п.

 

Цяпер задача адваротная: меншасць мусіць засяліць, засвоіць сваім маўленнем велізарны стылы абшар большасці. Меншасць мусіць уцягнуць за сабой слухачоў «Рускага радыё», гледачоў ТНТ і камедый «Ёлкі».

 

Зразумела, што з двухмоўнымі (ці толькі беларускімі) законамі, беларускім выкладаннем ва ўніверсітэтах вяртанне беларускай пойдзе хутчэй. Але мова, як было адзначана вышэй, не толькі трымаецца ўчэпіста, бы дзядоўнікавы бадзякі, яна яшчэ і адраджаецца павольна, з хуткасцю сталення генерацыі, пры якой яе дапусцілі ў ВНУ. І як я ўжо падкрэсліваў, працэс гэты зойме дзесяцігоддзі, і да яго заканчэння наша краіна будзе вымушана рускамоўнай.

 

Каб не змарнаваць першыя поспехі беларусізацыі Беларусі, дзяржава мусіць умацаваць тыя парасткі самавітай культурнай палітыкі, якія пачалі праглядацца ў 2017-м. Бо мала блакаваць непрыязную для беларусаў прапаганду. Прыбралі з тэлевізара — гледачы, якія не могуць не пырыцца ў якую-небудзь скрыню, пойдуць глядзець «правду про Белоруссию» на Юцьюбе.

 

Трэба ствараць свой экранны кантэнт, якаснае кіно на беларускай, таленавітыя серыялы, сінопсісы якіх не скапіяваныя з The Big Bang Theory. Трэба заахвочваць выдаўцоў ільготамі на беларускае кнігавыданне, трэба працягваць рабіць бачнымі тых герояў з чорных спісаў, якіх праз дурныя перасцярогі ўжо звольненага чынавенства прыбралі са сцэны, з эфіру, з белага свету.

 

Спадзяюся, мой тэкст па культурных выніках 2018 года не будзе пачынацца словамі «на жаль».


Дата стварэння навіны 19.12.2017

Возврат к списку